Жыхару Сьветлагорску Ігару Песікаву на радзіме шматкроць адмаўлялі ў працы па пэдагагічнай спэцыяльнасьці. Былы трэнэр па веславаньні трапіў у няласку да мясцовай улады за крытычныя выказваньні ў прэсе. Знайсьці працу ў родным горадзе не дапамаглі і дваццаць судоў. Два гады таму Ігар зьехаў у Ізраіль па працоўнай візе. Прыехаў на радзіму ў адпачынак — і дазнаўся, што дармаед.
12 сьнежня ў Сьветлагорскім райвыканкаме сабралася камісія па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. На пасяджэньні прысутнічалі ня менш за 30 чыноўнікаў са шматлікіх арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтру. Мэта сходу — разбор справы «дармаеда» Ігара Песікава.
«Маразм і вар’яцтва», — пракамэнтаваў вынікі камісіі жыхар Сьветлагорску.
Прапанавалі працу нянькай у дзіцячым садку — за 305 рублёў
Яму прапанавалі працу памочніка выхавацеля ў дзіцячым садку. Паводле сайту вакансій, заробак складае 305 рублёў. У Ізраілі Ігар зарабляе ахоўнікам паўтары тысячы даляраў. Ці пагодзіцца ён зьмяніць працу?
«Я буду думаць. Здаецца, памочнік выхавацеля — гэта крутая вакансія», — сьмяецца «дармаед».
Ён зьвяртае ўвагу, што гэтая вакансія «віламі па вадзе пісаная». Бо камісія параіла яму ісьці ў цэнтар занятасьці, браць там накіраваньне і прасіцца на працу ў дзіцячы садок. Шляхі пошуку працы празь мясцовы цэнтар занятасьці Ігар добра ведае — шэсьць гадоў зь перапынкамі стаяў тут на ўліку як беспрацоўны.
«Які ўвогуле сэнс працы камісіі? Для чаго яны сабраліся? Раённыя чыноўнікі добра знаёмыя паміж сабой. Камісіі стварылі, каб ім весела было. Ім разам цікава. Часу стасавацца не хапае. А так сабраліся, пагутарылі, абмеркавалі бягучы момант», — лічыць Ігар Песікаў.
Ён перакананы, што камісіі не дапамогуць «дармаедам» у працаўладкаваньні, працоўных месцаў ня створаць, а таму і зьвяртацца да іх ён сэнсу ня бачыць.
Крытыкаваў мясцовую ўладу — застаўся бяз працы
Да 2009 году Ігар Песікаў працаваў трэнэрам па веславаньні ў спартыўнай школе. Але школу закрылі — і ён застаўся бяз працы.
«Я крытычна выказваўся праз прэсу, што веславаньне — алімпійскі від спорту — пахавалі ў Сьветлагорску. Гэта не спадабалася мясцовай уладзе. Мяне звольнілі нібыта за прагулы. Але праз суд я аднавіўся на працы і спагнаў зь іх маральную шкоду. З таго моманту я стаў „ворагам“ райвыканкаму», — кажа Ігар.
У час канфліктаў і судоў, празь якія праходзіў былы трэнэр, начальніцай аддзелу адукацыі Сьветлагорскага райвыканкаму была Людміла Вялічка. Сёньня яна ўзначальвае камісію па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва — і разьбірае «справу Песікава».
«Шматлікія адмовы мне ў працы, я ваяваў зь імі да 2016 году, — гэта дыскрымінацыя, хоць і схаваная. Бо на судах прадстаўнікі аддзелу адукацыі казалі, што ніколі ня возьмуць мяне на працу, але ў пратаколы гэта ня ўносілася», — кажа «дармаед».
Адмаўлялі яму шматкроць у працы з розных прычын: вакансія ўжо занятая, не адпавядае кваліфікацыі. Апошнюю адмову дырэктар гімназіі абгрунтаваў у судзе так: пэдагог са стажам ня здолее працаваць зь піянэрамі і чальцамі БРСМ.
У 2016 годзе начальнік Гомельскага абласнога ўпраўленьня адукацыі Сяргей Парошын прызнаў у афіцыйным лісьце, што мясцовы аддзел адукацыі незаконна адмовіў у працы Ігару Песікаву. Начальнік абласнога ўпраўленьня адукацыі прыцягнуў да дысцыплінарнай адказнасьці начальніка раённага аддзелу. І параіў Песікаву зноў зьвяртацца ў суд. Але гэта не дало плёну. У 2016 годзе Ігар зьехаў у Ізраіль.
«Хоча чалавек працаваць — хай у Амэрыку едзе!»
Ён нагадвае: паводле міжурадавай дамовы паміж краінамі тыя, хто афіцыйна працуе ў Ізраілі, не павінны плаціць падаткі ў Беларусі. І наадварот. «А тут маеш — дармаед! Пайшоў я ў наш выканкам. Там яны зрабілі кабінэт, увялі штатную адзінку — па „дармаедах“. Я патрабаваў логін і пароль. Няма, кажуць. Уручную зайшлі ў базу і абрадавалі — вы ўжо тры гады дармаед! Хай тады мне камісія дасьць працу — або хай выкідаюць мяне з той базы», — кажа жыхар райцэнтру.
Ён сьмяецца, калі чуе, што ў Ізраілі можа быць закон аб «дармаедах». «Гэта дэмакратычная краіна. Там беспрацоўным даюць нармальныя грошы — прыкладна як сярэдні заробак, калі яны працавалі, ці пражытковы мінімум — калі не працавалі. Прынамсі, галадаць людзі пэўна ня будуць», — кажа жыхар Сьветлагорску.
Пра «дармаедзкі» дэкрэт Ігар кажа, што такая практыка беларускіх уладаў яму падабаецца. «Калі чалавек не працуе — хай плаціць! Хай ня есьць! А хоча працаваць — хай у Амэрыку едзе, там працы хапае. Прынамсі, як і ў Ізраілі. Там няма беспрацоўя», — сьмяецца Ігар.
Ён пераймаецца, што ў Ізраілі беларускія чыноўнікі — члены розных камісій кшталту «дармаедзкай» — не знайшлі б сабе працы. «Я таксама хачу сядзець у такой камісіі. Магу нават досьведам працы ў Ізраілі падзяліцца. Буду прасіцца працаваць у іх камісію», — усьміхаецца «дармаед».
«Налічаць шмат за камуналку — пайду ў суд»
Для «дармаедзкай» камісіі ён падрыхтаваў даведкі з Ізраілю па працаўладкаваньні на іўрыце.
«Я сам ня буду перакладаць дакумэнты. Гэта вельмі дорага. Чаму я павінен гэта рабіць? Хай камісія перакладае», — кажа Ігар.
Ён плянуе пайсьці ў суд — калі атрымае разьлікі за камунальныя плацяжы большыя, чым у «недармаедаў». «Гэта будзе незаконнае налічэньне. Хай тады суды разьбіраюцца. І калі 500 тысяч дармаедаў пойдзе ў суды з гэтымі квіткамі — хай адказваюць камунальныя службы. Заўважце — „дармаедзкія камісіі“ ні за што не адказваюць», — падкрэсьліў жыхар Сьветлагорску.
Ён пачакае афіцыйнага адказу на свой зварот з просьбай аб уладкаваньні на працу. Не выключае, што сходзіць у цэнтар занятасьці па накіраваньне на працу нянькай у садок. І што яго зноў ня возьмуць на працу.
«У Беларусі неяк ужо надта змрочна», — кажа на разьвітаньне Ігар.
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.