Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкор за 800 тысяч даляраў. Колькі што каштуе ў новым будынку Вярхоўнага суду. ФОТА


Новы будынак Вярхоўнага суду Беларусі
Новы будынак Вярхоўнага суду Беларусі

Будынак Вярхоўнага суду ў Менску не пасьпелі адкрыць 7 лістапада — такую дату раней называў першы намесьнік старшыні суду Валеры Калінковіч. Згодна з пашпартам аб’екта, адкрыцьцё адбудзецца не раней за лета наступнага году.

Новы чатырохпавярховы будынак суду нагадвае сваім стылем Палац Незалежнасьці. Абодва праекты зрабіў архітэктар Уладзімер Архангельскі. І будоўля абышлася бюджэту ў круглую суму.

З тэндэраў на дзяржаўныя закупкі відаць, напрыклад, што толькі фантан для суду каштуе амаль 300 тысяч даляраў (598 594 рублі), а мастацкі дэкор будынка абыдзецца ў 814 тысяч даляраў.

Але гэта далёка ня ўсё.

Унутраны выгляд

Здымкі зь сярэдзіны Вярхоўнага суду апублікаваў Tut.by — некалькі фота парталу прыслаў чытач.

Інтэр’ер новага будынку Вярхоўнага суду. Фота чытача Tut.by
Інтэр’ер новага будынку Вярхоўнага суду. Фота чытача Tut.by

Вырабы з натуральных камянёў на 1027 квадратных мэтраў абышліся бюджэту ў 562 тысячы даляраў. Яны зробленыя ў Беларусі.

Хадзіць на суды будуць у тым ліку па спартовым пакрыцьці вугорскай вытворчасьці. Пакрыцьцё на 132 квадраты падлогі для галоўнага судовага будынку каштавала бюджэту 5,3 тысячы даляраў.

Камяні для брусчаткі і гранітны борт для будынка суду пацягнулі на 390 тысяч даляраў. Вытворчасьць — беларуская.

Фантан, які і так пацягнуў на 300 тысяч даляраў, абліцуюць гранітам за 30 тысяч даляраў.

Дываны на лесьвіцу для суду прывезьлі з Бэльгіі, яны каштуюць амаль 6 тысяч даляраў за 40 квадратных мэтраў.

Дэкор, упрыгожаньні і ліфт

Будынак суду будуць падсьвятляць адмысловым абсталяваньнем за 95 тысяч даляраў. Згодна з тэндэрам, абсталяваньне прыехала «з розных краін».

Асьвятляць будынак суду знутры будзе, сярод іншага, падвясная жырандоля на два ярусы коштам 18 тысяч даляраў.

Інтэр’ер новага будынку Вярхоўнага суду. Фота чытача Tut.by
Інтэр’ер новага будынку Вярхоўнага суду. Фота чытача Tut.by

Фасад будзе сустракаць абвінавачаных, супрацоўнікаў суду ды іншых наведнікаў «мастацкімі ўпрыгожаньнямі» і надпісам «Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь» — агульным коштам 106 тысяч даляраў.

Вазіць наведнікаў паміж паверхамі будуць тры ліфты, якія вырабілі ў Магілёве. За іх заплацілі 88 тысяч даляраў, па 28 тысяч за штуку.

Да таго ж на ўваходзе наведнікаў будзе сустракаць флягшток за 17 тысяч даляраў зь дзяржаўным сьцягам.

Дзеля аздобы ў Вярхоўным судзе паставяць 36 гранітных вазонаў, 17 гранітных лаваў, 6 гранітных сьметніц. Агулам малыя архітэктурныя формы абышліся краіне амаль у 60 тысяч даляраў.

За чые грошы будуюць суд

Колькі краіне каштаваў новы будынак Вярхоўнага суду, пакуль незразумела.

З тэндэраў, якія разьмешчаныя на сайце дзяржзакупак, відаць, што новы праект будуюць як за «бюджэтныя грошы» (з нацыянальнага і менскага бюджэтаў, а таксама з інвэстпраграмаў), так і за «ўласныя сродкі».

У прыватнасьці, вядома, што 2 мільёны даляраў на гэты праект дала іранская кампанія «Кейсан», якая будуе вялізны праект «Магніт Менску».

Нібыта, кампанію пакаралі такім «бонусам» за павелічэньне тэрмінаў будаўніцтва «Магніта».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG