Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За час маёй службы гэта трэці выпадак». На судзе па справе Коржыча дапыталі вайсковага псыхоляга


Суд па справе Коржыча ў Менску
Суд па справе Коржыча ў Менску

30 жніўня на працэсе па справе аб сьмерці салдата Аляксандра Коржыча дапыталі псыхоляга Аддзелу ідэалягічнай працы 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў Печах Натальлю Петраскову. Яна была адной з апошніх, хто размаўляў з Коржычам.

Першая размова Петрасковай з Коржычам была 16 верасьня. Агулам яны мелі тры сустрэчы. Апошні раз — 18 верасьня.

«Яму была патрэбная псыхалягічная дапамога, — сказала Петраскова. — Аляксандар хацеў пагаварыць. Мы размаўлялі на асабістыя тэмы. Глыбокай дэпрэсіі не было. Коржыч скардзіўся на дрэнны сон, расьсеянасьць, адсутнасьць апэтыту. Прычыны гэтага патлумачыць ня мог».

Як сказала маёр Петраскова, яна вазіла Аляксандра Коржыча ў Барысаў да псыхіятра і прысутнічала на іх размове. Псыхоляг абвергла інфармацыю пра тое, што Коржыча вазілі на абсьледаваньне ў псыхіятрычную лякарню ў Навінках. Таксама яна сказала, што з мэдроты ніхто пра неабходнасьць сустрэцца з Коржычам ёй не паведамляў.

«Коржыч ня скардзіўся на складанасьці вайсковай службы, — сказала Петраскова. — Ён увогуле стараўся пазьбягаць тэмы службы ў нашых размовах. На той момант я ня бачыла неабходнасьці абмяркоўваць яе. Коржыч адмаўляў наяўнасьць пазастатутных адносін у частцы. Яму хацелася пагаварыць пра тое, што было да службы. Скардзіўся на боль у сэрцы, казаў, што яго, магчыма, ня вельмі правільна лечаць».

Па словах маёра Петрасковай, у яе абавязкі ўвогуле не ўваходзіла назіраць за Коржычам. Гэтым павінна была займацца псыхоляг ягонай часткі. На той момант яна была ў дэкрэце.

«Коржыч не выказваў думак пра суіцыд, — сказала Петраскова. — Я ня ведаю, чаму гэта адбылося. Кожны рэагуе па-свойму. Магчыма, Аляксандар нечага не дагаворваў. Я была павінна слухаць тое, што ён хацеў сказаць. Суіцыдальных намераў у Коржыча не было».

Петраскова працуе псыхолягам у Печах з 2006 году. Яна сказала, што за час яе працы гэта трэці выпадак самагубства сярод салдат Аб’яднанага навучальнага цэнтру.

«Гэта вельмі ўскладнены выпадак суіцыду. Шмат лішніх дзеяньняў», — псыхіятар

Акрамя маёра Петрасковай, 30 жніўня на судовым паседжаньні таксама апыталі псыхіятра Ніну Бубенчык, якая мела гутарку з Аляксандрам Коржычам у Вайсковым шпіталі ў Менску.

«На прыёме я Коржыча ня памятаю, — расказала псыхіятар. — Аб яго сьмерці даведалася са СМІ. Пасьля прыёму я выставіла дыягназ «псыхічна здаровы». Ён не адрозьніваўся ад іншых. На момант агляду Коржыч быў псыхічна здаровы. Калі б у яго нешта было, я б заўважыла. Як мінімум, мы б выклікалі Коржыча яшчэ раз. Каб адрозьніць хворага чалавека ад здаровага, шмат часу ня трэба. Я ня так часта стаўлю пазнаку «псыхічна здаровы».

Псыхіятар таксама расказала, што Коржыч ня скардзіўся на службу, выказваў жаданьне служыць далей, не рабіў спробу сымуляваць захворваньне. Ніна Бубенчык на просьбу суда выказала сваё меркаваньне наконт спосабу самагубства, зафіксаванага сьледзтвам.

«Гэта вельмі ўскладнены выпадак суіцыду, на мой суб’ектыўны погляд, — сказала псыхіятар. — Вельмі шмат лішніх дзеяньняў. Мне расказваў сьледчы, што Коржыч распрануўся, зьняў сваю майку, апрануўся зноў, затым зьвязаў ногі, апрануў майку на галаву. Гэта вельмі складана, шмат лішніх дзеяньняў».

Паводле матэрыялаў справы, цела Аляксандра Коржыча было знойдзена павешаным у падвале мэдыцынскай роты. На галаве трупа была нацягнутая і завязаная вузламі разарваная майка, ногі зьвязаныя шнурком ад абутку. Паводле матэрыялаў справы, Коржыч павесіўся самастойна ў поўнай цемры, падсьвечваючы сабе запальнічкай. На вышыню салдат ускараскаўся, абапіраючыся аб сьцены зьвязанымі нагамі і сьпінай.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG