9 жніўня пасьля двух дзён затрыманьня на волю выйшла рэдактарка парталу Tut.by Галіна Ўласік.
Уласік мае статус падазраванай і дала падпіску аб неразгалошваньні.
Інфармацыя пра вызваленьне рэдактаркі Tut.by Ганны Калтыгінай пакуль не пацьвердзілася.
З канфіскаваных рэчаў Уласік не вярнулі толькі ноўтбук і тэлефон, піша БелаПАН.
Сваякі і калегі сустрэлі Ўласік каля будынку Сьледчага камітэту на вуліцы Фрунзэ ў Менску.
Галіну Ўласік затрымалі 7 жніўня. Два дні яна правяла ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Яна праходзяць у «справе БелТА» – па факце несанкцыянаванага доступу да платных навінаў.
За кратамі застаюцца яшчэ тры супрацоўніцы парталу Tut.by – галоўная рэдактарка Марына Золатава, Ганна Калтыгіна і Ганна Ермачонак – а таксама іншыя беларускія журналісты.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.