Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993, Лукашэнка: "Я гатовы на каленях паўзьці ў Расею"


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Кнігу можна атрымаць на прэзэнтацыі, якая пройдзе ў сераду 17 кастрычніка ў 18.30 у сядзібе партыі БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3-39).

Валеры Ціхіня (Сьветлагорская-Маладзёжная выбарчая акруга № 232): Вчера в Минске состоялось расширенное заседание Координационного комитета Народного движения Беларуси. Руководители политических партий и общественных объединений приняли Заявление. Позвольте огласить текст этого документа. «Народное движение Беларуси заявляет о полной поддержке деятельности народного депутата Республики Беларусь Лукашенко… Стремление БНФ затушевать истинную причину, списав все на партгосноменклатуру и комноменклатурное правительство, и нажить себе политический капитал на трагедии белорусского народа нельзя расценить иначе, как безнравственное. Народное движение Беларуси считает, что причина разверзшейся трагедии коренится не столько в плохих чиновниках, сколько в самой стратегии реформ, осуществляющихся не в интересах народа, а за счет народа, не в интересах Беларуси, а в интересах Запада…» Заявление подписали руководители Славянского собора «Белая Русь», Фонда Республики Беларусь по социальной защите военнослужащих, Союз офицеров Республики Беларусь, Организация ветеранов Республики Беларусь, Движение за демократию, социальный прогресс и справедливость, Комитет солдатских матерей Республики Беларусь, республиканское народно-патриотическое движение «Отечество», общественно-культурное объединение «Полесье», Партия коммунистов Беларуси. Всего подписали 22 руководителя политических партий, объединений.

Выступ у "Розным"

Бясспрэчна, у чытачкі ці чытача кнігі ёсьць незамужняя альбо сястра, альбо дачка, альбо ўвогуле проста знаёмая. Уявіце, што яна выйшла замуж за брытанскага прынца, менавіта гэтая гэтая канкрэтная дзяўчына. І не кажыце, што гэта немагчыма, паколькі імавернасьць нават адзін на мільярд — якая ні ёсьць, але імавернасьць.

Калі вы ўсё роўна ў такое ня верыце (і правільна робіце) — дык прызнаюся, што ў сярэдзіне 1993-га магчымасьць Лукашэнкі заняць пасаду кіраўніка дзяржавы падавалася абсалютнай большасьці палітычных актывістаў менш імавернай, ды ўвогуле — проста нулявой.

Праз гады ў інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода Вользе Караткевіч Зянон Пазьняк скажа: «У Вярхоўным Савеце літаральна ніхто сур’ёзна ня ставіўся да Лукашэнкі. Гэты чалавек не карыстаўся ніякай павагай, ніхто ня мог уявіць, што ён можа быць прэзыдэнтам. Акрамя аднаго чалавека, прозьвішча якога я назаву, які зь небясьпекай ставіўся. Гэта Сяргей Навумчык. Ён мяне папярэджваў, што “Зянон Станіслававіч, прыгледзьцеся, гэта дастаткова небясьпечная істота”. Калі мы ўжо прыгледзеліся, то было позна. Ён ужо перайшоў тую мяжу, за якой ужо, незалежна ад яго дзеяньняў, гралі тыя працэсы, якія ў гісторыі выносілі на хвалю такіх вось авантурыстаў. Ня толькі ў нашай краіне такое было. Так што, на вялікі жаль, гэта было заўважана ўжо позна» (Радыё Свабода, 26 чэрвеня 2006).

Пасьля такіх слоў ёсьць спакуса самазадаволена казаць: «А я ж папярэджваў!», але я павінен удакладніць ацэнку Пазьняка адносна майго бачаньня Лукашэнкі ў тым часе.

Успрыманьне гэтае базавалася не на нейкім палітычным прагнозе, а на асабістай антыпатыі, якая тады ўжо была ўзаемнай.

У інтэрвію магілёўскай газэце летам 1993 году ў якасьці кіраўніка антыкарупцыйнай камісіі Лукашэнка з усіх дэпутатаў апазыцыі прыгадаў мяне як прыклад карупцыі: Навумчык аўтамабіль набыў! Выглядала, ён уважліва за мной сачыў, пры тым што за ўвесь год паміж намі адбылася, можа, пара кароткіх дыялёгаў. Ягоныя зласьлівыя камэнтары да маіх выступаў на пасяджэньні Канстытуцыйнай камісіі ці дэпутацкіх нарадаў я звычайна пакідаў без адказаў; зрэшты, аднойчы не стрымаўся: «Навумчык, табе трэба ў псіхушку!» — «Саша, адразу пасьля цябе!», і гэты абмен рэплікамі дакладна перадае характар нашых узаемаадносінаў.

Аднак я адчуваў неверагодную інтуіцыю Лукашэнкі, ягоную здольнасьць вучыцца нават у сваіх палітычных апанэнтаў, не саромеючыся прагалаў у ведах — так, аднойчы, калі мы ўтрох сядзелі ў кабінэце дарадцы Шушкевіча Івана Сьцяпуры, ён папрасіў мяне патлумачыць значэньне выразу «a prіorі».

Я разумеў, што Лукашэнка куды больш небясьпечная для Народнага Фронту, увогуле для ідэяў незалежнасьці фігура, чым гэта многім здаецца, і настойваў на публічным выкрываньні і абвяржэньні ягоных заяваў. Але каб сур’ёзна ўспрыняць яго менавіта як будучага кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы — не, гэтага ў мяне не было (дый верылася яшчэ, што нам удасца не дапусьціць увядзеньня прэзыдэнцтва).

Аднак сапраўды — ад маіх прапановаў дыскутаваць з Лукашэнкам адмахваліся, казалі, што гэта толькі створыць яму рэкляму, што ня варта лішні раз згадваць ягонае прозьвішча. Увогуле, такая пазыцыя была правільнай — аднак было ўжо запозна. Мне было зразумела, што «цягнік пайшоў», што калегі-журналісты ўжо зрабілі сваю справу, цягам некалькіх гадоў вылучаючы Лукашэнку хоць бы нават і ў якасьці забаўнага пэрсанажа, ці, як кажа сёньняшняя моладзь, «фрыка». Лукашэнка ўжо фігураваў у апытаньнях «За каго б вы прагаласавалі на прэзыдэнцкіх выбарах?»

Варта сказаць, што сама ідэя ўвядзеньня прэзыдэнцтва ў немалой ступені была ўнесеная ў грамадзкую сьвядомасьць і замацавалася ў ёй праз камічную форму. А менавіта — заявамі «графа» Прушынскага, які ўспрымаўся як экзальтаваная фігура з гэткай самай экзальтаванай амбіцыяй. У 1992–1993 гадах не было, здаецца, ніводнай газэты, якая б не апублікавала зь ім інтэрвію ці не напісала пра ягоны намер зрабіцца прэзыдэнтам; як бы камічна ні выглядаў пры гэтым сам «граф», у сьвядомасьці чытачоў пры гэтым замацоўвалася верагоднасьць увядзеньня прэзыдэнцкай пасады.

Альянс праімпэрскіх сілаў

Здараецца, што аналізуючы падзеі ў іх рэтраспэктыве, бачыш лёгіку і заканамернасьць, і нават дакладны разьлік у тым, што раней здавалася неверагодным ці пра што зусім ня думалася.

У апублікаваным дзёньніку пачатку 1970-х (не ўспамінах, якія пішуцца пост-фактум, а менавіта ў дзёньніку) аднаго з адказных супрацоўнікаў ЦК КПСС праскоквае зацемка, што старшыня КГБ Андропаў, паводле блізкай да яго асобы, мае намер заняць пасаду Генэральнага сакратара. Тады ніхто не разглядаў Андропава ў якасьці генсека, называлі іншыя кандыдатуры. Нават пры моцных пазыцыях КГБ здавалася немагчымым, што шэф гэтай установы зойме галоўную пасаду ў краіне. І тым ня менш, празь дзесяць гадоў гэта здарылася, і апублікаваныя ўспаміны ды архіўныя матэрыялы сьведчаць, што Андропаў пасьлядоўна і мэтанакіравана ішоў да сваёй мэты. Шлях гэты, канешне, мог быць спынены з розных прычынаў, але здарылася так, што фініш быў пасьпяховым.

Нешта падобнае бачыш, калі аналізуеш палітычны шлях Лукашэнкі: нават тыя ягоныя крокі, якія ў 1993-м здаваліся нелягічнымі, нават абсурднымі — дакладна кладуцца ў выбудаваную лёгіку дарогі да найвышэйшай улады.

І альянс з праімпэрскімі, пракамуністычнымі, антынезалежніцкімі сіламі таксама выглядае абсалютна невыпадковым. Пры гэтым, гэта быў ня шлюб з разьліку, а шлюб з каханьня.

Ідэю аднаўленьня СССР высоўвалі самыя артадаксальныя аб’яднаньні, якія тады ўспрымаліся маргінальнымі — адноўленая камуністычная партыя, Славянскі сабор «Белая Русь», Саюз афіцэраў. Іх пікеты зьбіралі ня больш за 10–15 чалавек. На самае вялікае іх сьвята — дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — у Менску сабралася ня больш як тры сотні пад чырвонымі сьцягамі СССР.

Шмат кім з маіх знаёмых і аднадумцаў іх заявы ўспрымаліся як голас зь мінулага, вяртаньне да якога магчыма хіба што толькі ў машыне часу. Некаторыя нават раілі не кранаць іх у сваіх выступах і артыкулах («Толькі лішнюю рэкляму ім ствараеце»), асабліва часта такі папрок гучаў у бок Пазьняка, які нязьменна казаў пра магчымасьць камуністычнага рэваншу.

Але мы ў Народным Фронце лічылі інакш, бо нам, асабліва дэпутатам, былі бачныя мэханізмы і прывадныя пасы гэтага працэсу — ішлі яны з Масквы, ад праімпэрскіх, пракамуністычных сілаў, якія аб’ядналіся вакол старшыні Вярхоўнага Савету Расеі Хасбулатава і віцэ-прэзыдэнта Руцкога, праз апарат Савету міністраў Беларусі (праціўнікі незалежнасьці былі аб’яднаныя ў «Народное движение Беларуси» на чале з начальнікам аднаго з упраўленьняў Саўміну Сяргеем Гайдукевічам).

Але рупарам гэтых сілаў у Беларусі быў Лукашэнка, і калі раней я прывёў аналёгію шлюбу з каханьня, дык мушу прызнаць яе не зусім дакладнай, бо ў шлюбе задзейнічаныя двое, а тут было адно цэлае, зьяднанае і непарыўнае.

У жніўні 1993-га Лукашэнка разам з дэпутатамі Генадзем Казловым і Мікалаем Скарыніным у Маскве правёў перамовы з Русланам Хасбулатавым адносна палітычнага аб’яднаньня Беларусі і Расеі. Тады яшчэ было незразумела, чым скончыцца супрацьстаяньне Ельцына і ягоных апанэнтаў, але было відавочна, што ў выпадку перамогі Хасбулатава Масква ўзяла б курс на ліквідацыю беларускай незалежнасьці. І паказальна, што саюзьнікамі ў гэтай справе былі людзі з атачэньня Кебіча (Казлоў быў намесьнікам начальніка ўпраўленьня грамадзкай бясьпекі і абароны Савету міністраў Данілава, Скарынін — дарадцам старшыні Савету міністраў Кебіча).

Абсалютна немагчыма сабе ўявіць, каб паездка ў Маскву адбывалася бяз згоды Кебіча, альбо што Казлоў і Данілаў утрымаліся б на сваіх пасадах, калі б Кебіч быў нязгодны зь іх пазыцыяй. Дый сама паездка — толькі эпізод у шэрагу пэрыядычных заяваў Казлова і Скарыніна пра неабходнасьць аб’яднаньня з Расеяй (што фактычна азначала ліквідацыю Беларусі як незалежнай дзяржавы). Адно слова Кебіча — і такія заявы былі б спыненыя. Але наадварот — у жніўні і ў верасьні 1993-га Кебіч сам казаў пра ліквідацыю СССР як пра памылку.

Тая паездка ў Маскву суправаджалася публікацыяй 26 жніўня інтэрвію Лукашэнкі ў маскоўскай камуністычнай газэце «Правда» пад красамоўным загалоўкам «Да возродится!» Аднавіцца, паводле перакананьня Лукашэнкі, павінен быў Савецкі Саюз — у форме новай імпэрыі. Лукашэнку было недастаткова эканамічнага саюзу, ён патрабаваў палітычнага, прычым поўнага аб’яднаньня: «Трэба пачынаць рух да адзінай нармальнай дзяржавы». І яшчэ: «Трэба неадкладна стварыць адзіную дзяржаву нават зь дзьвюх нашых рэспублік (Беларусі і Расеі — С. Н.) Зразумейце, для іншых народаў былога СССР гэта будзе магутным стымулам».

Таму інтэрвію наканавана ўвайсьці ў гісторыю яшчэ з адной прычыны — яно было прадметам выступу ў «Народнай газэце» Васіля Быкава.

«Дзеля ўлады яны згодныя аб’яднацца з самім д’яблам»

Артыкул Быкава быў надрукаваны 1 верасьня, празь некалькі дзён пасьля інтэрвію Лукашэнкі. Ніколі раней Быкаў не прысьвячаў нейкай публікацыі асобны артыкул, прычым, калі ўлічыць тэхналягічны працэс выхаду «Народнай газэты» (нумар рыхтаваўся за суткі да выхаду), Васіль Уладзімеравіч напісаў свой тэкст адразу.

Я ня памятаю, каб Васіль Уладзімеравіч удзельнічаў у нашых абмеркаваньнях на тэму, пра якую я пісаў вышэй — ці трэба спрачацца з Лукашэнкам, бо гэта толькі зробіць яму дадатковую рэкляму (я лічыў, што трэба). Я ўвогуле не прыпамінаю, каб ён згадваў Лукашэнку ў размовах да гэтай сваёй публікацыі. Але форму Быкаў абраў, на мой погляд, ідэальную: ён цытуе Лукашэнку, але нідзе ня згадвае ягонага прозьвішча. Іншымі словамі, кажа пра яго як пра зьяву. І зьяву вельмі небясьпечную.

Артыкул Васіля Быкава ў "Народнай газэце"
Артыкул Васіля Быкава ў "Народнай газэце"

«Народы былога Савецкага Саюзу мелі нядаўна шчасьлівую магчымасьць пазнаёміцца ў «Правде» з адметным сваёй незвычайнасьцю матэрыялам, — пісаў Быкаў. — Маецца на ўвазе інтэрвію з выразна малітоўнаю назвай “Да возродится!”, арганізаванае ўласным карэспандэнтам гэтай газэты па Беларусі. Канешне, у свой час у гэтай газэце даводзілася чытаць і не такія матэрыялы (зрэшты, і ў пазьнейшы таксама), але каб з гэткай ашаламляльнай адкрытасьцю паставіцца да кволай незалежнасьці краіны, дзе нарадзіўся і жывеш, дзе будуць жыць твае дзеці, — такое трэба пашукаць у наш час сярод самай чырвона-карычневай прэсы».

Не называючы імя Лукашэнкі, Быкаў ахарактарызаваў яго як «перапалоханага чалавека, які за гады ідэалягічнага ачмурэньня, відаць, так і не разабраўся ў гістарычнай сутнасьці часу».

Быкаў зьвяртае ўвагу, што «ствараецца ўражаньне, быццам шаноўны народны дэпутат толькі ўчора спусьціўся з космасу на нашу грэшную зямлю і ўбачыў, што тут “народ обнищал”, што вакол жах і непарадкі, і яго напаткала шчасьлівае азарэньне: “поодиночке из беды не выбраться”. Быццам і ня ведае, што Беларусь болей за 70 гадоў згодна і вернападдана існавала у “едином и нормальном государстве” і менавіта ў ім дажылася да сёньняшняга жаху і бязладзьдзя, калі “нет нефти, горючего, простаивают комбайны, перекрывается газ, нет новых российских денег”. (Заўважце, усё ў безасабовай форме, усе няшчасьці быццам па волі лёсу.) Што і казаць, тое сапраўды жахліва. Толькі якая сувязь паміж “нет нефти, горючего” і сувэрэннасьцю краіны?»

Быкаў назваў галоўную, на ягоны погляд, прычыну прагі рэваншу з боку антыдэмакратычных праімпэрскіх сіл: «Глядзіш, народ раптам паразумнее, забярэ зямлю і пачне ладзіць жыцьцё на свой лад, як спрадвеку ладзілі яго продкі і ладзяць цяпер па ўсім сьвеце — на аснове здаровага сэнсу і прыватнай уласнасьці. Значыць, спадзяванка адна: звыклы камуністычны рэжым, дзе так салодка жылося вялізнай зграі партыйна-гаспадарчых захрыбетнікаў. І цяпер, спахапіўшыся, яны пачалі адмаўляць у сувэрэннасьці краіне, у якой звыклі валадарыць. Так, цяпер кепска — і зьбядненьне, і разлад, якія яны спрабуюць сьпісаць на дэмакратаў, на славуты разрыў сувязяў, на ізаляцыянізм як палітыку нацыяналістаў. Але ўсё тое — чыста бальшавіцкая прапаганда, замяшаная на гёбэльсаўскіх рэцэптах: чым болей неверагодная хлусьня, тым ахвотней у яе павераць. Дзе ў Беларусі тыя дэмакраты, пры якой служаць уладзе? Жменька дэпутатаў БНФ у Вярхоўным Савеце... Астатнія — камуністы ў сталіцы і раёнах».

Васіль Быкаў прыгадваў забарону Вярхоўным Саветам рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах, казаў пра рэанімацыю камуністычнай партыі, пра магчымасьці парлямэнту і ўраду ў межах сувэрэннай улады наладзіць разумнае гаспадараньне — і пра іх нежаданьне гэта зрабіць у чаканьні «звыклых указаньняў з Масквы».

«Нацыяналізм бывае розны, — пісаў Быкаў, — як і яго палітычныя антыподы. Характар яго вызначаюць шмат якія элемэнты нацыянальнай сутнасьці, геапалітычнай канкрэтнасьці. Нацыяналізм датчан ці фінаў, напрыклад, зусім іншая зьява, чым арабскі нацыяналізм. Зноў жа, у пэўных абставінах нават і антыподы могуць стацца роднаснымі, калі не па форме, дык па сэнсе. Прыгадаем расейскі бальшавізм і нямецкі фашызм, гэтыя два канцы адной палкі. Беларускі нацыяналізм больш вядомы як нацыянал-дэмакратызм, ён ня супраць каго-небудзь, ён — за. Найперш за лёс свае нацыі».

У 1993 годзе надаць слову «нацыяналізм» станоўчае значэньне — гэта было вельмі сьмела.

«Сувэрэннасьць нацыі і дзяржавы — адна з самых сьвяшчэнных даброт супольнага чалавечага існаваньня, і толькі ва ўмовах скажонай, перакуленай сьвядомасьці зьяўляецца патрэба тое даказваць, — пераконваў Быкаў. — Толькі зьнешні вораг ці ўнутраны здраднік можа ў наш час выступаць супраць права народа на самавызначэньне, на самастойнасьць яго існаваньня... Нацыянальная незалежнасьць, дзяржаўная сувэрэннасьць нацый і народаў сталі адметнай вяхой напрыканцы ХХ стагодзьдзя. Іншая справа — як распарадзіцца той сувэрэннасьцю, як на яе аснове наладзіць эканоміку, урэгуляваць прававое жыцьцё. Вядома, у нас яны ладзяцца з рук вон кепска. І тут галоўная прычына ў кіраўніцтве, ва ўладзе. Стала відавочна, што са зьменай сацыяльных адносін патрэбная і зьмена ўлады».

Завяршаў свой артыкул Быкаў словамі пра «генэралаў ВПК» і «чырвоных фэадалаў», якія не жадалі саступіць маёмасьць, якая гарантавала ім уладу: «А ўжо з уладай яны не расстануцца, нават каб для яе ўтрыманьня спатрэбілася заключыць “калектыўнае пагадненьне” або аб’яднацца з самім д’яблам».

Нумар «Народнай газэты», у якой быў надрукаваны артыкул Васіля Быкава, выйшаў накладам 500 400 асобнікаў (паўмільёна).

Гэта значыць, што кожны, хто хоць у нейкай ступені цікавіўся палітыкай, мог гэты артыкул прачытаць і зрабіць высновы. І, канешне, чыталі яго дэпутаты Вярхоўнага Савету — у тым ліку і тыя, хто праз паўгода ініцыюе альбо падтрымае вылучэньне Лукашэнкі ў прэзыдэнты.

Ну а на самога Лукашэнку словы Быкава калі і паўплывалі, дык у адваротным кірунку — праз два тыдні пасьля публікацыі, 13 верасьня ў Менску праімпэрскія пракамуністычныя сілы правялі «Кангрэс народаў Беларусі» з удзелам прадстаўнічай дэлегацыі з Масквы — тых, каго мы называлі «чырвона-карычневымі».

Выступ Лукашэнкі зрабіў сапраўдны фурор, а ягоныя словы пра гатовасьць «на каленях паўзьці ў Расею» выклікалі авацыю. Пад чырвонымі сьцягамі Лукашэнка заявіў: «На нашай зямлі быў зьнішчаны вялікі Савецкі Саюз. Адсюль, менавіта адсюль павінен пайсьці рух па стварэньні новай вялікай дзяржавы».

І калі гэтыя словы можна назваць рытарычнай кульмінацыяй антынезаплежніцкай пазыцыі Лукашэнкі, дык ягоная паездка ў Маскву, выступ у Дзяржаўнай думе і ўдзел у перамовах паміж кіраўніцтвам урадаў Беларусі і Расеі варта лічыць палітычным замацаваньнем гэтай пазыцыі. Лукашэнка заявіў, што за падпісаньне дамовы аб аб’яднаньні грашовых сыстэмаў Беларусі і Расеі Кебічу трэба паставіць помнік пры жыцьці.

Мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, запатрабавалі пазбавіць Лукашэнку дэпутацкіх паўнамоцтваў, што было цалкам лягічна: чалавек, які дамагаецца ліквідацыі дзяржавы, не павінен вырашаць лёс гэтай дзяржавы. Але цалкам натуральна і тое, што нашая прапанова не была прынятая парлямэнтам, большасьць дэпутатаў якога падзялялі погляды Лукашэнкі. Падзялялі, але маўчалі, бо былі разумнейшымі. Альбо — лічылі сябе такімі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG