Мэдыяпісьменнасьць, гэта значыць уменьне працаваць з сучаснымі мэдыя, выкладаюць у амэрыканскіх школах і ўнівэрсытэтах. Нават у маленькіх бібліятэках у глыбокай правінцыі праводзяць лекцыі аб тым, як распазнаць фальшывыя навіны.
Звычайна аўдыторыя такіх заняткаў — моладзь, часам людзі сярэдняга ўзросту. У вашынгтонскім музеі навінаў (Newseum) зьвярнулі ўвагу на пэнсіянэраў. Яны ў Штатах, як і многіх іншых краінах сьвету, — адны з самых актыўных выбарнікаў, але пры гэтым часта безабаронныя перад дэзынфармацыяй.
Заняткі праверкі фактаў праводзяць у музэі амаль кожны дзень. Вучняў зьбіраецца ня вельмі шмат, але лектары ня хвалююцца: з дапамогай «сарафаннае радыё» інфармацыя даходзіць і да тых пэнсіянэраў, якія не наведваюць заняткі.
Стваральнікі трэнінгаў не выключаюць магчымасьці адкрыцьця такіх курсаў для пажылых людзей і на постсавецкай прасторы. Пра ўплыў інфармацыйных «фэйкаў» на людзей сталага ўзросту гэтых краін яны шмат чулі.