Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца знайшоў два парушэньні закону ў справе пра поўху гарадавому. Але з боку міліцыі


Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка
Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка

Праваабаронца «Вясны», былы адвакат Павал Сапелка мяркуе, што міліцыянты мінімум двойчы парушылі заканадаўства, калі прыцягнулі да адказнасьці падлетка за поўху «гарадавому» і выклалі відэа з прабачэньнямі падлетка ў інтэрнэт.

Паводле Паўла Сапелкі, затрыманага юнака не маглі прыцягваць да адказнасьці паводле Крымінальнага кодэксу.

«Тут некалькі бясспрэчных на мой погляд момантаў, якія ставяць пад сумнеў правамоцнасьць дзеяньняў міліцыі.

Скульптуры гарадавога не нанесена ня тое што разбурэньня, а нават мінімальнай шкоды. А значыць, ужываньне Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за такія злачынствы (гэта 344-ы і 345-ы артыкулы) выключаная.

Таксама немагчыма прыцягнуць да адказнасьці ўмоўнага „парушальніка“ і паводле 346 артыкулу КК, у якім вядзецца пра аганьбаваньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, бо скульптура гарадавога ня ёсьць помнікам гісторыі і культуры. Другая частка гэтага артыкулу прадугледжвае адказнасьць за апаганьваньне памятнікаў абаронцам Айчыны, але тут мы маем усё ж іншы час ды іншы вобраз. Такім чынам, крымінальная адказнасьць выключаная».

Адзіны варыянт разбору ўчынку затрыманага хлопца, лічыць Павал Сапелка, гэта паводле Адміністрацыйнага кодэксу. Але і тут ня вытрыманы шэраг патрабаваньняў закону, мяркуе праваабаронца.

«Магчыма, што ў дзеяньнях падлетка міліцыянты ўгледзелі хуліганства. Прыраўнялі поўху да іншых зьняважлівых дзеяньняў у дачыненьні нерухомых аб’ектаў. Прыкладам, надпісаў нецэнзурных словаў, пашкоджаньняў. Ці ўбачылі парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Але ў любым выпадку трэба рабіць усё паводле закону: складаць пратакол, выклікаць бацькоў, бо гаворка пра непаўналетняга, безь ягоных прадстаўнікоў закон забараняе любыя дзеяньні. У іх прысутнасьці бяруцца тлумачэньні, і справа накіроўваецца для разгляду ў суд. Ці было гэта зроблена, маю вялікія сумневы.

Далей: у відэа, якое зьмясьцілі міліцыянты, няма ані слова пра тое, што юнак прызнаны вінаватым у адміністрацыйным парушэньні, між тым ён ужо просіць прабачэньня. Але ці быў атрыманы дазвол ад яго і ягоных бацькоў на зьмяшчэньне такога відэа, таксама незразумела. Можна меркаваць, што яго прымусілі прасіць прабачэньня, і гэта таксама ёсьць парушэньнем закону, што патрабуе разбору», — лічыць праваабаронца зь «Вясны» Павал Сапелка.

Атрымаць камэнтар наконт гэтай справы ад Міністэрства ўнутраных спраў Свабодзе пакуль не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG