Госьця «Інтэрвію тыдня» — экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна. Яна разважае пра карані «справы БелТА», бяспраўнасьць журналістаў-фрылансэраў, зьмены ў закон «Аб СМІ», «мэдыяфрэнію» расейскай прапаганды.
«Улады занепакоіліся папулярнасьцю незалежных сайтаў»
— Жанна, зыходзячы са свайго досьведу, ці можаце вы спрагназаваць, чым скончыцца «справа БелТА» для галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай, якой выставілі крымінальнае абвінавачаньне? Супраць іншых журналістаў-фігурантаў справа закрытая, яны пакрылі БелТА страты і штрафы. Адкуль наагул узялася гэтая справа — цяпер, безь відавочных прычын і падстаў?
— Справа палітычная, таму цяжка прагназаваць. Ёсьць заканадаўства, нормы, а яшчэ ёсьць правапрымяняльная практыка. Хай мне даруе судовая сыстэма, але рашэньне будзе прымацца ў залежнасьці ад загаду.
А сумы, якія спагналі з журналістаў, проста шалёныя. Адна толькі галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына вымушана была сплаціць 12 тысяч рублёў кампэнсацыі БелТА і больш за 700 рублёў штрафу.
Пажартую: беларускія спэцслужбы, якія задзейнічалі такі вялікі рэсурс пры выкананьні гэтай спэцапэрацыі, маглі б запатрабаваць ад БелТА кампэнсацыі тых выдаткаў, якія яны панесьлі падчас затрыманьняў, арыштаў.
Такія хвалі ціску, перасьледу звычайна былі зьвязаныя або з выбарчымі кампаніямі, або з форс-мажорнымі сытуацыямі ўнутры краіны (усплёск эканамічных, сацыяльных праблемаў). А тут тлумачыць вельмі складана.
Чаму так жорстка затрымлівалі журналістаў, з выкарыстаньнем поўнага арсэналу — маскі-шоў, арышты, допыты, быццам бы ідзе захоп тэрарыстаў ці барацьба з наркатрафікам? Так нельга абыходзіцца з журналістамі!
Усе экспэрты сьцьвярджаюць, што гэтая справа павінна разглядацца ў грамадзянска-прававым аспэкце, але ні ў якім разе не ў крымінальным. Таму што частка 2 артыкула 349 КК прадугледжвае перасьлед хакераў, якія ўзломваюць сыстэмы бясьпекі саміх кампутараў, а тут калі і быў несанкцыянаваны доступ, то па паролях, без узлому.
Першае, што просіцца ў адказ наконт прычын гэтай справы, — незадаволенасьць улады сытуацыяй у інфармацыйнай прасторы. Амаль год таму адбыліся карэнныя кадравыя зьмены ў дзяржаўнай інфармацыйнай галіне, была перастаноўка кіраўнікоў буйных мэдыйных рэсурсаў. Але і гэта не прывяло да чаканага выніку. Мы ўсе глядзім тэлебачаньне, і ніякіх зьменаў, рэфармаваньня не заўважаем.
«Па навінах у Беларусі дамінуюць незалежныя СМІ»
Але побач — зусім іншая журналістыка. Улада ўжо атрымала досьвед асьвятленьня незалежнымі СМІ, недзяржаўнымі інтэрнэт-рэсурсамі пратэставых акцый пасьля «дармаедзкага» дэкрэту № 3. Зь вясны 2017 году пайшлі рэкордныя прагляды, бум росту аўдыторыі БелаПАНу, парталу Tut.by.
Я наагул хачу падкрэсьліць, што ў навінным сэгмэнце незалежныя СМІ ў Беларусі дамінуюць. Адзін зь яскравых прыкладаў — інтэрвію з маці салдата Аляксандра Коржыча, які загінуў у Печах, зробленае рэгіянальным інтэрнэт-рэсурсам «Мэдыя-Палесьсе». Дзякуючы прафэсіяналізму журналістаў пасьля гэтага ўзьнялася вялікая інфармацыйная хваля.
Як сказаў палітоляг Валер Карбалевіч, «беларуская ўлада ня ў стане стварыць эфэктыўную альтэрнатыву незалежным СМІ».
Што застаецца? Калі побач непадцэнзурныя, непадкантрольныя СМІ і яны пачынаюць набіраць вагу — трэба да іх прымяніць карныя захады. Думаю, што прычына «наезду» на БелаПАН, Tut.by — менавіта ў гэтым.
«Грамадзтва праглынула расправу над журналістамі»
— Але ў шэрагу дзяржаўных СМІ ў першы ж дзень ператрусаў на Tut.by і БелаПАН пачалося цкаваньне недзяржаўных журналістаў: на сайце «СБ — Беларусь сегодня» зьявілася відэа ператрусу ў кватэры Марыны Золатавай, «калегі» з гэтага выданьня назвалі фігурантак «справы БелТА» «дамами, удобными в быту». Чаму не спрацавала карпаратыўная салідарнасьць журналістаў? Абвінавачаньняў і доказаў віны яшчэ ж не было?
— Хачу зьвярнуць увагу на такі момант: беларускае грамадзтва сьцярпела, праглынула такую расправу над журналістамі. Мяне вельмі хвалюе, што ўся гэтая сытуацыя абвастрыла раскол у журналісцкім асяродзьдзі. Мне вельмі крыўдна ўзгадваць тыя публікацыі, якія зьявіліся ў жніўні ў «СБ», абуральныя відэаролікі... Адна назва артыкула чаго толькі вартая: «Чёрного кобеля не отмоешь добела»! І пасьля — адкрытыя выказваньні, што незалежныя СМІ проціпастаўляюць сябе дзяржаве.
«Фрылансэры — самыя бяспраўныя»
— Аляксандар Лукашэнка яшчэ на пачатку прэзыдэнцтва падзяліў журналістаў на «чэсных» і «нячэсных». На яго думку, у дзяржаўных мэдыях працуюць «чэсныя», а тыя, што працуюць у недзяржаўных СМІ, — нібыта «нячэсныя». З 1 сьнежня пачалася новая хваля выяўленьня «дармаедаў». І сябры Саюзу беларускіх журналістаў не зьяўляюцца дармаедамі, таму што СБЖ — творчы саюз, а фрылансэры, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў — дармаеды, бо БАЖ — ня творчы саюз. Зноў журналістаў падзялілі?
— У нашай краіне ўсё можа быць: два Саюзы пісьменьнікаў, дзьве журналісцкія арганізацыі, два Саюзы палякаў.
Так, ёсьць палярны падзел: дзяржава сама дыктуе, хто другасны, хто першасны. Пакуль на звароты БАЖу, каб асацыяцыю прызналі творчым саюзам, Мінкульт дае адмоўны адказ. Я думаю, што патрэбен час. Але пры гэтым палітычным рэжыме кардынальных зьменаў чакаць нельга.
Фрылансэры — самая бяспраўная частка нашай журналісцкай супольнасьці. Калі ў мінулым годзе было аштрафавана 69 журналістаў, агульная сума ў эквіваленце склала 25 тысяч эўра, то на 15 лістапада сёлета маем 106 выпадкаў вынясеньня штрафу журналістам за працу без акрэдытацыі.
Прычым Зьміцер Лупач і Тацяна Смоткіна з Глыбокага былі аштрафаваныя за асьвятленьне выставы геральдыкі. Берасьцейскі калега Яўген Скрабец падчас прэс-туру ў Лунінец, які арганізоўваў БАЖ, падрыхтаваў матэрыял пра «маркоўнага караля» з фэрмэрскай гаспадаркі і быў аштрафаваны на 20 базавых. Кастуся Жукоўскага з Гомля проста дабіваюць штрафамі, запалохваньнем і перасьледам.
Самае парадаксальнае, што журналістаў штрафуюць па частцы другой артыкула 22.9 КаАП — за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Гэты артыкул можа распаўсюджвацца толькі на рэдакцыю, бо рыхтуе, распаўсюджвае прадукцыю рэдакцыя, а не журналіст. Суды штрафуюць за выкананьне журналісцкіх абавязкаў без акрэдытацыі. Як акрэдытавацца таму ж самаму Белсату ці Радыё Рацыя ў Міністэрстве замежных спраў, мы таксама ведаем — ніяк.
Кожнаму выпускніку журфаку дзяржаўная атэстацыйная камісія прысвойвае кваліфікацыю «журналіст», у дыплёме запісана — журналіст. Якое права маюць міліцыя, суды перакрэсьліваць гэтую кваліфікацыю журналіста ў пратаколе?
Выштурхоўваць прафэсійных журналістаў, якія ведаюць, што такое стандарты журналісцкай дзейнасьці, якія прытрымліваюцца гэтых стандартаў, — гэта проста недаравальна.
Дарэчы, ніводзін чыноўнік, міліцыянт, відаць, ня ведае, што ў нашым Крымінальным кодэксе ёсьць 198 артыкул, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за перашкоду журналісцкай дзейнасьці.
«Улада ўзмацняе кантроль за мэдыяпрасторай»
— Як вы ацэньваеце папраўкі ў Закон аб СМІ, што ўступілі ў дзеяньне з 1 сьнежня, у тым ліку ўвядзеньне ідэнтыфікацыі камэнтароў?
— З кожным пераглядам заканадаўства, новымі папраўкамі сытуацыя толькі пагаршаецца. Узмацняюцца мэханізмы кантролю за мэдыяпрасторай, як было з новым Законам аб СМІ, які быў прыняты ў сьнежні 2014 году.
Памятаю рэакцыю нашага калегі Аляксандра Класкоўскага: «За што ў заканадаўстве ні бярэцца беларуская ўлада, заўсёды атрымліваецца аўтамат Калашнікава».
З аднаго боку, нас супакойваюць, што гэта толькі на карысьць, а на самой справе абсалютна відавочна, што папраўкі абмяжоўваюць і свабоду слова, і свабоду выказваньня. Юрысты БАЖу зьвяртаюць увагу, што новыя патрабаваньні былі агучаныя 26 лістапада, а з 1 сьнежня яны ўжо ў дзеяньні. Адзін з самых прынцыповых момантаў у гэтых папраўках — ідэнтыфікацыя камэнтатараў. І людзі, камэнтатары павінны прывязваць свой акаўнт да нумару тэлефона.
Генэральны дырэктар Tut.by Людміла Чэкіна кажа, што сама рэдакцыя ня супраць, ёй таксама цікава, хто камэнтуе, але цяпер найбольшая праблема — гэта набыцьцё адмысловага праграмнага забесьпячэньня, каб праводзіць ідэнтыфікацыю.
Па-другое, журналістаў вельмі засмучае той факт, што гэтыя дадзеныя давядзецца перадаваць трэцяму боку. Ну і, канечне, тое, што ўладальнікі нясуць поўную адказнасьць за ўвесь кантэнт.
Адбудзецца скарачэньне камэнтароў, і людзі будуць сыходзіць зь беларускага інтэрнэту на расейскія сайты.
Нічога новага няма ў папраўках пра добраахвотную рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў — зараз яны будуць сеткавымі выданьнямі. Адзінае, я не ўяўляю, як усе інтэрнэт-рэсурсы змогуць прайсьці рэгістрацыю з улікам усіх патрабаваньняў: што рэдакцыя можа быць толькі юрыдычнай асобай, разьмяшчацца яна павінна толькі ў нежылых фондах, што ў рэдактара павінен быць стаж ня менш за 5 гадоў. Выканаць тыя патрабаваньні цяжка.
Дарэчы, блякаваньне інтэрнэт-рэсурсаў, якое ажыцьцяўляе Мінінфарм, займае 3 дні, а вяртаньне можа заняць цэлы месяц.
«Няма традыцыяў свабоды слова»
— Недзяржаўныя СМІ скардзяцца на закрытасьць уладных структур, цяжкасьці з атрыманьнем інфармацыі. Некаторыя міністэрствы на запыты проста не адказваюць. Ці ёсьць рэцэпт, як прымусіць чыноўнікаў выконваць Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў?
— Карані гэтай праблемы глыбокія. Абвастрылася яна пасьля падпісаньня ўказу, па якім больш за 60 дзяржаўных установаў, ведамстваў набылі права надаваць інфармацыі статус сакрэтнасьці, «для службовага карыстаньня». Зразумела, ёсьць сакрэты ў сілавых структур, Савету бясьпекі. Але чаму Белтэлерадыёкампанія трапляе ў сьпіс гэтых ведамстваў са статусам сакрэтнасьці — мне незразумела. Гэта адсутнасьць традыцыяў свабоды слова, адсутнасьць сфармуляванасьці месца, ролі журналіста ў грамадзтве — я думаю, карані там.
У Літве, напрыклад, дзейнічае Дэклярацыя аб адкрытасьці дзяржаўных структур. Што хаваюць ад журналістаў нашы дзяржаўныя структуры — не зразумела. Усе нашы суседзі маюць законы аб доступе да інфармацыі — у Беларусі такога закону няма.
Я ўзрадавалася выказваньню міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, што нашай краіне сапраўды патрэбны заканадаўчы акт аб доступе да інфармацыі. Калі з вуснаў міністра гучыць такое прызнаньне, — гэта спадзяваньне, што ў заканадаўчым парадку гэтая праблема будзе вырашаная. БАЖ тройчы за 2 гады рабіў апытаньне пра працу прэс-службаў. Здавалася б, што яны абавязаныя спрыяць, дапамагаць журналістам, а насамрэч яны сталі заслонай, бар’ерам. Нават кіраўнікі ўстаноў, якія надзеленыя сур’ёзнымі паўнамоцтвамі, спасылаюцца на прэс-службы — быццам бы ім патрэбны дазвол ад прэс-сакратара.
«Трагічныя падзеі ва Ўкраіне адцягваюць увагу ад нас»
— Наколькі Беларусь цікавая для міжнародных журналісцкіх арганізацый, для эўрапейскіх структур? Некалі БАЖ атрымаў Сахараўскую прэмію, «Залатое пяро Свабоды» — было шмат увагі да праблемы са свабодай слова ў Беларусі. Цяпер менш. Чаму?
— Адказваючы на гэтае пытаньне, я б падкрэсьліла гэтае слова — «прыярытэты». Калі Эўрапейскі парлямэнт уручаў БАЖу Сахараўскую прэмію, пра Беларусь казалі як пра апошнюю дыктатуру Эўропы, бо тады былі сур’ёзныя хвалі ціску і перасьледу незалежных СМІ. Цяпер сытуацыя памянялася.
І ў эўрапейскіх інстытутах адбываюцца зьмены прыярытэтаў. Але адзін з ключавых момантаў — гэта праблемы, зьвязаныя зь бясьпекай, праблемы ўцекачоў. Праваабаронцы ў адзін голас б’юць трывогу, што правы чалавека адсоўваюцца на другі плян. Што тычыцца Беларусі, — па-першае, сама Беларусь іншая, унутраная сытуацыя выглядае інакш, чым у суседняй Украіне.
У лютым 2016 году, калі здымаўся цэлы шэраг абмежаваньняў Эўразьвязу зь беларускіх чыноўнікаў, гэта рабілася, каб падштурхнуць Беларусь да зьмены сытуацыі з правамі чалавека. І пасьля вызваленьня палітзьняволеных наступнымі прыярытэтамі называліся свабода слова і выказваньня.
Дарэчы, на справу БелТА была імгненная рэакцыя эўрапейскіх інстытутаў. Хачу ўзгадаць Фэдэрыку Магерыні, вярхоўную прадстаўніцу Эўразьвязу па пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі, якая казала, што такое стаўленьне да журналістаў супярэчыць заяўленай Беларусьсю палітыцы дэмакратызацыі і міжнародным абавязаньням.
Канечне, трагічныя падзеі ва Ўкраіне адцягваюць увагу ад нашых праблемаў. Але нашых праблем са свабодай слова, з доступам да інфармацыі ўсё адно ніхто звонку ня вырашыць. Журналісцкая супольнасьць павінна кансалідавацца і сваё права на прафэсію адстойваць сама.
«Расейская прапаганда — мэдыяфрэнія»
— Некалі ў праграме БТ «Клюб рэдактараў», яшчэ на пасадзе галоўнага рэдактара «СБ — Беларусь сегодня», Павал Якубовіч сказаў, што ў Беларусі трэба абмяжоўваць расейскія каналы, асабліва ток-шоў, якія вядзе Ўладзімір Салаўёў. Не адзін раз з вуснаў вядоўцаў НТВ гучалі абразы на адрас Беларусі. Якія шляхі барацьбы з уплывам гэтай прапаганды на беларускую аўдыторыю?
— Ня так даўно ў «Нашай Ніве» было інтэрвію з Генадзем Давыдзькам. І гучала такое захапленьне расейскім прапагандыстам Дзьмітрыем Кісялёвым: «Вось ён сапраўдны патрыёт, які адстойвае інтарэсы сваёй дзяржавы».
Іншы расейскі журналіст Ігар Якавенка, гаворачы пра расейскую прапаганду, асабліва на тэлеканалах, ужывае слова «мэдыяфрэнія». Я думаю, што гэта самае трапнае і дакладнае вызначэньне расейскай прапаганды.
Адзін са шляхоў барацьбы з расейскай прапагандай — разьвіцьцё сваіх нацыянальных мэдыяў, дзе будзе апэратыўна і дакладна сфармуляваная беларуская пазыцыя ў дачыненьні да міжнародных падзей. А ў нас чакаюць, пакуль ня выкажацца першая асоба краіны, як было з Крымам. А да гэтага беларусы будуць атрымліваць інфармацыю з расейскіх каналаў. Чаго толькі вартыя апошнія падзеі ў Керчанскай пратоцы!
На беларускіх каналах бліскуча атрымліваецца асьвятляць конкурсы прыгажосьці і Эўрабачаньне: мы шчыра радуемся за беларускую прыгажуню Марыю Васілевіч, з замілаваньнем глядзім на таленавітых дзетак. А вось разумець, дзе інфармацыя, якой трэба даваць ацэнку, — на жаль, гэтаму беларускія тэлежурналісты яшчэ не навучыліся.
У сацыяльным пакеце ў нас прысутнічаюць 9 тэлеканалаў, чатыры зь іх базуюцца на расейскім кантэнце. Наша інфармацыйная прастора адкрытая толькі ў адзін бок, на Ўсход. Чаго вартае выказваньне, падхопленае беларусамі: «Крым наш». Чаму ён ваш? У каго вы забралі той Крым?
Трэба пераняць швэдзкі вопыт: там у школе вучаць, як чытаць, як разумець інфармацыю, як успрымаць яе. Ва Ўкраіне тое самае адбываецца. Трэба і ў Беларусі ў школах увесьці курс па мэдыйнай абазнанасьці, мэдыйнай дасьведчанасьці. Людзі самі павінны мець крытычнае стаўленьне да прапаганды, якая пакуль, на жаль, трапляе на ўрадлівую глебу і прыводзіць да гэтых скажэньняў сьветаўспрыманьня.