Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Божа, што вы хочаце ад нас?» Як гомельскія садкі рэагуюць на прапановы стварыць беларускамоўныя групы


Старшыня гомельскай гарадзкой арганізацыі ТБМ Алеся Аўласевіч.
Старшыня гомельскай гарадзкой арганізацыі ТБМ Алеся Аўласевіч.

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны дабіваецца стварэньня ў дзіцячых садках Гомля беларускамоўных груп. У горадзе з насельніцтвам амаль 500 тысяч чалавек створана адна беларускамоўная група ў дзіцячым садку. Дзяцей туды набіраюць адзін раз на чатыры гады.

Ці сапраўды бацькі ня хочуць

Адміністрацыі садкоў сьцьвярджаюць, што арганізаваць беларускамоўныя групы немагчыма: няма мэтадычнай літаратуры, выхавацелі не валодаюць беларускай мовай. Галоўны ж аргумэнт — 100% бацькоў хочуць, каб дзяцей выхоўвалі на расейскай мове.

ТБМ правёў адкрыты бацькоўскі сход. На мерапрыемстве абмеркавалі сытуацыю зь беларускамоўнай адукацыяй у Гомлі, прэзэнтавалі вынікі маніторынгу садкоў.

Агульная выснова паўтарагадовага маніторынгу сытуацыі ў садках такая, што недзе зьніклі 15% бацькоў, якія былі ня супраць навучаньня дзяцей на беларускай мове. Сёлета з адказаў адміністрацыі садкоў вынікае, што 100% бацькоў выказаліся за навучаньне дзяцей на расейскай мове.

«Ці за паўтара года адбылася нейкая катастрофа, ці садкі проста хлусяць нам», — зазначае сябра ТБМ Яўген Якавенка.

Паўтара года таму ТБМ напісала звароты ва ўсе 116 дзіцячых садкоў Гомля. Адміністрацыі прасілі паведаміць: ці магчыма арганізаваць беларускамоўныя групы, ці ёсьць бацькі, якія ня супраць, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску. Адказы былі разнастайныя. Большасьць спасылаліся, што выхавацелі не валодаюць беларускай мовай, у садку няма мэтадычнай літаратуры.

Апытаньне бацькоў дало такі вынік: ад 8 да 20% бацькоў не былі супраць беларускай мовы. У сярэднім актывісты ТБМ падлічылі, што 15% бацькоў — за беларускую мову.

Сёлета ТБМ накіравала запыты ў 97 садкоў. У кіраўніцтва ўстаноў пыталіся: ці мае дзіцячы садок магчымасьць прадставіць беларускамоўную адукацыю, ці зьвяртаўся да іх хто-небудзь з бацькоў, ці праводзілі садкі тлумачальную працу сярод бацькоў аб магчымасьці навучаньня на беларускай мове?

«Мінулы раз, паўтара года таму, адміністрацыі садкоў наагул не разумелі: што мы хочам. І калі мы пасьля запытаў тэлефанавалі ў садкі, загадчыцы казалі: «Божа, што вы хочаце ад нас?», — заўважыла старшыня гарадзкой арганізацыі ТБМ Алеся Аўласевіч.

2/3 адказаў з садкоў былі на беларускай мове

Сёлета на 97 зваротаў было атрымана 74 адказы — 3/4. З гэтых 74 адказаў 2/3 адказалі па-беларуску, 1/3 — на расейскай мове. Гэта парушае закон аб зваротах грамадзян.

З усіх адказаў 3/4 прыйшлі пад капірку, абсалютна аднолькавыя.

«Стандартныя балванкі. Відавочна, нехта іх разаслаў у садкі, а там часам нават не парупіліся, каб уставіць нумар садку, ці назву адміністрацыі раёну, куды мы можам абскардзіць адказ. Замест нумару садку ці назвы адміністрацыі раёна — проста прагалы», — патлумачыў Яўген Якавенка.

Калі сябры ТБМ сталі аналізаваць адказы, то прыйшлі да такой высновы: адказы, атрыманыя да 12 кастрычніка, былі не «балванкамі», іх пісалі самастойна адміністрацыі. «Усе яны былі розныя і цікавыя», — заўважыў сябра ТБМ.

З 12 па 15 кастрычніка ў ТБМ з садкоў прыйшла «стандартная балванка» — ідэнтычныя адказы ў выглядзе спасылак на заканадаўчыя акты.

«Мы пытаемся: у вас ёсьць магчымасьць адукацыі на беларускай мове? А яны адказваюць — у Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы. З гэтых стандартных „балванак“ тры былі па-беларуску, 12 — на расейскай мове», — дадаў Яўген Якавенка.

Пасьля 15 кастрычніка адміністрацыі садкоў «апамяталіся» і пачалі збольшага адказваць па-беларуску. Прынамсі, 3/4 адказаў пасьля 15 кастрычніка прыйшлі на беларускай мове.

Чым «адбіваліся» садкі ад беларускай мовы

Паводле Яўгена Якавенкі, пераважная большасьць загадчыкаў садкоў спасылалася на нежаданьне бацькоў, каб дзеці навучаліся на беларускай мове.

«Нібыта яны праводзілі апытаньне, і 100% выказаліся за расейскую мову. Дзіка, бо паўтара года таму 15% мелі жаданьне вучыцца па-беларуску», — зьдзіўляецца сябра ТБМ.

Іншыя аргумэнты — няма выхавацеляў, якія валодаюць беларускай мовай, няма мэтадычнай літаратуры, няма памяшканьня.

«Быў такі адказ, што ў садку ёсьць і мэтадычная літаратура, і сцэнары сьвятаў, і выхавацелі, якія валодаюць беларускай мовай, але няма жадаючых сярод бацькоў», — заўважыла Алеся Аўласевіч.

З садку № 34 Чыгуначнага раёну адказалі, што, паводле Кодэксу аб адукацыі (не спасылаючыся на канкрэтны артыкул) для стварэньня беларускамоўнай групы патрэбна ня менш за 20 чалавек.

«Гэта стопрацэнтная хлусьня. Нідзе ў кодэксе аб адукацыі няма такой нормы. Гэта міт», — кажа Яўген Якавенка.

Як садкі папулярызавалі беларускую мову сярод бацькоў

Алеся Аўласевіч пабывала ў адным садку, каб паглядзець, як адміністрацыя папулярызуе сярод бацькоў беларускамоўнае навучаньне.

«Калі ў садку казалі бацькам пра беларускую мову, то чамусьці гучала такое: «Лапці, сяляне, народныя песьні, будзем вучыцца на гусьлях граць. Але беларуская мова — гэта не пра прыгнечаных сялян, не пра гусьлі! Гэта мова стасункаў», — кажа старшыня гарадзкой арганізацыі ТБМ.

Алеся Аўласевіч вядзе гурток «Мова дзяцей». Там займаюцца дзеці розных узростаў — і 3-5 гадоў, і школьнікі.

«Дзеці вельмі пазытыўна рэагуюць на беларускую мову. Асабліва дашкольнікі — яны лёгка ўспрымаюць новыя словы. Для тых жа дзяцей, якія да школы не займаліся беларускай мовай у першай клясе ўзьнікаюць складанасьці. Ім цяжка размаўляць, цяжка разумець такія словы, як «спадніца, кашуля, цыбуля», — кажа Алеся Аўласевіч.

Яўген Якавенка лічыць, што «зьверху» ня проста ня хочуць спрыяць адукацыі на беларускай мове, але і ствараюць перашкоды.

Што рабіць з адказамі з садкоў

На сходзе было прапанавана сабраць усе адказы з садкоў і накіраваць у пастаянную камісію па адукацыі пры Палаце прадстаўнікоў.

«Гэты факт павінен разглядацца на самым высокім узроўні. Як гэта? У рэгіёне Беларусі, не Расеі, цалкам адсутнічае насельніцтва, якое хоча навучацца на беларускай мове? Ці садкі скажаюць інфармацыю і хлусяць?», — заўважыў адзін з бацькоў.

Алеся Аўласевіч дадала, што ёсьць бацькі, якія хочуць, каб навучаньне ў садках вялося на беларускай мове. Яны гатовыя аддаць дзяцей у такія групы. Толькі не гатовыя змагацца — хадзіць па выканкамах, аддзелах адукацыі, зьбіраць подпісы, падаваць на суд.

Пакуль гатоў змагацца да канца і дайшоў да суду толькі адзін бацька — жыхар Гомлі Сяргей Макрэнка. Ён падаў пазоў у суд на чыноўнікаў, якія не дазволілі яго дачцэ атрымаць адукацыю на беларускай мове ў школе № 5 па месцы жыхарства. Цяпер Сяргей мусіць вазіць дачку праз увесь горад у гімназію № 36 — там створана адзіная першая кляса зь беларускай мовай навучаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG