Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акаўнты расейскай «фабрыкі троляў» усё яшчэ актыўныя. Інтэрвію з дасьледчыкам Оксфардзкага ўнівэрсытэту


Бізнэс-цэнтар «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» у Санкт-Пецярбургу, вядомы як «фабрыка троляў»
Бізнэс-цэнтар «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» у Санкт-Пецярбургу, вядомы як «фабрыка троляў»

Оксфардзкі ўнівэрсытэт і аналітычная кампанія Graphika прадставілі досьлед актыўнасьці ў сацыяльных сетках ЗША расейскіх інтэрнэт-троляў з «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў». Гэтая структура, вядомая як «фабрыка троляў», як лічаць, зьвязаная з расейскім бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным.

Адзін з аўтараў дакладу, дасьледчык Оксфардзкага ўнівэрсытэту Барат Ганеш, расказаў у інтэрвію нашаму радыё, якія мэханізмы выкарыстала «фабрыка троляў», чаму рэклямныя кампаніі не патрабавалі вялікіх укладаньняў і ў чым заключаліся асноўныя памылкі уладальнікаў сацыяльных сетак.

— Вы, напэўна, ужо бачылі рэакцыю Расеі. Прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў назваў высновы вашага дакладу, падрыхтаванага для камітэту Сэнату ЗША, беспадстаўнымі. Не маглі б вы яшчэ раз растлумачыць, на якой падставе вывучаныя вамі пасты зьвязваюць з расейскім «Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў»?

— Зьвесткі аб акаўнтах, чые пасты мы вывучалі, падалі такія кампаніі, як Facebook, Twitter і Google [кампаніі далі гэтыя зьвесткі камітэту па выведцы Сэнату ЗША, які і замовіў аналіз зьвестак некалькім прыватным кампаніям і дасьледчыкам вядучых унівэрсытэтаў у траўні сёлета — РС]. Менавіта яны і ўстанавілі, што гэтыя акаўнты адносяцца да «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў». Так што мы ўпэўненыя ў тым, што гэтымі акаўнтамі кіравалі з Расеі, на падставе атрыманых зьвестак — за гэтым дакладна стаяла «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў». Нашы высновы — дакладна небеспадстаўныя.

— З вашай справаздачы можна зрабіць выснову, што арганічныя пасты былі значна папулярнейшыя за тыя, якія прасоўваліся платна, і набіралі мільёны праглядаў, лайкаў і камэнтараў. З чым, на ваш погляд, гэта зьвязана?

— Мы можам сказаць, што гэта была стратэгія — акаўнты, зьвязаныя з «Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў», пэрыядычна выкарыстоўвалі рэкляму для павелічэньня праглядаў падчас онлайн-кампаній. Яны запусьцілі некалькі такіх кампаній, напрыклад, Being Patriotic («Быць патрыётам»), Blactivists («Чорнаактывісты») або Stop All Invaders («Спыніце усіх захопнікаў»). Ва ўсіх былі розныя аўдыторыі, гэта значыць, яны былі накіраваны на ўсе сэгмэнты амэрыканскага грамадзтва. Кожная з гэтых кампаній плаціла за пэўны набор рэклямы на Фэйсбуку. Плятформа дазваляе вам апублікаваць пост і потым купіць для яго рэкляму, яна павышае яго бачнасьць і разьмяшчае ў стужках карыстальнікаў. Такія пасты прыцягвалі карыстальнікаў на старонкі, створаныя «Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў» у Фэйсбуку і Інстаграме.

Пасьля таго на гэтых старонках пачыналі публікаваць шмат арыгінальнага кантэнту, які ў сваім дакладзе мы называем арганічнымі пастамі. І такія пасты ўжо не рэклямаваліся — на павелічэньне іх ахопу не марнаваліся грошы. На наш погляд, існуюць дзьве прычыны такой папулярнасьці гэтых арганічных пастоў. Першапачаткова рэкляма дапамагла гэтым старонкам набраць аўдыторыю: усё больш і больш людзей даведваліся пра іх існаваньне.

Ва ўсіх пастах і на ўсіх плятформах «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» выкарыстоўвала вельмі эмацыйныя тэксты, накіраваныя на абвастрэньне ідэйных рознагалосьсяў у грамадзтве. І аказалася, што ў сацыяльных сетках такая мова карыстаецца папулярнасьцю. Чым больш эмацыйны ваш тэкст, тым больш лайкаў і шэраў вы атрымаеце. Мы бачылі гэта і ў іншых сытуацыях, і зусім дакладна ў гэтым выпадку.

Так што, думаю, гэта камбінацыя двух фактараў: рэкляма ў пачатку для прыцягненьня аўдыторыі і выкарыстаньне пэўнага стылю ў тэкстах, які імітаваў аргумэнты і спрэчкі, што сапраўды існавалі у сэгмэнтах амэрыканскага грамадзтва, на якія былі нацэленыя такія пасты. Яны выкарыстоўвалі максымальна эмацыйную мову, што, на мой погляд, значна паўплывала на ўцягваньне аўдыторыі.

— Суд у штаце Вашынгтон абавязаў Google і Facebook выплаціць 455 тысяч даляраў за парушэньне закону аб празрыстасьці палітычнай рэклямы — кампаніі не захавалі на сваіх сайтах запісаў аб замоўніках палітычнай рэклямы. Пры гэтым кампаніі не прызналі парушэньня закону. Як вы ацэньваеце рэакцыю тэхналягічных кампаній на тую маштабную кампанію, якую праводзіла «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў»?

— Калі мы гаворым пра рэакцыю такіх кампаній, як Google, Facebook і Twitter, варта падумаць пра дзьве рэчы. Па-першае, у такой рэклямы, накіраванай на амэрыканскае грамадзтва, былі відавочна палітычныя матывы. Пры гэтым, як мы ведаем, амаль уся рэкляма закуплялася за расейскія рублі. Гэта было першым чырвоным сьцяжком — рэкляма, закупленая за замежную валюту і нацэленая на тое, каб паўплываць на грамадзкае меркаваньне ў ЗША. Гэта павінна было ўстрывожыць Facebook нашмат раней. Я разумею тое, што Facebook і Instagram маюць тысячы розных рэклямадаўцаў, але гэта не было для іх чымсьці неверагодным — надаваць крыху больш увагі таму, што людзі з адной краіны закупляюць рэкляму для ўплыву на аўдыторыю ў іншай краіне.

Так што адно з галоўных пытаньняў: ці былі тэхналягічныя кампаніі дастаткова актыўныя? Іншае пытаньне ў тым, што многія пасты — і арганічныя, і рэклямныя, — выкарыстоўвалі мову, накіраваную на распальваньне рознагалосьсяў у грамадзтве, асабліва калі такія пасты былі адрасаваныя амэрыканскім карыстальнікам з кансэрватыўнымі і правымі поглядамі. Такая рыторыка была накіраваная на палярызацыю грамадзтва і нават распальваньне нянавісьці.

Напрыклад, у адной з кампаній — Stop All Invaders («Спыніце усіх захопнікаў») — імігрантаў называлі «паразытамі». І мы ведаем, што гэтае слова азначала ў гісторыі расізму і антысэмітызму на працягу ХХ стагодзьдзя. Тое, што такія словы і фразы выкарыстоўваліся ў рэкляме і пастах, павінна было таксама стаць чырвоным сьцяжком. На мой погляд, Facebook надаваў гэтаму недастаткова ўвагі, гэта значыць, таму, як выкарыстоўваліся такія пасты, і ці варта браць грошы за рэкляму такіх сьцьвярджэньняў. Тое самае адносіцца і да арганічных пастоў.

Цяпер пра тое, што тэхналягічныя кампаніі могуць рабіць для рэгуляваньня такога кантэнту. Гэта складанае пытаньне, бо яно закранае свабоду слова ў ЗША, Эўропе і іншых краінах. Як мы ведаем, ня ўсе краіны маюць такія самыя стандарты ў дачыненьні да свабоды слова, як ЗША. Большасьць дасьледчыкаў сыходзіцца ў меркаваньні, што тэхналягічныя кампаніі прытрымліваюцца першай папраўкі ў сваіх разважаньнях аб тым, ці варта дазваляць якія-небудзь выказваньні на сваіх плятформах. Думаю, што ў дачыненьні да гэтага варта зрабіць наступнае: тэхналягічныя кампаніі, урады і грамадзтвы павінны больш уважліва паглядзець на тое, якія тэксты могуць быць выкарыстаныя ў сацыяльных сетках, і больш крытычна думаць пра тое, ці варта рэклямаваць падобныя пасты.

— У вашым дакладзе гаворыцца, што акаўнты «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» актыўна выкарыстоўваліся і пасьля іх выкрыцьця. Такім чынам, у 2017 колькасьць арганічных пастоў з такіх акаўнтаў у Фэйсбуку і Інстаграме вырасла прыкладна ўдвая ў параўнаньні з 2016 годам. А што адбываецца з гэтымі акаўнтамі цяпер?

— Ці актыўныя яны цяпер? Ня думаю, што тыя самыя акаўнты працягваюць выкарыстоўваць. Думаю, яны мігруюць на іншыя онлайн-плятформы. Напрыклад, мы бачылі такое з ультраправымі (гэта не адносіцца наўпрост да «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў», але дэманструе трэнд): калі ў сьнежні 2017 Twitter заблякаваў шмат акаўнтаў, зьвязаных з рухам Аlt-right (альтэрнатыўныя правыя), многія з гэтых карыстальнікаў сталі выкарыстоўваць іншыя плятформы, напрыклад, gab — сацсетку, якая сама называе сябе онлайн-домам свабоды слова. Але мы таксама бачылі, што заблякаваныя карыстальнікі вярталіся ў Twitter, ствараючы іншыя акаўнты і спрабуючы вярнуць сваіх чытачоў.

Як мы бачылі, «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» вельмі эфэктыўна імітуе тактыкі рэальных актывістаў, як у ЗША, так і ў Эўропе. Мы бачым, што яны досыць добра ўбудоўваюцца ва ўжо існуючыя сацыяльныя сеткі і прыкідваюцца, быццам яны не замежныя агенты, а на самай справе прадстаўнікі таго грамадзтва, на якое яны спрабуюць паўплываць. Так што, думаю, мы ўбачым, як «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» ці падобныя арганізацыі, якія зьвязаныя з Расеяй ці зь іншымі краінамі і якія спрабуюць паўплываць на дэмакратычныя сыстэмы ў іншых дзяржавах, будуць усё больш эфэктыўна ўкараняцца ў сацыяльныя сеткі і імітаваць паводзіны і рыторыку актывістаў.

Думаю, так — акаўнты «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» усё яшчэ актыўныя. Але, думаю таксама, цяпер яны будуць дзейнічаць так, каб плятформам было складаней іх выкрыць. Тое, што кожны з нас можа зрабіць — хай гэта будзе грамадзянская супольнасьць, урад ці прыватны сэктар, — гэта быць больш асьцярожнымі і больш пільнымі.

— Як вы думаеце, якую плятформу «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» можа выкарыстоўваць у будучыні?

— Тут ёсьць два аспэкты. Па-першае, для таго, каб уплываць на дамінуючыя ў грамадзтве дыскусіі, важна мець доступ да вялікай аўдыторыі. Так што да таго часу, пакуль у Facebook, Twitter і Instagram ёсьць вялікая база карыстальнікаў, яны будуць заставацца прыярытэтнымі плятформамі для такіх групаў, як «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў». Ня думаю, што яны перанясуць сваю дзейнасьць на менш папулярныя плятформы. Але мы ўжо бачылі, што яны выкарыстоўвалі Reddit, плятформу для блогаў Medium, Tumblr і іншыя менш вядомыя сайты. Ёсьць доказы таго, што некаторыя акаўнты троляў пераехалі на вышэйзгаданую плятформу gab — онлайн-дом ненавісьніцкіх выказваньняў, які, вядома, пазыцыянуе сябе як онлайн-дом свабоды слова. Мы бачылі, што тролі выкарыстоўвалі і іншыя плятформы — напрыклад, «ВКонтакте». Так што, думаючы пра будучыню, нам варта сачыць не за канкрэтнай плятформай — думаю, Facebook, Twitter і Instagram застануцца па-ранейшаму важныя, гэтак жа, як і YouTube.

Як вучаць адрозьніваць фэйкавыя навіны. ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:00 0:00

— У дакладзе вы адзначалі, што працаваць са зьвесткамі аб актыўнасьці «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» на Ютубе было складаней. Патлумачце, калі ласка, чаму: з прычыны дзеяньняў кампаніі, якая надала ня ўсе зьвесткі, ці праз асаблівасьці плятформы?

— У зьвестках, пададзеных Google, які валодае YouTube, не хапала кантэксту. Нам не хапала мэтададзеных для дакладнага аналізу. Напрыклад, мы ня ведалі, з якога каналу было тое ці іншае відэа, як шмат у яго было праглядаў і камэнтараў, як шмат лайкаў або дызлайкаў яно атрымала, якімі маглі быць камэнтары да яго і гэтак далей. Праз адсутнасьць такіх зьвестак было складана ўстанавіць, як менавіта выкарыстоўваліся відэа. Каб аднавіць кантэкст, мы з калегамі з Graphika сталі шукаць згадкі Ютубу на іншых плятформах, дзе дзейнічалі фэйкавыя акаўнты.

Але тут важна памятаць пра тое, што «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» ня проста загружала на Ютуб створаныя імі відэа. Яны таксама давалі спасылкі на тыя відэа, якія загружалі рэальныя амэрыканцы. Такім чынам яны эксплюатавалі ўжо існуючы кантэнт і дыскусіі вакол яго. Але, на жаль, мы атрымалі вельмі мала інфармацыі аб відэа, выкарыстаных «Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў», так што вельмі складана даваць ім канкрэтныя ацэнкі.

— У Расеі на базе «фабрыкі троляў», як называюць «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў», вырасла «фабрыка мэдыяў». Як вы лічыце, ці можа такое паўтарыцца ў ЗША?

— Цікава, што для многіх кампаній «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» у амэрыканскім сэгмэнце Фэйсбуку, напрыклад, Black Matters, ствараліся ня проста акаўнты ў Твітэры і Інстаграме, але і сайты. Адзін зь іх называўся blackmatters.us. Пасты «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» спрабавалі перавесьці карыстальнікаў на такія сайты, дзе публікаваліся прадузятыя навіны і дэзінфармацыя. Так што ў ЗША яны ўжо выкарыстоўваюць тую самую тактыку, што і ў Расеі, і спрабуюць прыцягваць карыстальнікаў на сайты фэйкавых СМІ. Думаю, гэта працягнецца і далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG