Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы здаюць даляры ўжо 30 месяцаў запар


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З пачатку году беларусы здалі ў банкі на мільярд даляраў больш, чым купілі. Пры гэтым большасьць беларусаў лічаць, што цяпер кепскі час рабіць зьберажэньні, хоць іх і трэба рабіць у валюце.

Больш за 30 месяцаў у Беларусі фізычныя асобы здаюць больш валюты, чым купляюць, піша БелаПАН са спасылкай на статыстыку Нацбанку.

За студзень-ліпень бягучага году банкам прадалі валюты наяўнымі на амаль 5,16 млрд даляраў, а купілі толькі на 3,75 млрд. З улікам безнаяўнай валюты прадалі агулам на 6,15 млрд, купілі на 5,07 млрд — розьніца складае больш як 1 млрд на карысьць «здачы» валюты.

Эканамісты тлумачаць гэтую розьніцу тым, што беларусы хочуць траціць грошы як раней, ды ўжо ня маюць столькі, колькі раней — «імкнуцца падтрымаць спажываньне на больш высокім узроўні, чым можна разьлічваць з улікам бягучых даходаў».

Цяпер розьніца на карысьць «здачы» валюты меншая, чым была ў папярэдні год, але нязначна: за студзень-ліпень 2018-га на 300 млн меней, чым за той жа пэрыяд 2017-га. Эканамісты тлумачаць гэта тым, што даходы насельніцтва крыху вырасьлі.

Як сьцьвярджае Нацбанк (PDF), інфляцыйныя чаканьні насельніцтва застаюцца высокімі: толькі кожны пяты беларус лічыць, што інфляцыя запаволіцца, а 17,6% мяркуюць, што цэны будуць расьці. Адпаведна, большасьць (68,7%) лічаць, што цяпер кепскі час рабіць зьберажэньні. Амаль столькі ж беларусаў (67%) мяркуюць, што цяпер кепскі час для вялікіх пакупак (у 40% такіх за апошнія тры месяцы і не было, амаль у 15% найбольшыя траты – на лекаваньне).

Большасьць беларусаў, паводле Нацбанку, ня лічыць беларускі рубель добрай валютай для зьберажэньняў: 31,3% аддаюць перавагу зьберажэньням у нацыянальнай валюце, 68,7% — у замежнай. Захоўваць грошы 38,9% любяць у наяўных, 28,8% — на дэпазытах, 21,2% — у форме нерухомасьці, 4% — у золаце і каштоўных мэталах, 3,6% — у каштоўных паперах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG