Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша будучыня — у Беларусі». Новы рэктар ЭГУ Ігнатаў распавёў пра свае пляны да 2030 году


Новы рэктар ЭГУ Сяргей Ігнатаў
Новы рэктар ЭГУ Сяргей Ігнатаў

Новы рэктар ЭГУ Сяргей Ігнатаў днямі наведаў Беларусь і расказаў журналістам, як ён прапануе палепшыць імідж унівэрсытэту, што думае пра фінансавыя скандалы і якія мае пляны рэфармаваньня ЭГУ да 2030 году.

Хто такі рэктар Ігнатаў?

Сяргей Ігнатаў — прафэсар-эгіптоляг, доктарскую ступень абараніў у Санкт-Пецярбурскім унівэрсытэце, быў стыпэндыятам Оксфардзкага ўнівэрсытэту (All Souls College). Апроч роднай баўгарскай, валодае расейскай, ангельскай і францускай мовамі. На пасаду кіраўніка ЭГУ Сяргей Ігнатаў прызначаны 1 сакавіка 2018 году рашэньнем агульнага сходу заснавальнікаў.

На пытаньні журналістаў, як палепшыць сапсаваны карупцыйнымі ды іншымі скандаламі імідж ЭГУ, куды прыйшоў рэктар, якога ў Баўгарыі абвінавачвалі ў карупцыі, прафэсар Ігнатаў адказаў:

Сяргей Ігнатаў
Сяргей Ігнатаў

«Ня ведаю, але калі ў нас пачынаўся новы навучальны год, на ўрачыстасьцях было жаданьне ня толькі прысутнічаць, але і выступіць у сьпікера парлямэнту, намесьніка міністра адукацыі Літвы, амбасадаркі Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын. Астатнім ганаровым гасьцям слова не далі, бо не хапіла часу».

Сяргей Ігнатаў падаў у адстаўку зь міністэрскай пасады ў 2013 годзе пасьля публікацыі справаздачы ўраду Баўгарыі аб карупцыі пры прыёме на працу і выдачы грантаў. Пра гэта пісала баўгарскае выданьне «Сега».

Пра сапсаваны імідж і фінансавыя скандалы

Наконт свайго іміджу Сяргей Ігнатаў сказаў: калі ён працаваў у Савеце міністраў Баўгарыі, у яго не было магчымасьці абараняцца.

«Мой імідж чысты. Тыя, хто напісаў супраць мяне, прайгралі суд, праўда? Ім прысудзілі невялікія грошы. Калі чалавек зьяўляецца міністрам, ён ня можа судзіцца, абараняць сябе. Але потым я абараняўся, бо мяне абвінавачвалі за конкурс, які праходзіў у 2003 годзе, а міністрам я стаў у 2009 годзе».

Ігнатаў патлумачыў, што сыстэма адукацыі ў Баўгарыі была вельмі цэнтралізаваная, ва ўнівэрсытэтаў не было аўтаноміі, а калі ён стаў міністрам, то яе рэфармаваў: даў унівэрсытэтам самастойнасьць, закрыў Вышэйшую атэстацыйную камісію, 900 чалавек тады страцілі працу. Таксама ён рэфармаваў Акадэмію навук, куды ўкладаліся вялікія грошы, а вынікаў было няшмат. І прапанаваў стварыць нацыянальную сетку дасьледчых інстытутаў (як у Францыі, Нямеччыне). Былі вялікія скарачэньні, Ігнатава шмат крытыкавалі. Тады і зьявіліся гэтыя публікацыі.

Ігнатава запрасіў заснавальнік ЭГУ Міхайлаў

Заснавальнік ЭГУ Анатоль Міхайлаў
Заснавальнік ЭГУ Анатоль Міхайлаў

​Прафэсар Ігнатаў распавёў, што ў 2016 годзе памёр ягоны настаўнік, прафэсар-філёляг Богдан Богданаў, разам зь якім яны стваралі Новы баўгарскі ўнівэрсытэт, і ў Баўгарыі яму ня стала з кім кантактаваць, размаўляць.

«А мне было гэта патрэбна — высокі інтэлект побач, палёт розуму. У мяне такія людзі былі ў Ленінградзе, дзе я вучыўся. Я і раней ведаў прафэсара Анатоля Міхайлава. І я пагадзіўся працаваць у ЭГУ. Мне цікава.

Мае пляны заўсёды былі — працаваць на поўдні, а жыцьцё мяне заўсёды пасылае на поўнач», — кажа Ігнатаў.

ЭГУ падаў дакумэнты на новую ліцэнзію

У сьнежні 2017 году літоўскі Цэнтар ацэнкі якасьці навучаньня нэгатыўна ацаніў дзейнасьць Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. 31 студзеня 2018 году на нарадзе ўраду Літвы, у якой удзельнічалі ўсе 15 міністраў і прэм’ер, пастанавілі адтэрмінаваць адкліканьне дзейнай ліцэнзіі ЭГУ да 1 ліпеня 2019 году. Літоўскі ўрад даў унівэрсытэту магчымасьць пазмагацца за новую ліцэнзію.

Ілюстрацыйнае фота. Урачыстая цырымонія ўручэньня дыплёмаў выпускнікам ЭГУ, 2016 год
Ілюстрацыйнае фота. Урачыстая цырымонія ўручэньня дыплёмаў выпускнікам ЭГУ, 2016 год

У жніўні кіраўніцтва ЭГУ перадало ў Міністэрства адукацыі Літвы дакумэнт на 2 тысячах старонак. Да канца лютага спадзяюцца атрымаць ліцэнзію.

«Мы выканалі ўсе ўмовы і патрабаваньні, прадставілі новы стратэгічны плян унівэрсытэту да 2024 году, новыя праграмы, якія павінны адпавядаць патрэбам рынку, інтарэсам маладых людзей і адначасова працягнуць традыцыі старых праграм. Упершыню ў гісторыі ЭГУ зрабілі праверку эфэктыўнасьці працы выкладчыкаў паводле розных крытэраў», — кажа Сяргей Ігнатаў.

Сёлета ў траўні набылі моц папраўкі да Закону Літвы аб навуцы і адукацыі, якія замацоўваюць асаблівы статус рэгуляваньня для вышэйшых навучальных устаноў, што працуюць ва ўмовах вымушанага выгнаньня, і ЭГУ цяпер пад абаронай гэтага закону.

Рэктар спадзяецца, што ЭГУ вернецца ў Беларусь

Сёлета на першы курс ЭГУ набралі 260 студэнтаў (гэта на ўзроўні мінулага году). 95% — беларусы. 29% першакурсьнікаў будуць вучыцца бясплатна, атрымліваць стыпэндыі — паводле пасьпяховасьці, актыўнасьці, запэўніў рэктар Сяргей Ігнатаў.

«Па-першае, студэнты самі выбіраюць мовы навучаньня: яны могуць навучацца на беларускай, расейскай, ангельскай мовах. І ўсе, хто жадае, слухаюць лекцыі па-беларуску. Ёсьць студэнты, якія адначасова навучаюцца на трох мовах.

Праграма „Турызм“ вывучае Беларусь, праграма „Права“ — беларускую юрыспрудэнцыю. У дызайнэраў асноўныя тэмы зьвязаныя зь Беларусьсю.

У нас працуюць яскравыя асобы, які выкладаюць выключна па-беларуску, гэта і Сяргей Харэўскі, і Віктар Марціновіч, і шмат іншых. Дарэчы, доля выкладчыкаў зь Беларусі — 85%. Мяркую, што калі б унівэрсытэт працаваў у Беларусі, суадносіны былі б такія ж самыя».

На першы курс паступіла ўсяго некалькі замежнікаў — з Расеі, Украіны, Казахстану. Ёсьць і адзін швэд (у якога маці — украінка). Разьлічвалі, што ва ўнівэрсытэт пойдзе вучыцца і літоўская моладзь, але гэтага не адбылося.

«Літоўцы не ідуць, таму што яны ўжо ня ведаюць расейскай мовы, іх трэба навучаць па-ангельску. Я думаю, справа ў моўным бар’еры. Да таго ж яны не атрымліваюць ільготаў, як беларускія студэнты. Хоць умовы, якія мы даем, вельмі добрыя, нават для літоўцаў — такія ж, як у Віленскім унівэрсытэце», — кажа рэктар.

І самы асноўны аргумэнт, што ўнівэрсытэт застаецца беларускім, — гэта тое, што 62% выпускнікоў ЭГУ вяртаюцца працаваць у Беларусь. Такую лічбу прывёў прафэсар. Ён спадзяецца, што ЭГУ вернецца на радзіму.

«Я думаю, будучыня унівэрсытэту — у Беларусі. Ён павінен вярнуцца сюды, ён жа беларускі. Нельга ніколі казаць „ніколі“».

Гуманітарныя навукі вернуцца, зьявіцца псыхалёгія

Цяпер самыя папулярныя спэцыяльнасьці ва ўнівэрсытэце — дызайн, турызм і мэдыя-камунікацыі. На думку рэктара, гэта дыктуе рынак.

«Рынак патрабуе і спэцыялістаў у сфэры ІТ, але я настойваю на тым, што гуманітарныя навукі вельмі важныя.

Праз 10 гадоў чакаецца, што 47% усясьветнай эканомікі павінна быць аўтаматызавана. Гэта азначае, што зьявіцца патрэба ў адмыслоўцах, якія павінны зразумець чалавека. Праз 10 год гуманітарыі будуць патрэбныя сьвету, як хуткая дапамога. Так што я абсалютна ўпэўнены ў добрай будучыні нашага ўнівэрсытэту», — перакананы прафэсар Ігнатаў.

Што да чыста гуманітарных навук, цяпер ва ўнівэрсытэце ёсьць доктарская праграма па філязофіі. У новых модулях для студэнтаў будуць і філязофія, і гісторыя, запэўніў ён.

«Пакутуем — што ў нас няма псыхалёгіі. Гэта патрэбна і будучаму сьвету, і нашым студэнтам. Цяпер у Эўропе мода на псыхалёгію. У такім унівэрсытэце, як наш, павінна быць псыхалёгія, кагнітыўная філязофія. І мы заявілі ў новай праграме пра неабходнасьць адкрыць новую спэцыяльнасьць — псыхалёгію. Таму нам патрэбныя больш якасныя праграмы — у галіне гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў», — рэзюмаваў прафэсар Ігнатаў.

Пляны грандыёзныя: «Гляджу ў 2030 год»

Новае, што ўжо зьявілася сёлета, — агульнаўнівэрсытэцкі сэмінар «ЭГУ: як мы яго разумеем і будуем».

«Цэлы год мы будзем дыскутаваць, што такое Эўропа, эўрапейская спадчына, гуманітарныя веды, чым адрозьніваецца ўнівэрсытэт ад інстытуту. Сэмінар павінен стварыць дасьледчыцкую праграму для студэнтаў. У іх будуць індывідуальныя пляны навучаньня і магчымасьць выбару праграмаў.

Мы прапануем іншую стратэгію выкладаньня — інтэрактыўную: ня лекцыі, а размовы, дыскусіі. Павінны знайсьці творчых выкладчыкаў, якія ня проста чытаюць лекцыі, а менавіта дыскутуюць. Сыстэма ўзаемаадносін ва ўнівэрсытэце адрозьніваецца ад школы — тут павінна быць поўная свабода, свабодныя карпарацыі студэнтаў і выкладчыкаў», — кажа Ігнатаў.

На думку прафэсара, студэнты яшчэ актыўней павінны выяжджаць вучыцца ў іншыя ўнівэрсытэты і каледжы Эўропы — каб частку адукацыі яны атрымлівалі ў ЭГУ, а частку, да прыкладу, у Санкт-Пецярбургу ці Флярэнцыі. Да таго ж, мара прафэсара-эгіптоляга Ігнатава — арганізаваць палявыя школы ў Эгіпце, Грэцыі.

Сёлета 3 траўня ЭГУ пераехаў у новы будынак
Сёлета 3 траўня ЭГУ пераехаў у новы будынак

Зь фінансамі ўсё стабільна

Сяргей Ігнатаў запэўніў, што сёлета зь фінансаваньнем ЭГУ ўсё у парадку, фінансавых праблем няма. Асноўныя донары ЭГУ — Эўракамісія, SIDA (Швэцыя), Літоўская дзяржава.

Але суму сёлетняга фінансаваньня ЭГУ новы рэктар не назваў, як і памер свайго заробку.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусі анулявала ліцэнзію ЭГУ. З 2005 году ЭГУ аднавіў працу ў Літве пры падтрымцы ўраду Літвы, Эўрапейскай камісіі, Рады міністраў Паўночных краінаў, а таксама міжнародных фондаў ды іншых донараў.

У верасьні 2014 году пасаду рэктара ЭГУ пакінуў акадэмік Анатоль Міхайлаў. Увесну 2015 году адбыліся выбары рэктара, у якіх узялі ўдзел 19 кандыдатаў з 7 краінаў. Перамог амэрыканец Дэвід Полік.

Дэвід Полік
Дэвід Полік

Выбары рэктара выклікалі сур’ёзную крытыку грамадзкасьці і донараў унівэрсытэту. У траўні 2016 году галоўны донар унівэрсытэту — Рада міністраў Паўночных краінаў (Nordic Council) — прыняла рашэньне прыпыніць фінансаваньне ЭГУ. Полік быў рэктарам да чэрвеня 2016 году. Яго сыход зьвязваюць зь фінансавым скандалам.

У кастрычніку 2016 году выканаўцам абавязкаў рэктара ЭГУ быў прызначаны Ёрген Ёргенсэн з Даніі.

Ёрген Ёргенсэн
Ёрген Ёргенсэн

1 сакавіка 2018 году рэктарам стаў баўгарскі прафэсар Сяргей Ігнатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG