Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жырыноўскі паглядзеў на мапу — і прапанаваў пашырыць Бранскую вобласьць за кошт Беларусі. ВІДЭА


Уладзімір Жырыноўскі, архіўнае фота
Уладзімір Жырыноўскі, архіўнае фота

Расейскі палітык, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Ўладзімір Жырыноўскі ў час візыту ў Бранск 17 верасьня, у дзень вызваленьня гораду ад нацыстаў, «задумаўся аб павелічэньні тэрыторыі Бранскай вобласьці». Гэты момант злавілі на камэры шматлікія журналісты.

«Расшырыць бы сюды. Гэта што ўжо, Польшча? — пытаў Уладзімір Жырыноўскі, паказаўшы на мапе на тэрыторыю Беларусі. — Беларусія… Касьцюковічы… А Ўкраіна сюды во…»

Аглядзеўшы мапу, Жырыноўскі пайшоў далей. Ці адбыліся за гэтым афіцыйныя прапановы пашырыць вобласьць за кошт іншых дзяржаваў, не ўдакладняецца.

  • На частку Бранскай вобласьці — тую, дзе жылі этнічныя беларусы — у 1918 годзе прэтэндавала Беларуская Народная Рэспубліка. У час утварэньня Савецкай Беларусі часткі Браншчыны некаторы час прапаноўвалася ўключыць у склад БССР (першай сталіцай Савецкай Беларусі бальшавікі дык наогул абвясьцілі Смаленск), ды пасьля палітычных рэпрэсіяў 1920-х гадоў пытаньне не ўздымалася.
  • Апошні раз Расея павялічыла сваю тэрыторыю за кошт украінскага Крыму ў 2014 годзе. Большая частка дзяржаваў сьвету не прызнала далучэньне законным і назвала яго акупацыяй. Расею падтрымалі Аўганістан, Вэнэсуэла, Куба, Нікарагуа, КНДР і рэжым Башара Асада ў Сырыі. Беларусь прынцыпова ўстрымліваецца ад адказу на пытаньне, чый Крым.
  • У Беларусі, таксама як у Расеі, дзейнічае Лібэральна-дэмакратычная партыя. ЛДПБ стваралася як аддзяленьне ЛДПСС Жырыноўскага, ды ў 2015 годзе вырашыла парваць з «расейкімі каранямі». ЛДПБ пазыцыянуе сябе як «канструктыўную апазыцыю», хоць шмат у чым падтрымлівала беларускія ўлады. У Расеі ЛДПР лічыцца збольшага праўладнай партыяй, хоць пазыцыянуе сябе як апазыцыя (напрыклад, партыя выступіла супраць скандальнай пэнсійнай рэформы, ды сам Жырыноўскі нападаў на пратэстоўцаў супраць рэформы).
  • Жырыноўскі ўжо прапаноўваў «узьяднаць Беларусь і Расею». Лідэр ЛДПБ Алег Гайдукевіч адказаў яму вобразна: «Навошта нам быць мужыком пасьля 40, які жыве з братам ці сястрой у адным пакоі?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG