Сьледчы камітэт увечары 8 жніўня пацьвердзіў ператрусы і затрыманьні журналістаў па «справе БелТА», якія праходзілі раніцай таго ж дня.
Журналістам далі статус падазраваных
Затрыманаму 8 жніўня рэдактару сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксею Жукаву далі статус падазраванага. Той жа статус мае і журналіст-фрылансер Паўлюк Быкоўскі, які працаваў у «Беларусы і рынак» больш за 10 гадоў і сышоў з выданьня ў 2015 годзе.
Жонка журналіста Быкоўскага напісала з плэера, што муж у Сьледчым камітэце
Пацьвердзілі ператрусы ў новых кампаніях
Паводле СК 8 жніўня «праводзіліся сьледчыя дзеяньні» у:
- рэдакцыйна-выдавецкай установе «Культура і мастацтва»;
- ТАА «Рыэлтбай»;
- ТАА «Айціві».
Свабода пісала пра ператрусы ў рэдакцыях гэзэты «Культура» і парталу Realt.by. У гэтых рэдакцыях сьледчыя канфіскавалі кампутарную тэхніку. Трох журналістаў і галоўнага рэдактара Realt.by Уладзіслава Кулецкага затрымалі.
У кампаніі «Айціві», якая займаецца распрацоўкай сэрвісу для інтэрнэт-тэлебачаньня, адмовіліся ад камэнтароў і параілі сачыць за афіцыйнымі паведамленьнямі.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.