Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пажар на Альманскіх балотах цалкам лякалізаваны


Альманскія балоты
Альманскія балоты

Буйное ўзгараньне на балоцістай мясцовасьці паблізу вёскі Альманы Столінскага раёну цалкам лякалізаванае, паведамляе прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.

На тушэньні пажару былі задзейнічаныя больш за сотню работнікаў дзяржаўнай лясной аховы, некалькі адзінак гусенічных балатаходаў, а таксама авіяцыя МНС.

Альманскія балоты — найбуйнейшы ў Эўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, якія захаваліся да нашых дзён у натуральным стане (не пацярпелі ад мэліярацыі). Ён займае 94 тысячы гектараў.

Альманскія балоты маюць статус водна-балотнага ўгодзьдзя міжнароднага значэньня з 2001 году і ахоўваюцца Рамсарскай канвэнцыяй. У межах комплексу дзейнічае ляндшафтны заказьнік рэспубліканскага значэньня «Альманскія балоты», на тэрыторыі якога жывуць некалькі дзясяткаў відаў зьвяроў і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу.

Узгараньне было выяўленае 24 жніўня дырэктарам Палескага лясгасу падчас патруляваньня мясцовасьці. Адразу ж пасьля гэтага работнікі дзяржаўнай лясной аховы прыступілі да ліквідацыі ачага. Апэрацыяй асабіста кіраваў першы намесьнік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, які неадкладна выехаў на месца здарэньня, паведамляе прэс-служба ведамства.

25 жніўня на дапамогу лесаводам прыйшла авіяцыя МНС. Пры гэтым работа па лякалізацыі ўзгараньня ўскладнялася ўмовамі надвор’я: засухай і моцным ветрам.

Верагоднай прычынай пажару было парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі. Згаданая мясцовасьць карыстаецца папулярнасьцю сярод ягаднікаў, крыніцай пажару магла стаць непатушаная цыгарэта.

Работнікі дзяржаўнай лясной аховы вызначаюць плошчу, пройдзеную агнём, падлічваюць шкоду.

Цяпер праз Рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Альманскія балоты» будуюць дарогу, здаць плянуюць у верасьні. Яе кошт — 1 мільён даляраў. 14 кілямэтраў грунтовай дарогі пракладаюць праз натуральнае балота.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG