Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі яфрэйтара пакаралі «хатняй хіміяй» за дзедаўшчыну


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») атрымаў за дзедаўшчыну яфрэйтар войскаў супрацьпаветранай абароны. Паводле абвінавачаньня, Павал Красільнікаў прымушаў салдат адціскацца, прысядаць, стаяць на галаве і сьпяваць пры гэтым. Яфрэйтар віны не прызнаў. Пацярпелыя прасілі суд не караць яго строга.

«Спадзяюся на справядлівае рашэньне суду. Усё», — зазначыў на апошнім слове ў судзе абвінавачаны.

Факты дзедаўшчыны ў вайсковай частцы № 48694 датаваныя верасьнем 2017 году. Ад дзеяньняў вайскоўца пацярпелі пяць шэрагоўцаў. Адцісканьні, прысяданьні, сьпевы стоячы на галаве сьледзтва прызнала прыніжэньнем і зьдзекамі. Пацярпелыя не асуджалі яфрэйтара, прасілі суд паставіцца да яго паблажліва. «Я для яго турмы не хачу!» — заявіў адзін з радавых. Іншыя прытрымліваліся такой жа думкі.

Шарагоўцы сьведчылі, што ня ведаюць прычыны, зь якой яфрэйтар прымусіў іх адціскацца і прысядаць. Адзін выказаўся, што гэта магло быць пакараньнем за разьбіты акварыюм.

Абвінавачаны не прызнаў віны. Ён выказаўся, што салдаты абгаварылі яго, бо быў да іх патрабавальны, «любіў чысьціню і парадак».

Дзяржаўны абвінаваўца прасіў пакараць яфрэйтара абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Адвакат Паўла Красільнікава ў судовых спрэчках даводзіў, што ў справе не хапае доказаў віны ягонага падабароннага. Напрыклад, злачынства датуецца верасьнем, але па дакумэнтах пацярпелыя былі ў гэты час у службовай выправе. На думку абаронцы, у справе няма доказаў зьдзекаў і прыніжэньняў. Паказаньні пацярпелых адвакат назваў супярэчлівымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG