Акторкі «Свабоднага тэатру» раніцай 19 літапада прыйшлі да будынка Міністэрства ўнутраных спраў, дзе стаіць скульптура гарадавога з сабакам, каб выказаць пратэст яе «асабліваму статусу».
А 10-й раніцы ля скульптуры зьявіліся чатыры дзяўчыны, пачалі яе цалаваць, абдымаць, каб «сагрэць».
Практычна адразу з Музэя міліцыі выйшлі два міліцыянты, не назваліся, але папярэдзілі, што нельга так рабіць. Неўзабаве кампанію ім склаў трэці — малодшы сяржант Ягор Цырульнікаў. Ён, наадварот, сказаў, што хай «цалуюцца і абдымаюцца», абы не было «вандалізму».
У адказ на пытаньне дзяўчат прызнаўся, што ня ведае артыкулу, паводле якога нельга «даваць аплявухі» гарадзкой скульптуры, якая не ўяўляе архітэктурнай ці гістарычнай каштоўнасьці.
Гэтым разам абышлося без затрыманьняў.
Днямі міліцыянты прымусілі 17-гадовага ліцэіста Арсенія прасіць прабачэньня на камэру перад помнікам за аплявуху і разьмясьцілі відэа ў інтэрнэце. На маладога чалавека склалі пратакол паводле арт. 17.1 КаАП «Хуліганства».
Пасьля гэтага на Petitions.by пачаўся збор подпісаў за знос менскага помніка гарадавому, а ў сацсетках разгарнуўся флэшмоб, у якім беларусы просяць прабачэньня ў помнікаў. Шмат прабачэньняў публікуюць пад хэштэгамі #памятникпрости, #помнікпрабач.
У мінулыя выходныя міліцыя затрымала менчука Зьмітра Завадзкага, які павязаў шалік на помнік і хацеў сфатаграфавацца. Міліцыянты забралі ў яго пашпарт, завялі ў аддзяленьне, перапісалі зьвесткі і правялі тлумачальную гутарку, што скульптура зьяўляецца «тварам МУС».
Гісторыя пратэстаў супраць помніка царскаму гарадавому цягнецца ад сакавіка 2016 году. За «зьнявагу» аштрафавана ўжо некалькі чалавек, а анархіста Вячку Касінерава нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс «зь пятлёй на шыі», але абышлося штрафам.