Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячыя вершы Ларысы Геніюш выдадуць без савецкай цэнзуры


Ларыса Геніюш, 1928 год
Ларыса Геніюш, 1928 год

На сайце Talaka.by завяршаецца збор грошай на выданьне поўнага збору дзіцячых вершаў беларускай паэткі Ларысы Геніюш «Лісты ўнукам». Ахвяраваць грошы можна яшчэ цягам чатырох дзён.

Хоць на праект трэба сабраць 10 тысячаў рублёў, а сабралі пакуль толькі 6800, ініцыятар праекту, журналіст і тэлевядоўца, заснавальнік курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка кажа, што кніга ўжо дакладна выйдзе — нават калі не набярэцца поўная сума. Але ён заклікае далучацца да кампаніі, каб атрымаць кнігу «па самым нізкім кошце».

Кнігу вершаў Ларысы Геніюш «Лісты ўнукам» можна замовіць на Talaka.by за 25 рублёў (32 рублі з дастаўкай па Беларусі). Можна таксама ахвяраваць меншыя сумы або набыць некалькі экзэмпляраў адразу. Тым, хто ахвяруе 1100 рублёў, абяцаюць 50 асобнікаў і падзяку ў кнізе.

У кнізе абяцаюць выдаць 53 вершы паэткі, якія раней не публікаваліся, а таксама ўсе выдадзеныя раней, але «адмытыя» ад савецкай цэнзуры (побач кніжныя і аўтарскія).

Большасьць дзіцячых вершаў Ларысы Геніюш пры яе жыцьці не публікавалі, сьцьвярджаюць укладальнікі кнігі, бо нават у дзіцячых вершах «знаходзілі крамолу».

Як прыклад прыводзяць кніжны «адцэнзураны» і аўтарскі варыянт верша пра птушак.

Кніжны варыянт:

«Птушкі і Міхаська»

На дварэ суровы студзень
Сьнег мяце.
Птушкі ранкам вас
Разбудзяць
Ў цемнаце:
– Мы ня маем сваіх хатак,
Ціў-ціў-ціў.
Мы шукаем тут зярнятак,
Ціў-ціў-ціў.

Дык ляціце да Міхаські
На балькон.
Канапелек і зярнятак
Дасьць вам ён.

Аўтарскі варыянт без цэнзуры:

«Птушкі»

На дварэ мароз суровы,
На дварэ сьняжок кругом.
Чаго ж птушачкі ізноў вы
Прыляцелі пад наш дом?
«Мы ня маем свае хаткі,
Ціў, ціў, ціў.
Мы шукаемо зярняткаў,
Ціў, ціў, ціў».
Дык ляціце, мае птушкі,
Да Міхаські на балькон.
Есьць там крышачкі ў кармушцы,
І зярняткаў дасьць вам ён.
Там пад’ешце, пагасьціце
І вяртайцеся дамоў,
А Міхасіку скажыце:
«Мілы хлопчык,
Будзь здароў!»
Паляцелі птушаняткі,
Ціў, ціў, ціў.
Да Міхаські на зярняткі,
Ціў, ціў, ціў…

Таксама як прыклад даюць верш пра мароз і ваўкоў, які раней не друкаваўся («зразумела чаму», пішуць укладальнікі кнігі):

Гутарка

У печы паленцы сатлелі.
Тут цёпла. А там, у бары,
Бярозы ў кашульках белых,
Іх не шкадуюць вятры.

І шэпча Валерык на вушка:
– Мама, замерзьне і воўк?
– Ваўкі ў багатых кажушках.
Такія не мерзнуць, сынок.

Акрамя таго, у кнізе абяцаюць упершыню апублікаваць малюнкі Ларысы Геніюш і ейныя прыватныя лісты ўнукам Міхасю і Алесю (іх укладальнікі кнігі называюць «узорам таго, як трэба выхоўваць дзяцей беларусамі»), а таксама лісты і паштоўкі, якія ўнукі паэткі слалі ёй у адказ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG