Нягледзячы на разрыў эўхарыстычных зносінаў Расейскай праваслаўнай царквы з Канстантынопальскім патрыярхатам, Канстантынопаль працягвае заставацца ў зносінах зь ёй. Пра гэта гаворыцца ў звароце экзархату расейскіх прыходаў у Заходняй Эўропе да паствы, які цытуе «Інтэрфакс».
«Дарагія браты і сёстры, апавяшчаем вас аб тым, што наша архіепіскапія-экзархат, якая знаходзіцца ў юрысдыкцыі Сусьветнага патрыярхату, складаецца ў поўных зносінах з усёй Праваслаўнай царквой. Таксама апавяшчаем вас аб тым, што Сусьветны патрыярхат не перапыняў зносінаў з Маскоўскім патрыярхатам і працягвае яго памінаць у парадку, устаноўленым у дыптыху. Усе праваслаўныя вернікі могуць прымаць поўны ўдзел у літургічным жыцьці і царкоўных таемствах у нашых прыходах», — гаворыцца там.
Экзархат Канстантынопальскага патрыярхату заклікае ўсіх сьвятароў, дыяканаў, манахаў, манашак і вернікаў расейскага экзархату ў Заходняй Эўропе маліцца аб адзінстве Царквы.
15 кастрычніка Сьвяты Сынод Расейскай праваслаўнай царквы прыняў рашэньне аб поўным разрыве эўхарыстычных зносінаў з Канстантынопальскім патрыярхатам з прычыны яго пазыцыі ў справе аўтакефаліі Ўкраінскай царквы.
У сваю чаргу, 19 кастрычніка аб спыненьні эўхарыстычных зносінаў з Канстантынопальскім патрыярхатам заявіў і архірэйскі сынод Расейскай праваслаўнай царквы за мяжой.