Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адсутнасьць грошай у беларусаў — стэрэатып». Хто такія бізнэс-анёлы і чаму яны інвэстуюць ў інавацыі


Сузаснавальнік Angels Band Кірыл Голуб
Сузаснавальнік Angels Band Кірыл Голуб

Беларускія стартапы — кампаніі-пачаткоўцы, якія будуюць бізнес на аснове інавацыйных тэхналёгій — не заўжды мусяць шукаць грошы за мяжой. Падтрымкай маладых і амбітных праектаў цяпер займаецца беларуская асацыяцыя Angels Band, якая аб’ядноўвае ўжо амаль 60 бізнэсоўцаў. Хто гэта такія і ў што яны ўкладаюць свае грошы, у інтэрвію Свабодзе расказаў сузаснавальнік арганізацыі Кірыл Голуб.

Рабіў сайты, калі ў інтэрнэт хадзілі праз хатні тэлефон

Вопыт ды інтуіцыя, а не фінансавая мадэль — тое, на што спадзяюцца інвэстары на раньнім этапе існаваньня праекту. Такія інвэстыцыі называюць анёльскімі, а інвэстараў — бізнэс-анёламі, калі карыстацца лексыкай, што прыйшла да нас з ЗША.

Супольнасьць бізнэс-анёлаў была зарэгістраваная ў Беларусі ў сакавіку пад назвай Angels Band. Пры рэгістрацыі заснавальнікі ставілі амбітную мэту — сабраць за год 100 удзельнікаў. Цяпер іх 57, яшчэ 5 у чарзе на далучэньне.

«Мы супольнасьць людзей, што займаюцца раньнімі вэнчурнымі (рызыкоўнымі) інвэстыцыямі ў інавацыйныя праекты. Каб заявіць пра сябе, мы зарэгістравалі грамадзкае аб’яднаньне. Мець такую рэгістрацыю для нашай дзейнасьці не абавязкова, але гэтага патрабуе заканадаўства», — кажа сузаснавальнік арганізацыі Кірыл Голуб.

Яму 39 год, сам з Магілёва. У 2001 годзе, калі колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту праз хатнюю тэлефонную лінію трохі перавышала 100 тысяч чалавек, Голуб з кампаньёнам заснаваў студыю вэб-распрацоўкі. Цяпер ён узначальвае кампанію Aheadworks, якая распрацоўвае праграмнае забесьпячэньне для электроннай камэрцыі. Адначасова ён сузаснавальнік ня толькі беларускай, але і літоўскай асацыяцыі бізнэс-анёлаў — LitBAN.

Angels Band разгледзелі ўжо 90 стартапаў

Angels Band — ня першая супольнасьць вэнчурных інвэстараў у Беларусі. Яе папярэдніцу «Бавін» закрылі самі заснавальнікі ў 2015-м, пасьля пяці год працы. Прычынамі, па словах яе кіраўніка, сталася няўменьне працаваць з анёльскімі інвэстыцыямі, фінансавая сытуацыя і адсутнасьць у краіне школы прадпрымальніцтва.

Праз год, у 2016-м, пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) у Беларусі была запушчаная пяцігадовая праграма Aid-Venture. Яе рэалізуюць група кампаній Belbiz ды юрыдычная фірма «Алейнікаў і партнэры».

Мэта праграмы — павялічыць колькасьць невялікіх інвэстыцый у беларускія стартапы з боку саміх беларусаў. Дзеля гэтага пачала працу Акадэмія бізнэс-анёлаў. Яе першыя выпускнікі і зарэгістравалі Angels Band.

У менскім офісе стартапа Rewatt, які распрацоўвае зарадкі для электрааўтамабіляў
У менскім офісе стартапа Rewatt, які распрацоўвае зарадкі для электрааўтамабіляў

​Супольнасьць бізнэсоўцаў Angels Band пазнаёмілася ўжо з 90 праектамі, некаторыя зь іх атрымалі інвэстыцыі. Асабіста Кірыл Голуб інвэставаў у тры стартапы.

Самым гучным было пагадненьне са стартапам Lung Passport, які займаецца вызначэньнем і маніторынгам захворваньняў дыхальнай сыстэмы.

Агульную колькасьць праінвэставаных праектаў арганізацыя абяцае назваць, калі на пачатку 2019 году падвядзе вынікі працы за папярэднія 12 месяцаў.

У плянах асацыяцыі — зьдзяйсьняць інвэстыцыі, сумесныя зь літоўцамі, а ў ідэале — каб ужо ў 2020 годзе інвэстыцыі магла б атрымаць хоць палова вартых тэхналягічных праектаў.

У Беларусі ад 300 да 1000 стартапаў

Колькі ў Беларусі стартапаў? Кірыл Голуб кажа, што па яго ўласнай ацэнцы — ня менш за 300 тых, хто перайшоў ад ідэі да рэалізацыі. Але, дадае, ёсьць і іншыя ацэнкі: дасьледаваньне Belbiz на замову USAID у лютым 2017 году налічыла каля 1000 стартапаў.

Часта кажуць, што да посьпеху прыходзіць 1–2% стартапаў, але Голуб упэўнены, што ў Беларусі гэтая доля вышэйшая.

«Паверце, канвэрсія беларускіх стартапаў у бізнэс — ня менш за 10%. Я дакладна ведаю, што толькі ў маёй сфэры — распрацоўцы софту — зьяўляецца больш за 30 сасьпелых бізнэсаў на год.

Некаторыя вопытныя калегі з Расеі, якія праспансавалі не адзін дзясятак праектаў, кажуць пра іншыя лічбы: 20% стартапаў дасягае посьпеху, яшчэ 20% ператвараецца ў бізнэс безь вялікай пэрспэктывы і адметнага росту. Толькі каля 60% правальваюцца», — кажа сузаснавальнік Angels Band.

Стартап — сьпіраль, якая раскруціцца альбо лопне

Што такое стартап? Гэта кампанія, якая можа заставацца стратнай гадамі, бо мае на мэце не атрымаць прыбытак, а расьці з паскарэньнем. Грошы інвэстараў патрэбныя на тое, каб пакрываць страты. Зрэшты, ня толькі інвэстараў: хтосьці ўкладае ўласныя ашчаджэньні, або нават прадае машыну і кватэру.

Але рана ці позна кампанія мусіць атрымаць прыбытак. Часта гэта адбываецца, калі яе купіць буйны гулец: напрыклад, так адбылося зь беларускім стартапам FriendlyData, які ў кастрычніку набыла амэрыканская кампанія ServiceNow.

Кірыл Голуб кажа, што прадаць стартап буйнейшай кампаніі — добрая пэрспэктыва. Але так бывае не заўсёды.

«Нашмат больш сумная гісторыя, якая адбываецца з усясьветным сэрвісам па выкліку таксі Uber: ён страчвае мільёны даляраў на квартал, але працягвае працаваць. Рана ці позна гэтая сьпіраль раскруціцца альбо лопне. Такая праца небясьпечная для вэнчурнага асяродзьдзя: у кампанію ўклалі грошы, і банкруцтва выкліча нэгатыўныя эфэкты на фондавым рынку і ў вэнчурнай дзейнасьці агулам», — лічыць Кірыл Голуб.

Супрацьлеглы прыклад — вытворца электрамабіляў Tesla.

«Яе акцыі ўсё даражэлі, і вось нядаўна Tesla пасьля дзясяткаў кварталаў стратаў выпусьціла пазытыўную квартальную справаздачу», — кажа інвэстар.

Ёсьць эканоміка — адшукаюцца і інвэстары

Але адкуль у беларусаў грошы на інвэстыцыі ў такую дарагую сфэру, як IT? На думку суразмоўцы, адсутнасьць грошай у беларусаў — стэрэатып.

«Гэта расьце зь мінуўшчыны: жыхару Беларусі любой нацыянальнасьці было небясьпечна паведамляць астатнім, што ў яго шмат грошай. Інакш іх можна страціць. Калі ў краіне ёсьць эканоміка — а ў нас яна ёсьць — то ёсьць і грошы. Значыць, ёсьць людзі, у якіх іх шмат.

Калі мы самі не даем грошай — гэты вакуўм хутка запоўняць суседзі: Расея, дзе шмат дзяржаўных і прыватных грошай, краіны Балтыі, Польшча, якой Эўракамісія дала на разьвіцьцё вэнчурнай экасыстэмы сотні мільёнаў эўра. Але ў такім разе гэта будуць не беларускія праекты».

Хто тыя самыя інвэстары? Сярод іх шмат людзей з традыцыйных сфэраў бізнэсу, якім хочацца паўдзельнічаць у стварэньні новых, высокатэхналягічных прадуктаў. Хтосьці жадае перадаць веды і вопыт наступнаму пакаленьню бізнэсмэнаў, а чытаць лекцыі сумна.

«Не зьдзіўлюся, калі большасьцю рухае менавіта гэта. Але для кагосьці гэта проста клюб», — кажа Кірыл Голуб.

Залаты час для запуску ІТ-бізнэсаў — не заслуга ВНУ

Зрэшты, беларускі клюб — месца зь вельмі добрымі ўмовамі, на думку суразмоўцы, Беларусь цяпер — найлепшае месца для разьвіцьця IT-бізнэсу ў радыюсе 4 тысяч кілямэтраў. Такія ўмовы стварыў Дэкрэт № 8, кажа ён.

«Мне не падабаецца патас, але гэта рэвалюцыйны акт, які радыкальна палепшыў магчымасьці для бізнэсу ў вузкай сфэры. У нас сапраўды цяпер залаты час для запуску ІТ-бізнэсаў, зрабіцца рэзыдэнтам ПВТ зараз проста».

Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску
Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску

Кірыл Голуб спасылаецца на заснавальнікаў мэсэнджэра Viber, паводле якіх заснаваць ІТ-кампанію ў Беларусі каштуе ў 10 разоў таньней, чым у Ізраілі.

«Мы маем неабходную крытычную масу спэцыялістаў, тут можна сабраць крутую прафэсійную каманду распрацоўнікаў з 20–30 чалавек за тры месяцы, калі дастаткова грошай. Зрабіць тое самае за тыя ж грошы ў Расеі ты ня здолееш і за паўгода, а ў Вільні гэта магчыма, толькі калі пераплаціць удвая, — кажа ІТ-прадпрымальнік і інвэстар. — У канцы 90-х ніхто не спрачаўся з тым, што лепш зьехаць зь Беларусі, а тым больш з абласнога гораду накшталт Магілёва. Але апошнія 6–7 год можна пасьпяхова працаваць у абласных гарадах, і ты нічога ня страціш у параўнаньні зь Менскам».

Праўда, унёсак беларускіх унівэрсытэтаў у гэта не вырашальны. Суразмоўца лічыць, што зрабіцца добрым спэцыялістам дапамагае самаадукацыя, плюс дзейнасьць стартап-хабаў і адукацыйныя імпрэзы — мітапы і хакатоны.

«Фармальная адукацыя павінна даць фундамэнтальныя веды, але трэба мець на ўвазе, што практычныя веды чалавек атрымае на працы. Таму я не засмучуся, калі трэнд на адмову ад фармальнай адукацыі — інстытутаў і ўнівэрсытэтаў — узмоцніцца. Нават калі я вучыўся ў канцы 90-х гадоў, найлепшае, што мог даць мой унівэрсытэт, — не патрабаваць абсалютнай наведвальнасьці», — кажа ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG