Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы едуць валянтэрамі на край сьвету і хто за гэта плаціць


Валянтэрства — гэта ня толькі дапамога вэтэранам ці бяздомным жывёлам. Гэта яшчэ і магчымасьць паглядзець сьвет, пазнаёміцца з рознымі культурамі і нават знайсьці сябе. Свабода пагаварыла з трыма беларускамі, якія валянтэрылі ў розны час у розных краінах сьвету, пра культурную розьніцу, незвычайныя ўмовы жыцьця і навошта ім гэта было патрэбна.

Ганна (Гватэмала): «Быць доктарам там неверагодна пачэсна»

Ганна (у цэнтры) сярод валянтэрак клінікі Health&Help
Ганна (у цэнтры) сярод валянтэрак клінікі Health&Help

​Студэнтка мэдыцынскага ВНУ Ганна некалькі гадоў шукала міжнародныя валянтэрскія праекты ў клініках.

«Мне хацелася паглыбленьня ў іншую культуру — пабачыць штосьці, навучыцца чамусьці. Не хацелася, каб валянтэрства было простым», — распавядае яна.

У клініцы
У клініцы

Найперш Ганна думала пра Афрыку і актыўна праглядала тэматычныя суполкі. Падчас гэтага трапілася на вочы пару згадак пра Гватэмалу. Прайшло пару гадоў, і сяброўка расказала ёй пра клініку Health&Help у гватэмальскай вёсцы Чуінахтахуюб. Яна ведала яе арганізатарак і прапанавала сабраць грошы на квіток і жыцьцё праз краўдфандынг.

Ганна арганізавала краўдфандынг на сэрвісе generosity.com. Гэта міжнародная пляцоўка для збору грошай для тых, хто трапіў у складаную жыцьцёвую сытуацыю. Напачатку дзяўчыне дапамагалі знаёмыя. Так назьбіралася каля 170 даляраў. Але потым знайшоўся спонсар, які дапамог 2 тысячамі даляраў.

«Гэта даволі вядомы беларус, якому спадабалася мая матывацыя: паехаць так далёка і зрабіць там нешта добрае. Ягоная дапамога пакрыла кошт квіткоў і лекаў у клініку, таксама валізы дадатковага багажу лекаў. Сваіх грошай мне давялося патраціць каля 500-600 даляраў».

Ганна самастойна дамаўлялася з клінікай пра валянтэрства. Гэта было больш складана з прычыны адсутнасьці арганізацыі, якая б дапамагла з трансфэрам і жытлом. Затое не прыйшлося плаціць камісію.

«У Гватэмале я жыла два месяцы гэтым летам. Каб трапіць туды на тэрмін, меншы за паўгода, дастаткова толькі шэнгенскай візы. Квіток дарагі, а пералёт быў доўгім: з трыма перасадкамі, некаторыя зь якіх былі па 17 гадзін», — расказвае дзяўчына.

Яна працавала мэдсястрой і таксама шмат дапамагала дактарам. Трэба было самой прыбіраць, мыць, гатаваць у клініцы і стэрылізаваць інструмэнты. Акрамя Ганны, было яшчэ тры дактары — з Расеі і Ўкраіны. І ўсе валянтэры. У клініцы быў ложак, душ, прыбіральня. Кармілі тры разы на дзень.

«У Гватэмале вельмі дарагая мэдыцына, а народ бедны. Там няма „хуткіх“, мала мэдыцынскага абсталяваньня. Нават простае лячэньне мясцоваму насельніцтву часта не па кішэні. Шмат хто там мае вельмі запушчаныя захворваньні: артрыты, зламаныя суставы, нялечаныя пераломы, нэўралягічныя захворваньні. Шмат дыябэту, бо ежа вельмі спрыяе», — прыгадвае Ганна.

Клініка Health&Help працуе праз сыстэму ахвяраваньняў: калі ў пацыента няма грошай — ён ня плаціць. Калі мае 1-2 даляры — дактары з задавальненьнем іх прымуць.

Дзяўчына падкрэсьлівае, што гватэмальцы моцна адрозьніваюцца ад сваіх суседзяў: яны больш закрытыя і традыцыйныя. У рэгіёне Мамастэнэнга, дзе знаходзілася клініка, людзі ходзяць у нацыянальным адзеньні.

Нягледзячы на беднасьць людзей, Гватэмала — дарагая краіна. Напрыклад, SIM-картка з 2,5 гігабайта інтэрнэту і безьлімітам на WhatsApp і Facebook каштавала 15 даляраў на месяц. Сьняданак у кавярні каштаваў каля 4 даляраў. З іншаземцаў часта стараюцца браць у два разы больш грошай.

Ганна кажа, што быць доктарам у Гватэмале неверагодна пачэсна. Але пры гэтым дактары часта непаважліва паводзяць сябе зь мясцовымі. Многія жыхары горных раёнаў ня ўмеюць чытаць і пісаць, і дактары дазваляюць сабе быць жорсткімі ці нецярплівымі зь імі.

На пытаньне, што ёй дало валянтэрства ў Цэнтральнай Амэрыцы, Ганна кажа, што яна зразумела, што ніхто нікому не вінаваты.

«Трэба рабіць сваю справу, і рабіць яе добра», — кажа дзяўчына.

Вікторыя (Бэрлін): «Там вельмі лёгка пабудаваць сваё жыцьцё з нуля»

Вікторыя Жлобіч валянтэрыла ў Бэрліне на працягу 10 месяцаў у 2015–2016 гадах па праграме «Эўрапейскай валянтэрскай службы». Праграма дазваляе маладым людзям валянтэрыць у краінах ЭЗ і чатырох партнэрскіх на тэрмін ад 2 тыдняў да 12 месяцаў.

«Ты можаш павалянтэрыць, пазнаёміцца зь іншай культурай, вывучыць новую мову, а таксама адчуць сябе больш эўрапейцам», — кажа дзяўчына.

Вікторыя Жлобіч
Вікторыя Жлобіч

Праграма пакрывае практычна ўсе асноўныя выдаткі: дарогу, харчаваньне, арэнду жытла, кішэнныя грошы, мэдыцынскую страхоўку, а таксама бясплатны курс вывучэньня мовы.

Грошы выдаюцца ў памеры пражытковага мінімуму ў той ці іншай краіне. У Вікторыі нават узьніклі праз гэта праблемы з адкрыцьцём візы: нямецкая амбасада ня верыла, што дзяўчыне хопіць гэтых грошай на жыцьцё.

«Трапіла на праграму я досыць выпадкова, пабачыўшы ў „Фэйсбуку“ абвестку. Мне была вельмі цікавая тэма праекту: я мусіла арганізоўваць міжнародныя праекты і праграмы для моладзі. Дагэтуль я ўжо была ў Бэрліне і закахалася ў гэты горад. Вырашыла паспрабаваць», — дзеліцца сваім досьведам Вікторыя.

Каб трапіць на праграму, трэба было запоўніць анкету і даслаць рэзюмэ разам з рэкамэндацыйным лістом, а таксама падрыхтаваць невялікую прэзэнтацыю пра сябе. Потым было Skype-інтэрвію з арганізацыяй, якая прымала ў Бэрліне. Праз колькі дзён Вікторыі сказалі, што яе прынялі на праграму.

Рашэньне паехаць валянтэркай не было лёгкім, прызнаецца цяпер дзяўчына.

«Здавалася, калі паеду ў іншую краіну на такі доўгі тэрмін, то страчу ўсё, што ў мяне ёсьць. На той момант я кепска гаварыла па-ангельску, мне было 19 гадоў, у мяне была неблагая праца, а мне прапаноўвалі праз два тыдні сабраць валізку і паехаць на 11 месяцаў у іншы горад. Але мяне натхніў мой тагачасны начальнік».

У Бэрліне Вікторыя займалася моладзевымі абменамі паміж Нямеччынай і Беларусьсю, Расеяй, Украінай і Казахстанам. Складала праграму, прыдумляла і праводзіла трэнінгі, арганізоўвала харчаваньне.

«Задачы былі вельмі разнаплянавыя, тэматыка праектаў была вельмі розная: ад тэатру і музыкі да мэдыцыны», — дзеліцца Вікторыя.

Адным з найвялікшых плюсаў валянтэрства для Вікі стала месца, дзе яно адбывалася.

«Мне пашанцавала, што я трапіла менавіта ў Бэрлін. Ён вельмі „мульці-кульці“. Там вельмі лёгка знайсьці кампанію, пабудаваць сваё жыцьцё з нуля. Калі я там, то адчуваю сябе інакш. У самы першы дзень калега-валянтэрка павяла мяне на экскурсію па Бэрліне, мы завіталі на гей-парад, а потым на канцэрт забароненага тады ў Беларусі Вайцюшкевіча...»

Але ня ўсё было так радасна. Былі і моманты, калі было няпроста і сумна. Цяпер Віка кажа, што ёсьць пэўныя этапы адаптацыі да жыцьця ў новай краіне.

«Напачатку ў цябе вялікае натхненьне, усё здаецца такім новым. Потым надыходзіць момант эмацыйнага спаду. Ты пачынаеш сумаваць па дому. А потым у цябе ці выраўноўваецца настрой, ці падае ніжэй.

Дзякуючы праекту Вікторыя пазнаёмілася з абсалютна іншай культурай, пазбавілася шмат якіх стэрэатыпаў. Яна кантактавала зь людзьмі вельмі розных узростаў, нацыянальнасьцяў, пачула мноства жыцьцёвых гісторый. Дзяўчына вандравала, атрымлівала вялікі прафэсійны досьвед у арганізацыі праектаў.

«Але гэтае валянтэрства больш тычылася маіх асабістых зьменаў, а не прафэсійных навыкаў», — падкрэсьлівае Вікторыя.

Марта (Сэнэгал): «Калі прыбраць культуру, там застануцца толькі пясок ды садавіна»

Марта Шчарбакова
Марта Шчарбакова

Марта Шчарбакова не жыве ў Беларусі ўжо два гады. Пасьля Коласаўскага ліцэю дзяўчына вучылася ў United World College (Аб’яднаны каледж сьвету) у Сынгапуры.

«Калі ліцэй зьмяніў мяне ў пляне беларускасьці, то UWC — у больш глябальным сэнсе. У Сынгапуры я зразумела, што ўсе мы вельмі розныя і паходзім зь вельмі розных пунктаў сьвету. Мне захацелася даць шмат гэтаму сьвету, і я вырашыла паехаць валянтэркай у Сэнэгал», — распавядае Марта.

Яна выправілася ў Афрыку па праграме Global Citizen Year, якая існуе каля 10 гадоў і дапамагае моладзі пабачыць сьвет, робячы карысныя справы.

Індыя, Бразылія, Эквадор і Сэнэгал — краіны, куды можна трапіць дзякуючы Global Citizen Year. Удзел каштуе 32 тысячы даляраў.

«Але я выпускніца UWC і таму атрымала стыпэндыю на гэтую праграму, якая пакрывае ўсе выдаткі, — падкрэсьлівае Марта.

Дзяўчына жыве ў прыёмнай сям’і, якая корміць яе і адвяла асобны пакой.

«Яны палігамная сям’я, у майго „таты“ дзьве жонкі, а яшчэ зь імі жывуць сем’і іхных братоў, сясьцёр, бацькоў і яшчэ кагосьці. Мне далі сэнэгальскае імя і цяпер завуць Арта Сэнэ Дыюф».

Валянтэрства Марты складаецца зь дзьвюх частак: садаводзтва і выкладаньня ангельскай мовы ў мясцовай школе.

«Гэта вельмі цікавы досьвед, бо я знаходжуся ў вёсцы, дзе паўсюль пясок. Тут вельмі сухі клімат, сапраўдная пустэльня! — кажа яна. — Сад, у якім я працую, — гэта адзіны кавалачак зеляніны, які ёсьць на пяць кілямэтраў вакол».

Марта кажа, што ў Сэнэгале іхныя традыцыі — гэта аснова ладу жыцьця. І нават жартуе, што калі прыбраць культуру, то там застанецца хіба што садавіна ды пясок.

Сэнэгальцы — мусульмане, і таму арабская культура вельмі паўплывала на мясцовую. На вуліцах можна пачуць, як арабскія песьні сьпяваюць пад афрыканскія барабаны.

Абед — самы галоўны прыём ежы. Ядуць яго на падлозе з агульнай місы. Гэта заўсёды рыс з рыбай ці зь нейкай гароднінай. Мясцовыя людзі ўжываюць вельмі шмат алею, спэцый.

Каналізацыі ў доме, дзе жыве Марта, няма, як і гарачай вады. Вядро ды дзірка ў падлозе — вось і ўвесь душ.

«А яшчэ тут няма туалетнай паперы. Таму нельга вітацца левай рукой, — дзеліцца дзяўчына. — А яшчэ сэнэгальцы шалёныя ў пляне танцаў».

Пакуль Марта дакладна ня ведае, што будзе рабіць далей.

«Падчас Global Citizen Year людзі часта мяняюць пляны. Я ведаю, што паеду вучыцца ва ўнівэрсытэт у ЗША. Але мне цікава, як я буду выкарыстоўваць тутэйшы досьвед. Хочацца зрабіць яго патрэбным. Будучыня адкрытая», — кажа яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG