Афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу заклікаў Расею ўзнавіць свабоду перамяшчэньня ў Керчанскай пратоцы.
«Мы чакаем ад Расеі ўзнаўленьня свабоды перамяшчэньня ў Керчанскай пратоцы і заклікаем усіх дзейнічаць са стрыманасьцю дзеля неадкладнай дээскаляцыі сытуацыі», — заявіла прадстаўнік Эўразьвязу Мая Качыянчыч.
Прадстаўніца Эўразьвязу нагадала словы з заявы кіраўніка дыпляматыі ЕЗ Фэдэрыкі Магерыні ў Эўрапейскім парлямэнце пра тое, што «падзеі ў Азоўскім моры зьяўляюцца дэманстрацыяй таго, як нестабільнасьць і напружанасьць непазьбежна будуць узрастаць, калі ня будуць прынятыя пад увагу асноўныя правілы міжнароднага супрацоўніцтва».
«Будаўніцтва Керчанскага мосту праходзіла бяз згоды Ўкраіны і ўяўляе сабой яшчэ адно парушэньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны. Гэта паралельна з мілітарызацыяй Азоўскага мора прывяло да ўзмацненьня жорсткасьці кантролю над ваенна-марскім рухам у пратоцы. Эўрапейскі саюз чакае, што Расея спыніць інспэкцыі», — сказана ў заяве.
NATO заклікала Расею забясьпечыць бесьперашкодны доступ да ўкраінскіх портаў
«NATO поўнасьцю падтрымлівае сувэрэнітэт Украіны і яе тэрытарыяльную цэласьць, улучна з правамі на навігацыю ў яе тэрытарыяльных водах. Мы заклікаем Расею забясьпечыць бесьперашкодны доступ да ўкраінскіх портаў у Азоўскім моры ў адпаведнасьці зь міжнародным правам», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве паўночнаатлянтычнага альянсу.
Літва «рашуча асудзіла» дзеяньні Расеі
«Рашуча асуджаем рашэньне Расеі фізычна заблякаваць Керчанскую пратоку і пратараніць украінскае судна, — напісаў у сваім Твітэры міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус. — Гэта ня можа быць расцэнена інакш як акт агрэсіі і яшчэ адно абуральнае парушэньне міжнароднага марскога права. Такія дзеяньні падрываюць бясьпеку ўсяго рэгіёну».
Латвія: гэта адкрытае парушэньне Расеяй міжнароднага права
Міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рыкневічс напісаў, што "ўважліва сочыць за трывожнымі навінамі з Азоўскага мора".
«Блякада Расеяй марскога руху ў Керчанскай пратоцы і напад на ўкраінскія ВМС — адкрытае парушэньне міжнароднага права і мусіць быць асуджана міжнароднай супольнасьцю. Расея мусіць прадпрыняць крокі для дээскаляцыі сытуацыі», - заявіў ён.
Атака ў Азоўскім моры
Раніцай 25 лістапада расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Ваенна-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны. Два малыя ўкраінскія браняваныя артылерыйскі катэры і рэйдавы буксір ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. У камандаваньні ВМС Украіны адзначылі, што пра намер ажыцьцяўляць пераход было паведамлена загадзя ў адпаведнасьці з міжнароднымі нормамі.
Аднак, як адзначае ўкраінскі бок, насуперак Канвэнцыі ААН па марскім праве і дамовы паміж Украінай і Расеяй аб супрацоўніцтве ў выкарыстаньні Азоўскага мора і Керчанскай пратокі, пагранічны карабель РФ «Дон» пратараніў украінскі рэйдавы буксір, у выніку чаго пашкоджаны галоўны рухавік карабля, абшыўка і леерная агароджа, згублены выратавальны плот.
Расія ж заяўляе, што ўкраінскія караблі «неправамерна» зайшлі ў часова зачыненую акваторыю тэрытарыяльнага мора РФ. У ФСБ сьцьвярджаюць, што ў іх не было заяўкі на праход караблёў і ў графік праходу праз Керчанскую пратоку яны не былі ўключаны.
У выніку атакі расейскіх ваенных і памежных караблёў на карабельную групу ВМС Украіны паранена шэсьць украінскіх вайскоўцаў, паведаміў афіцыйны Кіеў.
У апошні час расейцы ўсё больш актыўна блякуюць Азоўскае мора пагранічнымі караблямі, раней яны перагарадзілі Керчанскую пратоку мостам. У выніку грузапаток украінскіх партоў падае і рэгіёну пагражаюць эканамічныя праблемы. 25 кастрычніка 2018 Эўрапарлямэнт заклікаў Эўразьвяз узмацніць санкцыі супраць РФ у выпадку абвастрэньня сытуацыі ў Азоўскім моры.