Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў выказаў удзячнасьць Беларусі за яе пазыцыю наконт урэгуляваньня канфлікту ў Нагорным Карабаху.
«Я хацеў бы выказаць падзяку ад сябе і азэрбайджанскага народу за пазыцыю Беларусі па пытаньні ўрэгуляваньня нагорна-карабаскага канфлікту» — сказаў Аліеў на перамовах з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у панядзелак у Менску. Словы Аліева прыводзіць агенцтва БелТА.
Свае пазыцыі наконт Нагорнага Карабаху прэзыдэнты Беларусі і Азэрбайджану сфармулявалі ў падпісанай па выніках перамоваў сумеснай заяве.
У дакумэнце гаворыцца, што «бакі, спасылаючыся на намаганьні, якія працягваюцца ў рамках АБСЭ, а таксама на дзейнасьць Менскай групы, накіраваныя на мірнае вырашэньне нагорна-карабаскага канфлікту, падкрэсьліваюць неабходнасьць актывізацыі далейшых крокаў у гэтым кірунку».
Аліеў і Лукашэнкі ў сумеснай заяве таксама падкрэсьлілі важнасьць хутчэйшага мірнага ўрэгуляваньня канфлікту ў адпаведнасьці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, перш за ўсё сувэрэннай роўнасьці дзяржаў, непарушнасьці межаў, тэрытарыяльнай цэласнасьці, а таксама адпаведных рэзалюцый Рады бясьпекі ААН і рашэньняў АБСЭ.
Нагорны Карабах, населены пераважна армянамі, абвясьціў аб выхадзе з складу Азэрбайджану ў 1991 годзе. Гэта прывяло да ўзброенага канфлікту, падчас якога Азэрбайджан страціў кантроль над тэрыторыяй.
Армэнія і Азэрбайджан рэгулярна вінавацяць адно аднаго ў парушэньні рэжыму спыненьня агню на мяжы самаабвешчанай рэспублікі. Перамовы на міжнародным узроўні з удзелам так званай Менскай групы АБСЭ, якія выступаюць пасярэднікамі на перамовах паміж Баку і Ерэванам, не прывялі да вырашэньня канфлікту.