На мапах, якія апублікаваў блогер Антон Матолька, відаць, што каля самага става ў менскім заказьніку «Лебядзіны» кампанія ўдзельніка хакейнай каманды Лукашэнкі пачала будаваць жыльлёвы комплекс. Эколягі заяўляюць, што адзіны ў Менску заказьнік можа зьнікнуць.
Хто дазволіў будаваць каля заказьніку?
Ад «Лебядзінага» пачалі адразаць зямлю яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку пастановай Савету міністраў яго тэрыторыю зьменшылі на 8 гектараў.
У лютым 2018 году Аляксандар Лукашэнка ўнёс зьмены ў генплян Менску. Ад ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны адарвалі яшчэ 3,45 га ў раёне вуліц Ціміразева — Ратамскай.
Частку гэтых зямель перадалі кампаніі «Тапас», якая згодна з указам прэзыдэнта № 365 ад 2014 году будуе жылыя комплексы «Браслаўскі» і «Алімпік-Парк» побач з заказьнікам (у межах праспэкту Пераможцаў — вуліц Браслаўскай і Ціміразева).
Зямельныя ўчасткі «Тапас» атрымаў без аўкцыёну, яму таксама далі розныя льготы. Сярод іншага Лукашэнка дазволіў «выдаляць аб’екты расьліннага сьвету без правядзеньня кампэнсацыйных пасадак» і «ажыцьцяўляць зьняцьце ўрадлівага пласта глебы». Комплексы дабудуюць у 2019 годзе.
Эколягі заўважылі, што «Тапас» пачаў мяняць праект, які прадугледжваў малапавярховую забудову.
Замест васьміпавярховіка тут без адпаведных дазвольных дакумэнтаў узьведзены дзевяціпавярховы дом, паведаміў у сваім расьсьледаваньні блогер Антон Матолька.
Замест тэнісных кортаў тут паўстаюць катэджы. А на самым беразе возера (яго плошча каля 15 га) у «Лебядзіным» падрыхтавалі пляцоўку, як мяркуецца, пад будоўлю рэстарану.
Паводле эколягаў, заціснутаму забудовамі заказьніку пагражае зьнішчэньне.
Хто стаіць за забудоўшчыкам?
ТАА «Тапас» — адзін з найбуйнейшых забудоўшчыкаў Менску. Узначальвае кампанію вядучы хакеіст прэзыдэнцкай каманды Павал Белы.
У 2012 годзе ў мэдыях зьявілася інфармацыя, што ён быў затрыманы нібыта за нелегальны перавод за мяжу шасьці мільёнаў даляраў. Аднак празь некалькі дзён ён зноў зьявіўся на хакейным полі разам з кіраўніком краіны.
Яшчэ адзін скандал з кампаніяй «Тапас» нарабіў шуму, калі мясцовая жыхарка Галіна Ігнатовіч узьлезла на вежавы кран, патрабуючы адэкватнай кампэнсацыі за свой дом, які забудоўшчык меўся зьнесьці.
«Тапас» кажа, што ўсё «адпаведна з дакумэнтацыяй»
Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся ў кампанію «Тапас» з просьбай расказаць пра будоўлю, распачатую каля возера ў «Лебядзіным». На гэтае ды іншыя пытаньні там адказалі вельмі коратка:
«Паводле інфармацыі групы кампаній „Тапас“, будаўніцтва аб’екта ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй і зацьверджанай канцэпцыяй забудовы».
«Заказьнік фактычна зьнішчаны»
Паводле дырэктара «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандра Вінчэўскага, выглядае, што будуюць ужо ў самім заказьніку.
«Магчыма, была нейкая сакрэтная пастанова? Мы ня ведаем. Гэта ж ужо цэнтар заказьніка, і ў яго практычна не застаецца ніякай сушы, толькі возера. Там, дзе цяпер будуюць, была зробленая экалягічная сьцежка. На выкладзеных фота зьлева ад рэстарана бачны такі домік для назіраньня за птушкамі, і там была альтанка, якую, падобна, зьнесьлі. Што хочуць, тое і робяць», — кажа Вінчэўскі.
Экалягічную сьцежку ў заказьніку збудавалі ў 2010 годзе ў рамках праекту Эўразьвязу — ПРААН. Праект каштаваў 30 тысяч даляраў. На тарфяніках вакол возера праклалі драўляныя насьцілы, парасстаўлялі альтанкі і стэнды з інфармацыяй.
«Сытуацыя катастрафічная, заказьнік фактычна зьнішчаны», — перакананы дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны».
Паводле яго, яшчэ ў 2014 годзе сабралі тысячы подпісаў пад пэтыцыяй супраць скарачэньня тэрыторыі заказьніку, але ўлады да грамадзян не прыслухаліся.
«Да нас тады прыяжджалі прадстаўнікі „Тапасу“, і мы прапанавалі ім плян кіраваньня заказьнікам, каб спалучыць жыльлё з прыродай. Але відаць, што да нашых прапаноў не прыслухаліся, а проста зьнішчылі і забудавалі», — кажа Аляксандар Вінчэўскі.
«Не пачулі голасу экалягічных актывістаў»
Кіраўнік таварыства «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў сумняваецца, што «Тапас» улічыў усе меркаваньні незалежных экалягічных арганізацый.
«З майго досьведу, грамадзкія абмеркаваньні пасьпяховыя толькі тады, калі ёсьць яшчэ нейкая моцная мясцовая супольнасьць, якая падтрымлівае грамадзкіх актывістаў. У сытуацыі зь „Лебядзіным“ не было мясцовых жыхароў, якія маглі б абараняць. Таму ўлады спакойна зрабілі выгляд, што паслухалі, але насамрэч не пачулі голасу экалягічных актывістаў».
У Менску ёсьць ужо некалькі забудоўшчыкаў, якія імкнуцца лабіраваць свае інтарэсы, каб праштурхоўваць тое, што ім выгадна.
«І ў выпадку з „Тапасам“ мы бачым, што праекты былі адны, пасьля яны мяняюцца і мяняюцца, а ход гэтых зьменаў незалежнаму грамадзтву вельмі цяжка ацаніць. Толькі на ўзроўні выкапанага катлавану, як цяпер, можна заўважыць, што яны нейкім чынам, ціха, яшчэ нешта праштурхнулі. І тут пытаньне да гарадзкіх уладаў, чаму яны ідуць на повадзе ў такіх забудоўшчыкаў і не выконваюць сваю функцыю, не абараняюць тое, што павінна быць абаронена», — кажа карэспандэнту Свабоды Дзяніс Кобрусеў.
Паводле актывіста, «з экалягічнага пункту гледжаньня заказьнік ужо практычна забіты».
«Калі ўсё скончыцца, гэта будзе звычайны ставок, у кагосьці будзе добры відок з вакна. А ўжо ніякай экалягічнай функцыі заказьнік ня будзе мець.І тут задзейнічаныя як менскія горадабудаўнікі, якія давалі на гэта дазвол, так і адміністрацыя прэзыдэнта, якая ўказамі карэктавала зоны. Рашэньне яго забіць было прынятае даўно, і ў грамадзкасьці, як заўсёды, было вельмі мала шанцаў на нешта паўплываць».