Што можна пабачыць, разьбіраючы ўласны архіў?
Дзіўна, але яшчэ ня так і даўно не было кампутараў, інтэрнэту, электронных букаў і рыдэраў, — адно толькі папяровыя кнігі, часопісы і газэты. Проста немагчыма ўявіць, праўда?
Але на гэтым дзівосы не сканчаюцца. Сярод тых часопісаў і кніг былі такія, якія проста немагчыма было знайсьці, як тады казалі, дастаць. Кніжны дэфіцыт і ўсё такое. Але былі й такія выданьні, чытаць якія было забаронена. І калі хоць нешта з соцень заходнебеларускіх часопісаў і пэрыёдыкаў (яны выходзілі ў «польскай» Вільні без савецкай цэнзуры) можна было адшукаць у адмысловых аддзелах «Ленінкі» (цяперашняя нацыянальная бібліятэка), дык сотні выданьняў беларускай эміграцыі захоўваліся ў так званых спэцхранах, доступ да якіх давалі толькі структуры, блізкія да КГБ. То бок нам, студэнтам БДУ на ўліку куратараў з гэтай арганізацыі (а яны былі на ўсіх факультэтах) патрымаць такія штукі ў руках не выпадала. А хацелася.
Галоўны віленскі часопіс 1930-х гадоў «Калосьсе» мы знаходзілі ў прыватных калекцыях старэйшых віленскіх беларусаў. Мяжы тады не было, і ў Вільню езьдзілі часта. І пераздымалі на фотастужку. Поўны камплект «Шляху моладзі» можна было сфоткаць дома ў ягонага рэдактара Янкі Багдановіча. Шмат чаго пераздымалася ў тагачаснай (пачатак 1980-х) загадчыцы Аддзела рэдкай кнігі АН Літоўскай ССР Ніны Ляшковіч, у «Лясной хатцы» Зоські Верас ці на кватэры ў нефармальнага лідэра віленскіх беларусаў Лявона Луцкевіча.
Пасьля ў Менску гэта ўсё друкавалася (у ванным пакоі, натуральна, на павелічальніку, з праяўляльнікамі ды фіксажамі) і выпраўлялася ў «хаджэньне» па «надзейных руках».
Такіх перазьнятых кніжак у беларускім маладзёвым асяродку чыталіся сотні. Напэўна, найбольшая калекцыя захоўваецца сёньня ў закрытых архівах КГБ :)
Пашыраліся і асобныя артыкулы на незвычайныя ў той час тэмы.
Часам фотаздымкі старонак кнігі ўклейваліся ў адмысловыя «гармонікі» і ўстаўляліся ў футарал з карэньчыкам.
Так выглядала кніга Аўгена Калубовіча «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства», выдадзеная ў эміграцыі.
А гэта цэлы зборнік забароненай «антысавецкай» беларушчыны.
Яскравы прыклад «кансьпірацыі» — пад вокладкай ляяльнага савецкага паэта знаходзім забаронены заходнебеларускі часопіс «Нёман».
Зразумела, што ў такім выпадку ня трэба было рабіць пераплёт. Але гэта ня значыць, што такога навыку не было. Пераплёты выходзілі даволі прафэсійныя.
Пакуль фатаграфаваў тое, што сам жа і рабіў без малога 40 гадоў таму, пераздымаючы колішнія выданьні, дык умацаваўся ў думцы, што старыя тэксты з часам сталі яшчэ больш незвычайнымі, таямнічымі і прыцягальнымі.