Расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў 13 сьнежня агучыў два сцэнары інтэграцыі, якія Расея прапануе Беларусі. Згадваліся агульныя валюта, суд і мытня. Шэраг беларускіх палітыкаў і экспэртаў мяркуюць, што гэта не прапанова, а ўльтыматум.
Абмен інфармацыйнымі ўдарамі ці патрэба ў новым «крымнашы»?
Паводле палітоляга Юрыя Чавусава, цяперашнія заявы пра інтэграцыю з боку Расеі зьвязаныя з эканамічнымі перамовамі.
«Падобныя заявы сьведчаць, што перамовы пра нафту і газ ідуць цяжка, таму Расея і Беларусь вярнуліся да абмену інфармацыйнымі ўдарамі, — мяркуе Чавусаў. — Думаю, што гэты абмен у мэдыйным полі працягнецца. Сур'ёзным крокам з боку Беларусі было б скасаваньне саюзнай дамовы і выхад з усіх інтэграцыйных працэсаў».
Кіраўнік Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі кажа, што справа не ў эканоміцы, а ў геапалітыцы.
«Гаворка ідзе пра тое, каб прадэманстраваць новы геапалітычны посьпех, такім посьпехам можа быць саюзная дзяржава, — кажа Сівіцкі. — Бо цяпер рэйтынг Уладзіміра Пуціна падае. Тое, што цяпер абгаворваюць экспэрты ў Крамлі, гэта стварэньне такой саюзнай дзяржавы на ўмовах 1999 году з цэнтрам у Маскве. І тое, што кажуць Пуцін і Мядзьведзеў, упісваецца ў гэтую лінію».
Паводле Сівіцкага, такімі крокамі Расея імкнецца падарваць сувэрэнітэт Беларусі і зьмяніць яе статус як «донара рэгіянальнай бясьпекі» на свой ваенна-палітычны фарпост, каб далей ствараць напружанасьць у дачыненьнях з суседнімі краінамі.
«Лукашэнку турбуе захаваньне асабістай улады, менш хвалюе Беларусь», — Кастусёў
Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў Свабодзе, што словы Мядзьведзева — «прамы ўльтыматум». У гэтым, кажа ён, можна ўгледзець і карысьць — магчыма, беларускія ўлады нарэшце зразумеюць памкненьні Расеі. Але «ёсьць пагроза, што кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі Лукашэнку зламае».
«Расейскім уладам неабходны чарговы посьпех у вачах сваіх грамадзянаў. Адным з такіх посьпехаў быў Крым, зараз такім посьпехам можа стаць Беларусь», — разважае Кастусёў.
Ён прыгадвае, што ў 1990-я гады менавіта беларускія ўлады ініцыявалі стварэньне так званай Саюзнай дзяржавы. Але Кастусёў кажа, тады мэты былі адны — «Лукашэнку і ягонай камандзе перабрацца ў Крэмль, узначаліць і Расею, і Беларусь». Ды пазьней сытуацыя зьмянілася, прэзыдэнтам Расеі стаў Уладзімір Пуцін, і цяпер «Аляксандар Лукашэнка імкнецца ўсімі сіламі адбіцца ад прапановаў глыбейшай інтэграцыі», бо «хоча застацца ва ўладзе ў Беларусі», а «Крамля яму не відаць».
«Але праз, мякка кажучы, непасьпяховае кіраваньне краінай эканоміка Беларусі даведзеная да жабрацкага стану, — дадае Кастусёў. — Калі Лукашэнку ня ўдасца атрымаць чарговыя крэдыты, эканоміку чакае сур’ёзны каляпс.
Вядома, яму хацелася б застацца на першых ролях у Беларусі. Але без крэдытаў нэгатыўныя працэсы будуць працягвацца. Таму дзеля захаваньня асабістай улады — ці ў якасьці прэзыдэнта, ці ў якасьці намесьніка ад Расейскай Фэдэрацыі — Лукашэнка можа пайсьці на саступкі Расеі, пагадзіцца на ўвядзеньне і адзінай валюты, і на іншыя працэсы, прадугледжаныя дамовай аб Саюзнай дзяржаве, што прывядзе да поўнага далучэньня Беларусі да Расеі».
Кастусёў мяркуе, што Расея бачыць саюз зь Беларусьсю зусім не такім, якім цяпер ёсьць Эўразьвяз (а шэраг краінаў Эўропы пагадзіліся на адзіную валюту, аддаў частку сувэрэнітэту ў мытных і судовых справах). Кожная краіна Эўразьвязу, кажа Кастусёў, застаецца незалежнай, са сваімі войскам, культурай, мовай і іншымі атрыбутамі незалежнасьці. Расея ж прадугледжвае, кажа ён, усё тое ж «далучэньне шасьцю абласьцямі», якое некалі прапаноўваў Пуцін, толькі ў іншых фармулёўках.
«Працэс робіцца незваротным», — Статкевіч
Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу і старшыня БСДП «Народная грамада» Мікола Статкевіч бачыць заявы Мядзьведзева пачаткам новага этапу ціску на беларускія ўлады. Мэта гэтага ціску, кажа ён, «выціснуць жаданае з 1999 году».
«Пакуль яшчэ Расея мае моц, яна хоча атрымаць жаданае, а яна цяпер на піку моцы за апошнія гады, пасьля будзе спад, — мяркуе Статкевіч. — Пуцін зноў вяртаецца да тэмы працягу сваіх паўнамоцтваў праз саюзную дзяржаву».
Паводле яго, у 2008 годзе Пуцін пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў вёў перамовы з Лукашэнкам, каб увесьці пасаду прэзыдэнта саюзнай дзяржавы, Лукашэнка тады меркаваў, што Пуцін сыходзіць назаўсёды, таму адмовіў у зьневажальнай форме, казаў: «Што ты тут мітусісься, будзь мужчынам, сказаў „сыходжу“, дык сыходзь», кажа Статкевіч.
Цяпер Пуцін мае шмат часу да 2024 году, каб «даціснуць» беларускія ўлады і стаць прэзыдэнтам аб’яднанай дзяржавы, мяркуе Статкевіч: «працэс робіцца незваротным»; калі беларускую незалежнасьць не адбяруць за паўгода, будуць ціснуць далей.
Лукашэнка можа гандлявацца, публічна абурацца, «круціцца, упарціцца, крычаць „як жа так, у акопах разам гнілі, вы ж нашы браты“», але адзінае выйсьце — рэформы, палітычная і эканамічная свабода, дыялёг з грамадзтвам, і Лукашэнка на гэта ня пойдзе, прагназуе Статкевіч.
«Можна пазлараднічаць, што выбітны палітык Лукашэнка сам залез у гэтае месца, але ж гэта нашая краіна разам зь ім у гэтае месца зацягваецца, — кажа ён. — І патрыятычным сілам давядзецца моцна думаць, як гэтага пазьбегнуць. Адзінае, што мы можам зрабіць — узяць нашае лідэрства, лідэрства пратэставай бальшыні, скіраваньне яе на абарону незалежнасьці».
Беларусі не падыходзяць абодва варыянты саюзу, які прапаноўвае Расея: ні «поўны», ні «кансэрватыўны». Так на заяву Дзьмітрыя Мядзьведзева адрэагаваў адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.
«Ураду Беларусі прыйшоў час выбраць трэці шлях. Адмовіцца ад савецкіх мітаў. Зрабіць упор не на пошуку нафты і газу ў Расеі, а на разьвіцьці ўласнай эканомікі, каб быць здольнымі, як і ўсе іншыя дзяржавы, абыходзіцца безь яе бонусаў, якіх яна дасьць на рубель, а ў адказ возьме на пяць, і яшчэ будзем вінаватыя», — напісаў Андрэй Дзьмітрыеў у сваім фэйсбуку.