Кангрэс ЗША разгледзіць законапраект аб выдзяленьні Эўразьвязу аднаго мільярда даляраў для зьніжэньня залежнасьці ЭЗ ад расейскага газу. Сродкі пойдуць на фінансаваньне энэргетычных праектаў у Эўропе ў пэрыяд з 2019 па 2023 гады.
Адзін з аўтараў дакумэнту, сэнатар Крыс Мэрфі, заявіў на сваёй афіцыйнай старонцы, што цяпер Масква «выкарыстоўвае сваё дамінаваньне на энэргетычным рынку, а таксама подкуп, карупцыю і прапаганду, каб падарваць заходнія інстытуты і прывесьці да ўлады падкантрольныя ўрады, якія ня могуць ці ня хочуць супрацьстаяць Расеі».
Паводле ягоных словаў, гэтая ініцыятыва стане дадаткам да інвэстыцый у вайсковую абарону, якія ЗША зрабілі ва Ўсходняй Эўропе для стрымліваньня меркаванай расейскай пагрозы.
Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова зьвяртаў увагу на залежнасьць Нямеччыны ад расейскага газу і крытыкаваў яе за выдачу дазволу на будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток-2». Тым ня менш, ён пакуль адмаўляецца ўводзіць санкцыі супраць гэтага праекту, нягледзячы на тое, што раней амэрыканскія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі адваротнае.
За мінулы год экспарт расейскага газу ў краіны Эўразьвязу вырас прыкладна на 8,5% і дасягнуў амаль 200 мільярдаў кубамэтраў. Доля «Газпрому» на рынку ЭЗ павялічылася за гэты пэрыяд з 33% да 35%.