Суд вырашыў, што Шастакоў схлусіў агентам ФБР, якія расьсьледавалі справу аб ухіленьні ад санкцый — у гэтай справе таксама фігуравалі былы агент ФБР Чарльз МакГонігал і расейскі алігарх Алег Дзерыпаска.
Абвінавачаньне заявіла, што Шастакоў, які атрымаў грамадзянства ЗША ў 2013 годзе і працаваў афіцыйным перакладчыкам у амэрыканскіх судах, ведаў, што даваць ілжывыя паказаньні агентам ФБР — гэта злачынства.
МакГонігала і Шастакова абвінавацілі ў змове з мэтай дапамагчы Дзерыпаску абысьці санкцыі ЗША, уведзеныя супраць яго ў 2018 годзе, а таксама ў змове з мэтай адмываньня грошай. У сьнежні 2023 году па гэтай справе суд прыгаварыў МакГонігала да 4 гадоў і 2 месяцаў пазбаўленьня волі. Шастакоў сёлета ў чэрвені прызнаў сябе вінаватым, пасьля чаго з яго зьнялі абвінавачаньні.
Справа аб ілжывых паказаньнях тычыцца гутарак паміж Шастаковым і Яўгенам Фокіным — супрацоўнікам холдынгу EN + Group, які заснаваў Дзерыпаска. Пракуроры кажуць, што Фокін быў саўдзельнікам Шастакова і МакГонігала. ФБР лічыць Фокіна агентам Службы зьнешняй разьведкі Расеі.
У лістападзе 2021 году агенты ФБР дапыталі Шастакова аб яго адносінах з Фокіным і спыталі, ці вёў ён калі-небудзь зь ім нейкія справы. Шастакоў адказаў адмоўна. Празь некалькі дзён агенты ФБР канфіскавалі яго электронныя прылады.
Форум