Радыё Свабода сабрала пэтыцыі, звароты і заявы супраць затрыманьняў і ператрусаў у рэдакцыях беларускіх СМІ па «справе БелТА».
Што адбылося?
Сьледчы камітэт 7 жніўня паведаміў пра распачатую крымінальную справу аб «несанкцыяваным доступе» да платнай падпіскі інфармацыйнага агенцтва БелТА. Паводле сьледзтва, гэта адбывалася цягам 2017-2018 гадоў.
Цягам 7-8 жніўня правялі ператрусы і дапытвалі журналістаў:
- парталу Tut.by;
- інфармацыйнага агенцтва БелаПАН;
- парталу Realt.by;
- журналіста-фрылансэра Паўлюка Быкоўскага;
- рэдактара сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксея Жукава.
Некаторых зь іх затрымалі на трое сутак.
1. Пэтыцыя да Адміністрацыі прэзыдэнта і Мінінфарму
На сайце Petitions.by зьявілася пэтыцыя з заклікам спыніць перасьлед рэдакцыяў Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. На момант публікацыі яе падпісалі больш за 500 карыстальнікаў, пэтыцыю стварыў лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.
Кіраўніцтва БелТА просяць адклікаць заяву са Сьледчага камітэту і вырашыць пытаньне ў дасудовым парадку;
Сьледчы камітэт — спыніць перасьлед рэдакцыяў і не замінаць працы СМІ.
2. Рада Эўропы заклікала вызваліць затрыманых журналістаў
Рада Эўропы выказала заклапочанасьць інфармацыяй пра ператрусы і затрыманьні беларускіх журналістаў. Як адзначаецца ў заяве, «заканадаўства трэба паважаць, але расьсьледаваньні не заўсёды патрабуюць арыштаў, якія трэба выкарыстоўваць, як апошні сродак».
3. Эўразьвяз: вызваліце затрыманых журналістаў
Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Фэдэрыка Магерыні заклікала Менск вызваліць затрыманых журналістаў. Брусэль абяцае далейшую падтрымку Эўразьвязу незалежным СМІ у Беларусі.
Да затрыманых журналістаў не пускаюць адвакатаў, допыты не праводзяць
4. «Рэпартэры бязь межаў»: ператрусы паралізавалі працу СМІ
Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» асудзіла ператрусы ў рэдакцыях БелаПАН і Tut.by. У арганізацыі адзначаюць, што пасьля «пратэстаў недармаедаў» увесну 2017 году, улады Беларусі ўзмацнілі кантроль мэдыяпрасторы, блякуючы вядучыя навінавыя сайты і падвяргаючы незалежных журналістаў беспрэцэдэнтнай колькасьці штрафаў.
5. Міністар замежных спраў Латвіі напісаў твіт
Міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс напісаў у сваім твітэры, што занепакоены затрыманьнем журналістаў незалежных мэдыяў і заклікае беларускіх уладаў неадкладна іх вызваліць.
6. Беларускія арганізацыі зьвярнуліся да ААН і АБСЭ
Праваабаронцы з Human Constanta і Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікалі спэцдакладчыкаў ААН і АБСЭ адрэагаваць на «справу БелТА» і высьветліць стаўленьне беларускіх уладаў да гэтай справы. Зварот падпісалі 12 недзяржаўных арганізацыяў Беларусі.
Як гэта працуе? ААН і АБСЭ могуць накіраваць запыт у Міністэрства замежных спраў Беларусі, каб высьветліць прычыны і акалічнасьці з ператрусаў у рэдакцыях і допытаў журналістаў.
«Такім чынам пытаньне выйдзе зь межаў крымінальнага права Беларусі і стане міжнародным», — піша Human Constanta.
7. Беларускія журналісты, праваабаронцы і пісьменьнікі зрабілі супольную заяву
БАЖ, Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускi ПЭН-Цэнтар асудзілі ператрусы ў рэдакцыях грубым парушэньнем свабоды слова і заклікалі вызваліць затрыманых журналістаў.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
8.Хэльсынская камісія ЗША заклапочаная перасьледам журналістаў у Беларусі
Хэльсынская камісія ЗША, вядомая таксама як Камісія бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, апублікавала заяву яе старшыні — амэрыканскага сэнатара Роджэра Ўікера з заклікам да беларускіх уладаў вызваліць затрыманых журналістаў і спыніць перасьлед СМІ у Беларусі.
У заяве гаворыцца, што «жыхары Беларусі маюць права ведаць, што менавіта адбываецца ў іхнай краіне. Журналісты, якія рызыкуюць асабістай бясьпекай, кідаючы выклік падкантрольным дзяржаве СМІ і таму, як яны асьвятляюць падзеі, выконваюць такім чынам карысную грамадзтву справу. Тое, што прэзыдэнт Лукашэнка наўмысна ўціскае незалежныя навінавыя агенцтвы, ушчамляе правы ўсяго насельніцтва».
9. Deutsche Welle запатрабавала неадкладнага вызваленьня свайго беларускага карэспандэнта Паўла Быкоўскага
Нямецкая мэдыякампанія Deutsche Welle запатрабавала ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць свайго карэспандэнта Паўла Быкоўскага, затрыманага ў Менску 8 жніўня супрацоўнікамі Сьледчага камітэту ў рамках т. зв. «справы БелТА».
10. Амбасада ЗША заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых журналістаў
Амбасада ЗША ў Беларусі выступіла з афіцыйнай заявай наконт ператрусаў i арыштаў журналiстаў у Беларусi, у якой выказала занепакоенасьць з нагоды арыштаў журналістаў і ператрусаў, праведзеных уладамі ў офісах незалежных выданьняў, і заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх журналістаў i забясьпечыць правы грамадзян на свабоду слова і свабоду СМI.
11. Урад Нямеччыны заклікаў беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі супраць журналістаў
Фэдэральны ўрад Нямеччыны выказаў заклапочанасьць у сувязі з арыштам беларускіх журналістаў, сярод якіх карэспандэнт Deutsche Welle, і заклікаў Менск праяўляць стрыманасьць і ажыцьцяўляць у гэтым пытаньні падыход, адпаведны ўчыненым парушэньням, а таксама адзначыў, што будзе пільна адсочваць разьвіцьцё падзеяў.