Футбалістка францускага «Ліёна» Ада Хегербэрг стала першай жанчынай, якая атрымала ўзнагароду «Залаты мяч», паведамляе ВВС.
Нападніца «Ліёна» і зборнай Нарвэгіі Ада Хегербэрг у мінулым сэзоне выйграла нацыянальны чэмпіянат, а таксама стала пераможцай Лігі чэмпіёнаў, забіўшы гол у фінале ў Кіеве.
Модрыч перапыніў традыцыю Раналду і Мэсі ў атрыманьні «Залатога мяча»
Уладальнікам «Залатога мяча» сярод мужчын стаў паўабаронца мадрыдзкага «Рэала» і харвацкай зборнай Лука Модрыч. Упершыню з 2007 году ўзнагароду ўручылі ня Крышціяну Раналду і не Ліянэлю Мэсі, кожны зь якіх атрымліваў гэтую ўзнагароду па 5 разоў.
Прымаючы ўзнагароду, Модрыч падзякаваў таварышам з «Рэалу», усяму пэрсаналу клюбу і свайму трэнэру. Ён стаў першым футбалістам з Харватыі, якія атрымаў гэты прэстыжны прыз.
33-гадовы паўабаронца летась дапамог «Рэалу» зноў перамагчы ў Лізе чэмпіёнаў, а таксама зрабіў значны ўнёсак у выступ Харватыі на чэмпіянаце сьвету ў Расеі.
Другое месца заняў Раналду, трэцяе — Антуан Грызман.
***
«Залаты мяч» быў заснаваны France Football у 1956 годзе як прыз найлепшаму футбалісту году ў Эўропе. Пераможца прэміі выбіраецца па выніках галасавання спартыўных журналістаў.
З 2010 году «Залаты мяч» праводзіўся сумесна з прэміяй «Гулец года FIFA» і зmмяніў назву на «Залаты мяч FIFA». Аднак у мінулым годзе France Football спыніў супрацоўніцтва з футбольнай асацыяцыяй і зноў стаў уручаць узнагароду самастойна.