У Менску прайшла пятая ў Беларусі школа «Інклюзіўнага барысты». Пасьля Ліды, Шчучына, Смаргоняў і Горадні арганізатары школы сабралі групу з абмежаванымі магчымасьцямі ў сталіцы. У Менску болей за ўсё кавярняў, ёсьць ахвотнікі наняць барысту з інваліднасьцю, і ёсьць пяць вучняў, якія да гэтай школы проста насыпалі каву ў кубак і залівалі яе кіпнем.
Экспрэс-навучаньне за чатыры дні
— Жэня, ты што-небудзь бачыш? Ты бачыш маю руку?
— Не.
Пачынаем знаёміцца з удзельнікамі. Жэня Маркевіч татальна сьляпы, але сам дабраўся да «Галерэі Ў» грамадзкім транспартам. І гэта яшчэ дробязь. Жэня — сталы ўдзельнік менскіх маратонаў, удзельнічаў у «Bison Race» (гонка зь перашкодамі) у 2016 годзе і аднойчы прабег нават 42-кілямэтровы маратон.
— Жэня, навошта ты тут? Навошта табе прафэсія барысты?
— Мне проста цікава даведацца, чаму тут вучаць. Гэты праект я ўбачыў у «Фэйсбуку». У стужцы навінаў выскачыла пра «Інклюзіўнага барысту». Для сябе вырашыў паспрабаваць, ці змагу, ня маючы зроку, прыгатаваць каву і выкарыстаць далей гэтыя навыкі.
У першы дзень Жэня асьцярожнічае і ня ўпэўнены, ці ўвогуле ў яго нешта атрымаецца. Астатнія ўдзельнікі ў гэты ж час кажуць, што маглі б працаваць у гэтай сфэры, «напэўна, калі атрымаецца, трэба паспрабаваць». Хаця б таму, што гэта прафэсія, у якой плацяць.
Даведка. Барыста — кававар, спэцыяліст, які ўмее правільна зварыць каву ці напоі на яе аснове і падаць наведніку.
— Аляксандар мне адразу агучыў, колькі барысты зарабляюць, і ўсё — мяне гэта зацікавіла, — прызнаецца Віктар.
Ён вырашыў ісьці ў школу барыстаў літаральна за дзень да пачатку навучаньня: удзельнічаў у лягеры актыўнай рэабілітацыі, і яго запрасілі на школу, бо ён вонкава падобны да барысты.
— А як ты лічыш, гэта праўда, што падобны?
— Я нават ня ведаю, як яны выглядаюць.
— Ты бываў у кавярнях, дзе барысты каву вараць?
— Не, толькі ў аўтаматах мог папіць. На кнопку націснуў, выбраў якую-небудзь каву, і ўсё. Ці дзяўчына нейкая прадае каву, і ўсё. Я думаю, яны звычайныя людзі з фартухом...
Літаральна на трэці дзень удзельнікі школы таксама падобныя на «звычайных людзей з фартухом» і ўжо ўмеюць рабіць эспрэса і амэрыкана. На чацьвёрты яны выходзяць да наведнікаў і па чарзе вараць каву для гасьцей, у тым ліку лятэ і капучына.
Заснавальнік і кіраўнік кававай кампаніі «9BAR» Максім Яшын кажа, што для яго стаў выклікам Жэня.
— Ён зусім сьляпы, і нягледзячы на гэта ён зварыў каву, і зварыў яе вельмі добра, — кажа Максім.
Прадпрымальнік вучыў новых барыста азам прафэсіі, а таксама прыдумляў новыя лайфгакі для Жэні. Для гэтага давялося разглядаць працэс варкі кавы зусім зь іншага пункту гледжаньня. Дакладней, з таго пункту, зь якога нічога не відаць. Таму ўсе разам удзельнікі і трэнэр правяралі вагу кубкаў з кавай, лічылі, колькі сэкундаў наліваюцца розныя напоі, і нават разьбіраліся, у які момант як гучыць малако, якое ўзьбіваюць.
— Навошта гэта ўсё? Навошта вы рыхтуеце сабе канкурэнтаў?
— Не, яны не канкурэнты нам. Яны нам калегі і партнэры. Яны павінны быць сацыялізаваныя, павінны вярнуцца ў грамадзтва, а не сядзець па дамах і хавацца там, — тлумачыць Максім Яшын. — Трэба даць ім нейкую прафэсію, зь якой яны будуць запатрабаваныя на рынку. І запатрабаваныя не праз жаль ці нейкія прэфэрэнцыі падатковыя, ільготы ці яшчэ нешта. Яны павінны быць запатрабаваныя, таму што яны могуць працаваць на ўзроўні.
Калі чалавек за стойкай бара з інваліднасьцю стане звычайнай зьявай
На чацьвёрты дзень навучаньня ўдзельнікі школы кажуць, што гатовыя ісьці і працаваць. Троху часам страшнавата памыліцца, хочацца болей практыкі, «набіць руку» і экспэрымэнтаваць, але літаральна ўсе хацелі б адточваць майстэрства і працаваць. Нават Жэня, які спачатку не разглядаў працу барысты ўсур’ёз, кажа, што «змог бы». Пытаньне толькі, ці гатовыя нашыя кавярні наймаць людзей з інваліднасьцю.
Спрабуем разабрацца ў гэтым разам з адным з арганізатараў праекту Сашам Аўдзевічам.
— Гэтая школа пятая, прайшлі навучаньне каля 20 чалавек. І якія вынікі, ці хтосьці з удзельнікаў уладкаваўся на працу?
— Ёсьць у Лідзе дзяўчына ў нас. Там кавярня адкрываецца ў жніўні. 100% яе бяруць, там робяць спэцыяльна ўсё пад яе. І тут у «Галерэі Ў» хочуць узяць сабе барысту.
— З малых гарадоў толькі Ліда?
— Там не заўсёды ёсьць увогуле такое паняцьце, як кавярня. Ліда, напэўна, гэта адзін зь першых рэгіёнаў, дзе ёсьць кавярня, у якой ядуць пірожныя і смакуюць каву.
У рэгіёнах усё выглядае так: ёсьць нейкі рэстаран і там кававы апарат стаіць, а заадно яшчэ і сталоўка ў абедзенны час. Па сутнасьці, ім такі супрацоўнік патрэбен, які мусіць і посуд памыць, і прыбраць. І калі мы спрабуем працаўладкаваць там, яны кажуць: «Ведаеце, у нас тут барыста — той чувак, які гарэлку налівае». Такі фармат установы — кавярня — яшчэ не прывіўся папросту.
— А ў Горадні?
— У Горадні цудоўна школа прайшла, але там дзеці з інтэрнату былі. Па-першае, яны жывуць за горадам. Ім трэба перасяліцца ў Горадню, каб хадзіць штодня на працу. І ў іх свае юрыдычныя нюансы. Яны ня могуць так проста пайсьці з інтэрнату і сказаць: «Да пабачэньня, я тут паехаў». Я думаю, толькі таму яны яшчэ не знайшлі сабе працы.
У Сашы Аўдзевіча ў плянах яшчэ 5 гарадоў «Інклюзіўнага барысты» наперадзе. Магчыма, сытуацыя з тымі, каго нанялі ці не нанялі, яшчэ зьменіцца ў лепшы ці горшы бок. Але пакуль, як кажа Аўдзевіч, усё ідзе да таго, што чалавек за стойкай бара з інваліднасьцю стане звычайнай зьявай.
— Вось так, як ты разумееш, што інвалід можа рабіць выключальнікі, кнопачкі ці за кампом нешта, і гэта нармальна. Мне б хацелася, каб вынік праекту быў такі, што інвалід можа быць барыстам. Why not? — кажа ён.