Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь знайшла новы рынак для малака і цукерак — Віетнам


Прэзыдэнт Віетнаму Чан Дай Куанг і Аляксандар Лукашэнка падчас візыту апошняга ў Менск у чэрвені 2017 году
Прэзыдэнт Віетнаму Чан Дай Куанг і Аляксандар Лукашэнка падчас візыту апошняга ў Менск у чэрвені 2017 году

Беларусь і Віетнам дамовіліся ў 2019 годзе выйсьці на ўзаемны таваразварот у паўмільярда даляраў. Незалежныя экспэрты ставяць пад сумнеў гэтыя пляны.

Мэту давесьці двухбаковы гандаль да 500 мільёнаў даляраў на 2019 год паставілі прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка і Чан Дай Куанг падчас візыту апошняга ў Менск у чэрвені 2017 году. Аднак рэальныя зьвесткі ставяць выкананьне задачы пад сумнеў.

28 жніўня на сустрэчы старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі і амбасадара Віетнама ў Беларусі Ле Аня агучылі лічбы, далёкія ад паўмільярда. У 2017 годзе таваразварот склаў 135 мільёнаў. За першае паўгодзьдзе сёлета ёсьць прырост на 8,8%.

Гаворачы пра рэзэрвы, на сустрэчы згадвалі хуткае адкрыцьцё ў Віетнаме супольнага прадпрыемства па вытворчасьці цукерак з удзелам беларускіх фабрык «Камунарка» і «Чырвоны харчавік». Яшчэ адно прадпрыемства — па вытворчасьці сухога малака і сухой малочнай сыроваткі — пачнуць будаваць напрыканцы 2018 году. Такім чынам Беларусь зможа пастаўляць свае малочныя тавары ў Віетнам. Раней, пасьля абмежаваньняў на расейскім рынку, Беларусь дамовілася аб пастаўках малочных тавараў у Кітай.

Цяпер аснову беларускага экспарту ў Віетнам складаюць калійныя ўгнаеньні, грузавыя аўтамабілі, трактары.

Экспэрт: у Беларусі ёсьць пэрспэктывы на віетнамскім рынку

Эканаміст Сяргей Чалы ў камэнтары Свабодзе адзначыў, што ў Беларусі склалася дзіўная традыцыя замахвацца на вялікія лічбы:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

«Калі краіна ня вельмі эканамічна разьвітая, беларускія ўлады заяўляюць пра таваразварот у паўмільярда даляраў. Калі краіна вялікая і з моцнай эканомікай, ставяць плянку ў мільярд даляраў. На мой погляд, гэта ўжо стала нейкім рытуалам. Усур’ёз гэта ніхто не ўспрымае, усур’ёз за невыкананьне задачы ніхто не адказвае. Я ніяк не магу ўспомніць выпадку, калі мы сапраўды такіх лічбаў дасягалі».

Чалы мяркуе, што пра рост таваразвароту зь Віетнамам можна гаварыць толькі ў больш далёкай пэрспэктыве.

«Віетнам апошнім часам істотна зьмяняецца. Нягледзячы на камуністычную ідэалёгію, краіна дынамічна разьвіваецца. Яна нават змагла прыцягнуць амэрыканскія інвэстыцыі. Для Беларусі там пэўная пэрспэктыва ёсьць. Але гэта будзе ня так хутка», — падсумоўвае Сяргей Чалы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG