Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маёмасьць МТЗ арыштавалі ў некалькіх краінах, — «Наша Ніва»


Менскі трактарны завод
Менскі трактарны завод

У Літве, Канадзе, ЗША і Румыніі арыштаваныя ўсе актывы Менскага трактарнага заводу. Філія заводу спыніла сваю дзейнасьць у Літве, яе маёмасьць прададуць на аўкцыёне, пры спробе трапіць на тэрыторыю згаданых краін любая тэхніка МТЗ будзе канфіскаваная.

Газэта «Наша Ніва» надрукавала расьсьледаваньне аб праблемах МТЗ.

У 90-х гадах Менскі трактарны завод (МТЗ) пастаўляў сваю прадукцыю ў краіны Эўропы і ЗША з дапамогай фірмаў Belarusian Equipment of Canada Limited (BEC, Канада) і Belarus Machinery Inc. (BMI, ЗША), якія на 100% і 90% адпаведна належалі расійскім кампаніям. Да студзеня 1999 году BMI завінаваціўся беларускаму боку 28,5 мільёнаў даляраў, а BEC — тры мільёны амэрыканскіх даляраў і 9,5 мільёнаў канадзкіх даляраў.

Каб спагнаць даўгі, МТЗ зьвярнулася да амэрыканскай калектарскай кампаніі Suraleb Inc. За паўтара гады Suraleb спагнала частка даўгоў на суму амаль на 20 мільёнаў даляраў і запатрабавала за свае паслугі 4,5 мільёны.

У 2003 годзе Suraleb зьвярнуўся ў Стакгольмскі арбітраж — суд, які, паводле дамовы паміж МТЗ і Suraleb, павінен быў разьбірацца ў іх адносінах пры спрэчках.

Амэрыканская кампанія патрабавала, каб МТЗ аплаціў запазычанасьць, пеню і кампэнсаваў юрыдычныя выдаткі. У траўні 2006 году МТЗ прайграў суд.

З улікам часткова кампэнсаванага доўгу (за кошт прададзенай маёмасьці МТЗ у ЗША) засталося 2,1 мільёна даляраў доўгу перад Suraleb. Таксама МТЗ абавязваюць заплаціць пэню, паслугі юрыстаў і судовыя выдаткі — усяго каля 3,5 мільёнаў даляраў. МТЗ адмовіўся плаціць.

Праз некалькі месяцаў рашэньне суду было прызнанае ў ЗША, крыху пазьней — у Румыніі і Канадзе, у чэрвені 2017 году рашэньне Стакгольмскага арбітражу было прызнанае і ў Літве. Пачалося яго выкананьне.

У Літве, Канадзе, ЗША і Румыніі арыштаваныя ўсе актывы МТЗ. Філія заводу спыніла сваю дзейнасьць у Літве, яе маёмасьць прададуць на аўкцыёне, пры спробе трапіць на тэрыторыю згаданых краін любая тэхніка МТЗ будзе канфіскаваная на карысьць Suraleb. Таксама арыштаваныя аўтарскія правы і знакі — гандлёвыя маркі «Беларус» і «Belarus» знаходзяцца пад «часовым абмежаваньнем правоў».

З-за праблем з гандлёвымі знакамі «МТЗ» і «Беларус» у заводу ўзьніклі праблемы з пастаўкамі тэхнікі ў іншыя краіны ЭЗ. Юрысты Suraleb зьбіраюцца прасоўваць рашэньне Стакгольмскага арбітражу ў іншых краінах ЭЗ. На сёньня доўг МТЗ складае каля пяці мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG