Скарот назвы новай пасады супадае з назваю расейскае ракеты — SARMAT.
У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША зьявілася новая пасада — старэйшы дарадца ў праблемах расейскай зламыснай дзейнасьці і тэндэнцыяў (senior advisor for Russian malign activities and trends). Скарочана — SARMAT.
Гэты скарот супадае з назваю расейскай міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты «Сармат», пра стварэньне якой раней сёлета абвясьціў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін.
Як паведамляецца, пра ўвядзеньне пасады старэйшага дарадцы ў праблемах расейскай зламыснай дзейнасьці і тэндэнцыяў абвясьціў намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Уэс Мітчэл падчас слуханьняў пытаньня аб эфэктыўнасці санкцыяў супраць Расеі у сэнацкім Камітэце міжнародных дачыненьняў.
У сераду прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту пацьвердзіла, што супадзеньне назваў невыпадковае. Замежнапалітычнае ведамства ЗША пакуль не паведаміла, ці прызначаны хто-небудзь на пасаду.
Што да абавязкаў таго, хто зойме новую пасаду, Мітчэл растлумачыў, што гэты службовец будзе «распрацоўваць міжрэгіянальныя стратэгіі», прычым пры ўдзеле розных структурных адзінак.