Свабода паведамляла, як у перадапошні дзень восеньскай сэсіі Палата прадстаўнікоў прыняла шэраг паправак да Крымінальнага кодэксу, выключыўшы, аднак, зь іх 328-ы «наркатычны» артыкул. Ці законна гэта, мы спыталіся ў судзьдзі першага складу Канстытуцыйнага суду і ў старшыні цяперашняй парлямэнцкай камісіі па заканадаўстве.
Судзьдзя першага складу Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў выказаў Свабодзе думку, што дэпутаты «парушылі асноўныя прынцыпы нарматворчага працэсу».
«Гэтыя прынцыпы вызначаюцца ў законе „Аб нарматыўна-прававых актах Рэспублікі Беларусь“ ад 10 студзеня 2000 году з наступнымі папраўкамі. А там вызначаныя стадыі працэсу. І калі нешта абмеркавалі ў першым чытаньні (а менавіта так адбылося з 328 артыкулам), то дэпутаты абавязаныя працягнуць працэс і разглядаць гэта ў другім і апошнім чытаньні», — лічыць прафэсар Пастухоў.
Ён кажа, што фармальная падстава для вычляненьня артыкула з другога чытаньня — адсутнасьць узгадненьня законапраекту ўсімі зацікаўленымі.
«Калі б гэта здарылася пры абмеркаваньні дакумэнту ў першым чытаньні, то тут, з майго пункту гледжаньня, парушэньняў не было б. Але ж гэта другое чытаньне, дакумэнт ужо даўно ў Палаце прадстаўнікоў. Таму я лічу, што гэтая падстава штучная і надуманая. Мне падаецца, што дэпутаты тут злоўжылі сваім становішчам», — падсумоўвае сытуацыю прафэсар-юрыст.
Ён кажа, што дэпутаты парушылі правы і тых, хто цяпер у турме паводле 328 артыкула, бо магчымая папраўка павінна была б распаўсюджвацца і на іх. А таксама правы тых, каго яшчэ будуць судзіць па «наркатычным» артыкуле.
Старшыня парлямэнцкай камісіі: такія выпадкі бываюць скрозь
Патлумачыць сваё бачаньне сытуацыі мы папрасілі і старшыню камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Натальлю Гуйвік.
Яна кажа, што працуе ў Палаце прадстаўнікоў ужо сёмы год, і выпадкі, падобныя да таго, што цяпер з 328 артыкулам, здараліся «скрозь».
«Вось апошні прыклад. Артыкул 243 Крымінальнага кодэксу пра нясплату падаткаў ад самага пачатку вяла наша камісія. Гэты артыкул тармазіў прыняцьце ўсяго законапраекту. Мы яго „вычленілі“ і перанесьлі. І ніякага парушэньня тут няма», — кажа Гуйвік.
Старшыня камісіі згадвае і сытуацыю з «наркатычным» артыкулам.
«Прымаліся папраўкі да Крымінальнага кодэксу. Яны вельмі актуальныя, бо тычыліся лібэралізацыі, дэкрыміналізацыі ажно 15 складаў злачынстваў у эканамічнай сфэры. І таму нельга было толькі з-за 328 артыкула тармазіць вельмі добры ў цэлым законапраект», — кажа Натальля Гуйвік.
Яна дадае, што ня бачыць ніякай прынцыповай розьніцы, калі адбываюцца пераносы і выключэньні з законапраекту — падчас першага ці другога чытаньня.
«Тое, што 328 артыкул разгледзелі ў першым чытаньні, гэта якраз добра. Бо калі б не было першага чытаньня, то сытуацыя магла б стаць яшчэ больш складанай. Зьмены да Крымінальнага кодэксу ў парлямэнт уносіў як суб’ект заканадаўчай ініцыятывы Саўмін. А цяпер уявіце, што першага чытаньня не было. Тады ўрад мог бы артыкул 328 проста адклікаць. А цяпер ва ўраду такога права ўжо няма — норма прынятая ў першым чытаньні», — канстатуе старшыня камісіі.
Яна мяркуе, што 328 артыкул будзе прыняты, але «ў іншым законапраекце».
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.