Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школе на Горадзеншчыне дзецям забаранілі карыстацца тэлефонамі пасьля запісу роліка пра #загонбрсм


Ілюстрацыйнае фота. Падчас «Дня вышыванкі» ад БРСМ, ліпень 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Падчас «Дня вышыванкі» ад БРСМ, ліпень 2018 году

У сеціве зьявілася патаемна зьнятае аўдыё, як кіраўнікі Карэліцкага БРСМу пераконваюць вучняў школы № 1 горада запісацца ў сваю арганізацыю. Пасьля гэтага ў школе забаранілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі.

Запіс з сустрэчы кіраўнікоў Карэліцкага БРСМу з вучнямі школы № 1 горада Карэлічы трапіў у рукі журналістаў тэлеканалу «Белсат». Ён быў апублікаваны сёлета 23 лістапада.

На аўдыё чуваць, як першы сакратар раённага камітэту БРСМ Яўген Пархамовіч і сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі Кампартыі Беларусі Марыя Бялянава расказваюць навучэнцам пра перавагі арганізацыі і сустрэчу актывістаў з Аляксандрам Лукашэнкам 29 кастрычніка. Як перавага ўдзелу ў БРСМ называлася ў тым ліку магчымасьць будаваць БелАЭС у складзе студэнцкіх атрадаў.

Неўзабаве дзецям у школе наагул забаранілі карыстацца тэлефонамі пад подпіс бацькоў. Такое правіла і раней існавала паводле статуту школы, але тады яму не надавалі асаблівай увагі.

Пра гэта Свабодзе расказалі тры крыніцы з Карэлічаў, незалежныя адна ад адной, якія папрасілі сябе не называць.

Паводле іх, прыкладна 1-2 тыдні таму выйшаў загад дырэктара аб забароне вучням карыстацца мабільнымі тэлефонамі ў школе. Прычым ня толькі на ўроках, але і на перапынках. На бацькоўскіх сходах бацькам далі падпісаць адпаведную паперу са згодай на гэта.

Пры гэтым настаўнікі вусна патлумачылі вучням, што браць тэлефоны ў школу можна, але тыя мусяць быць выключаныя і ляжаць у заплечніках.

Як патлумачылі крыніцы, пры гэтым называлася прычына, зьвязаная з вучобай, маўляў, дзеці «сядзяць у гаджэтах» нават на ўроках, на перапынках не пасьпяваюць паўтараць хатняе заданьне і атрымліваюць кепскія адзнакі.

Суразмоўцы Свабоды не выключаюць, што забарона можа быць зьвязаная з аўдыёзапісам #загонбрсм. Бо ў карэліцкай школе, кажуць яны, прымушалі дзяцей уступаць у гэтую арганізацыю, удзел мусіў быць абавязковым для ўсіх вучняў старэйшых клясаў. Прычына, паводле адной з крыніц, простая — «каб дзеці не курылі, не злоўжывалі алькаголем».

Дырэктарка школы Алена Вярбіцкая адмовілася гаварыць з карэспандэнтам Свабоды, спаслаўшыся на тое, што ў яе нарада, а на пытаньне, калі можна будзе пагутарыць, адказала: «Да пабачэньня».

#загонБРСМ

30 кастрычніка Свабода апублікавала запіс, на якім вучняў адной з клясаў 31-й гімназіі Менску пераконваюць уступаць у БРСМ. Голас, падобны да голасу намесьніцы дырэктара гімназіі па выхаваўчай працы Інэсы Ахрамовіч, настойліва рэкамэндуе вучням увайсьці ў БРСМ, каб ня мець праблемаў пры паступленьні ў ВНУ.

Ролік прагледзелі больш за мільён разоў на розных плятформах. І Мінадукацыі, і адміністрацыя школы адмовіліся расьсьледаваць інцыдэнт, паставіўы пад сумнеў праўдзівасьць запісу. Намесьніца дырэктара гімназіі № 31, голас якой пазналі на запісе, працягвае працаваць у школе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG