Блогер Віктар Малішэўскі зьвярнуў увагу на Facebook на значныя сумы, ўкладзеныя ў мадэрнізацыю сайту President.gov.by.
Сапраўды, «праектаваньне і ўкараненьне сучасных тэхналягічных рашэньняў» для афіцыйнага інтэрнэт-парталу Аляксандра Лукашэнкі мае абысьціся ў мільён даляраў, вынікае з пастановы Савету міністраў (PDF).
На гэтыя работы ў 2017 годзе зь бюджэту мелі выдаць 272 112 рублёў, у 2018 годзе — 300 тысячаў рублёў, у 2019-м маюць выдаць 1,5 млн рублёў.
Пры гэтым дызайн і функцыянальнасьць сайту апошні раз мяняліся ў 2014 годзе — на тое абнаўленьне патрацілі каля 300 тысячаў даляраў, як на фантан ля новага будынку Вярхоўнага суду.
Хто распрацоўваў сайт і хто яго мадэрнізуе, невядома: тэндэры не абвяшчаліся публічна.
У «Архіве інтэрнэту» захаваліся старая вэрсія за 29 сьнежня 2013 году і абноўленая за 2 студзеня 2014-га. Другая не адрозьніваецца ад цяперашняй прынамсі візуальна і функцыянальна.
На сайтах можна рабіць і такія зьмены, якія ня будуць заўважныя шэраговаму карыстальніку, як то ладзіць абарону ад кібэратакаў (напрыклад, DDoS-атакаў, якія ня раз ужываліся супраць незалежных беларускіх СМІ).
Ці былі такія атакі на сайт Лукашэнкі, невядома. Але вядома, што 10 гадоў таму была «атака» іншага кшталту: на запыт «аццкий сотона» расейскі пошукавік «Яндэкс» выдаваў спасылку на сайт Лукашэнкі.