У ходзе маштабных акцый пратэсту ў Францыі ў суботу былі затрыманыя 1723 чалавекі, перадае агенцтва France Presse. Большая частка зь іх затрымана ў Парыжы, дзе адбыліся найбольш буйныя сутычкі маніфэстантаў з паліцыяй.
У Парыжы паведамляецца пра 1200 арыштаваных.
Паводле словаў кіраўніка МУС Францыі Крыстафа Кастанэра, шмат у каго з затрыманых паліцыя канфіскоўвала бэйсбольныя біты, іншы рыштунак і нават зброю.
У вулічных акцыях па ўсёй краіне прынялі ўдзел 125 тысяч чалавек.
Парадак на вуліцах Парыжу забясьпечвалі 8 тысяч паліцыянтаў — значна больш, чым у папярэднія дні. Па ўсёй Францыі дзяжурства несьлі 89 тысяч паліцыянтаў.
У суботу ў цэнтры Парыжу на Елісейскіх палях і суседніх вуліцах адбыліся сутыкненьні паміж паліцыяй і ўдзельнікамі дэманстрацыі так званых «жоўтых камізэлек». На кадрах, разьмешчаных у сацыяльных сетках, відаць, што паліцыя прымяняе сьлёзацечны газ. Паводле афіцыйных дадзеных, 118 чалавек пацярпелі.
Выступы руху «Жоўтыя камізэлькі», распачатага як пратэст супраць падвышэньня тарыфаў на паліва, перарасьлі ў масавыя беспарадкі. Нягледзячы на тое, што ўлады пайшлі на саступкі мітынгоўцам, дэманстрацыі не спыніліся і працягнуліся ўжо ў якасьці нязгоды з агульнай палітыкай Эманюэля Макрона. Кіраўніцтва краіны заявіла, што пратэст «апанавалі» радыкальныя актывісты правага і левага кірунку.
У суботу былі зачыненыя Эйфэлева вежа, Люўр і іншыя музэі, а таксама папулярныя гандлёвыя цэнтры. Былі ўмацаваныя подступы да прэзыдэнцкага палаца. Каля будынка парлямэнту разьмешчаныя браніраваныя машыны. У некалькіх гарадах краіны і ў Манака адмененыя футбольныя матчы.