Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Знаходзіць студэнтаў з экстрэмісцкімі думкамі і адлічваць». Што дзяржаўныя прапагандысты казалі пра фэйкі


Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

У менскім мультымэдыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь 3 кастрычніка прайшоў круглы стол трэцяга фэстывалю дакумэнтальнага кіно краін СНД «Евразия.DOC».

Фэстываль праводзіцца пры фінансавай падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін СНД. Яго актыўна рэклямавала і фэдэральнае агенцтва «Россотрудничество», якое адказвае за фармаваньне іміджу Расеі і падтрымку расейцаў за мяжой.

Вызначаючы мэты фэстывалю, старшыня журы Ўладзімір Мамантаў выказаўся за стварэньне агульнага мэнталітэту для інтэграцыі.

Першы фэстываль у Смаленску быў прысьвечаны «каляровым» рэвалюцыям як «інструмэнту дэстабілізацыі і зьмены ўлады ў розных краінах сьвету».

Потым пляцоўкай фэстывалю зрабілі Менск. Выбраныя сёлета для фэстывалю фільмы трансьлююць погляд крамлёўскай прапаганды на вайну ў Сырыі, «каляровыя» рэвалюцыі, «ліквідацыю расейскамоўнай адукацыі ў Латвіі», маюць выразную антыамэрыканскую і антызаходнюю скіраванасьць.

У рамках фэстывалю прайшоў круглы стол пад назвай «Дакумэнтальнае кіно ў эпоху постпраўды», на якім, сярод іншага, разважалі, як змагацца з фэйкамі.

Дзьве ключавыя фігуры ў гэтай дыскусіі зь беларускага боку — былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі, а цяпер чалец Савету Рэспублікі і старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька і сакратар афіцыйнага Беларускага саюзу журналістаў, палітычны аглядальнік БТ з пулу Лукашэнкі Андрэй Крывашэеў.

Давыдзька: «Блогеры —​ дзеці фэйкаў»

Генадзь Давыдзька лічыць, што дакумэнтальнае кіно зьбірае дакумэнты «з мэтай максымальнага ўплыву на сьвет», каб яго «накіраваць у правільнае рэчышча».

Генадзь Давыдзька (зьлева)
Генадзь Давыдзька (зьлева)

«І добра, калі гэты таленавіты чалавек стаіць на пазыцыях стваральных, у якога ёсьць маральныя прынцыпы. Чаму вельмі важна з журналістыкі, з факультэту журналістыкі, факультэтаў экранных ВНУ хутка знаходзіць маладых людзей, якія думаюць па-экстрэмісцку, і адлічваць. Страшна, калі яны таленавітыя і калі пачнуць служыць злу. Каму ён будзе служыць? Бо эпоха постньюс, фэйкаў — гэта страшна», — сказаў Генадзь Давыдзька.

Паводле Давыдзькі, неабходна «зьверыць нашы гадзіньнікі, праглядзець, каму мы служым у гэты час, і «ату яго, ату» крычаць своечасова тым, хто спрабуе знайсьці лёгкую славу на нішы хлусьні».

«Цяпер вельмі прыемна і проста: ты зрабіў нейкую гадасьць у інтэрнэце — і ты славуты. Плюнуў проста нейкай гадасьцю ў інтэрнэце, ты за гэта не адказваеш, але ты папулярны чалавек, ты блогер. І яго ўсе ведаюць. І гэта дзеці фэйку. Вось ставіць такому эмацыйную, сэнсавую і праўную ацэнку. Хацелася б, каб у нас на гэты конт была выпрацавана нейкая сыстэма ў журналісцкім і рэжысэрскім коле. Ну і ў заканадаўстве таксама».

Генадзь Давыдзька ўзначальваў Белтэлерадыёкампанію са сьнежня 2010 да лютага 2018 году. Агучыў прапагандысцкі фільм «Плошча. Железом по стеклу» пра вулічны пратэст апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году ў Менску. У ім даводзілася, што гэта была спроба дзяржаўнага перавароту. Пасьля разгону Дня Волі ў 2017 годзе на тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў прапагандысцкі фільм пра «справу патрыётаў» — «Белы легіён чорных душ». Сярод іншага, на экране зьявілася нейкая «фраў А.», якая нібыта паведаміла Лукашэнку пра рыхтаваньне масавых закалотаў у Менску.

«Небясьпечна браць за аснову рэпартажу адкрыты фэйк»

Паводле Андрэя Крывашэева, эпоха постпраўды «толькі-толькі дабіраецца да нашых інфармацыйных прастораў». Ён сказаў, што ў Расеі, Казахстане і Армэніі з гэтым фэномэнам сутыкнуліся больш. Паводле Крывашэева, яны «могуць нас навучыць абарончым мэтадам процідзеяньня гэтай постпраўдзе».

«Наагул для мяне як журналіста-практыка найперш гэта небясьпека ўзяць за аснову рэпартажу, навіны, пра якую я буду расказваць, альбо дакумэнтальнага фільму адкрыты фэйк».

Паводле Крывашэева, сёньня аказалася, што тыя, хто ўчора выклікаў безумоўны давер і павагу, грашаць фэйкамі.

Андрэй Крывашэеў (зьлева)
Андрэй Крывашэеў (зьлева)

​«І грашаць настолькі, што не бяруць на сябе клопат зьняпраўджваць публічна, як патрабуе журналісцкая этыка. Па-другое, вэрыфікаваць тую ці іншую навіну, якая лягла ў аснову сюжэта, становіцца тым складаней, што сама вэрыфікацыя навіны становіцца навіной. Здавалася б, ты пачынаеш дакопвацца да праўды і тым самым накручваеш лайкі, прагляды і мэдыйную аўру таго самага фэйку, зь якога ўсё стартавала».

Андрэй Крывашэеў — палітычны аглядальнік Агенцтва тэленавін на Беларускім тэлебачаньні. Апазыцыянэры судзіліся зь ім за паклёпніцкі сюжэт на БТ. Ад Аляксандра Лукашэнкі ён атрымаў мэдаль «За працоўныя заслугі». Апошнімі гадамі Крывашэеў рэгулярна бярэ ўдзел у імпрэзах прарасейскай арганізацыі «Румол» у Беларусі. Сакратар праўладнага Беларускага саюзу журналістаў.

Улады тлумачылі папраўкі ў закон аб СМІ змаганьнем з фэйкамі

Савет Рэспублікі ўхваліў 28 чэрвеня папраўкі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», якія, сярод іншага, уводзяць абавязковую ідэнтыфікацыю камэнтатараў на інтэрнэт-форумах ды ўскладняюць працу інтэрнэт-выданьням. Улады тлумачылі прыняцьцё паправак неабходнасьцю супрацьстаяць дэзынфармацыі ў інтэрнэце і фэйкам.

Законапраект выклікаў рэзкую крытыку з боку Беларускай асацыяцыі журналістаў і незалежных СМІ. Выказваліся засьцярогі, што дакумэнт узмоцніць дзяржаўны кантроль у мэдыясфэры краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG