Як у Расеі ўспрынялі ўвядзеньне ў Беларусі 30-дзённага бязьвізу для замежнікаў? Ці будуць уводзіцца нейкія захады ў адказ? З такімі пытаньнямі Свабода зьвярнулася да адмыслоўцаў.
У Міністэрстве замежных спраў Расеі гэтую сытуацыю карэспандэнту Свабоды пакуль ніяк не пракамэнтавалі.
Тэрмін бязьвізавага знаходжаньня замежных грамадзян у Беларусі павялічаны да 30 сутак пры ўмове, што яны ўяжджаюць і выяжджаюць празь дзяржаўную мяжу ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Адпаведны ўказ падпісаў 24 ліпеня прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
«Бязьвіз» для замежнікаў працягнулі да 30 сутак
30-дзённы бязьвіз: што далей?
«Я спадзяюся, што беларускі бок быў карэктны»
Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі, першы намесьнік старшыні камітэту па справах СНД і эўразійскай інтэграцыі Канстанцін Затулін (фракцыя «Адзіная Расея») кажа: ёсьць багата сьведчаньняў, што Беларусь праводзіць незалежную зьнешнюю палітыку.
«Яна незалежная іншым разам і ад думкі Расейскай Фэдэрацыі. І для нас не зьяўляецца нечаканасьцю, што Менск прымае іншым разам рашэньні, якія ня лічыць патрэбным узгадніць ці ў поўнай меры ўлічыць нашы абставіны. Я думаю, гэта працяг ранейшых рашэньняў, якія ўжо выклікалі некаторыя захады ў адказ з расейскага боку».
Паводле Затуліна, Расея таксама пайшла на лібэралізацыю многіх пытаньняў у зьвязку з правядзеньнем Чэмпіянату сьвету па футболе.
«Магчыма, гэта такі беларускі варыянт, які ў сваёй манеры адлюстроўвае і наш вопыт, зьвязаны зь бязьвізам для заўзятараў».
Паводле Затуліна, «вельмі хутка высьветліцца, ці будуць з боку Расеі дэмаршы ці нейкія дзеяньні».
«Я спадзяюся, што беларускі бок быў карэктны і папярэдзіў, што мае намер так лібэралізаваць свой уязны рэжым. Найперш гэтая тэма становіцца актуальнай таму, што ў нас, па сутнасьці, няма дзяржаўнай мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй, мы ў саюзнай дзяржаве. Ва ўсякім разе, па былых дамоўленасьцях. Канечне, меры, зьвязаныя зь лібэралізацыяй уезду, прымаюцца яны ў Беларусі ці ў Расеі, павінны быць узгодненыя. Вельмі спадзяюся, што на розных узроўнях так і адбываецца. Калі гэта ня так, то гэта вельмі шкада, і ў нас тут ёсьць падставы, каб папракнуць ня толькі Беларусь, але і саміх сабе».
Канстанцін Затулін дадаў:
«Мы павінны быць упэўненыя, што мяжа паміж Расеяй і Беларусьсю, няхай сабе яна не ахоўваецца, ня стане пранікальнай для рознага кшталту непажаданых элемэнтаў у Расеі. Вось супраць гэтага хацелася б перасьцерагчы».
«Расея акуратна падыходзіць да пытаньняў бясьпекі»
Маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш кажа, што звычайна такія крокі, як увядзеньне 30-дзённага бязьвізу для замежнікаў, узаемаўзгодненыя.
«Справы бясьпекі каардынуюцца вельмі рупліва з абодвух бакоў. Расея ў любы момант ведае пра ўсіх, хто перасякае беларуска-расейскую мяжу. А замежнікі, якія знаходзяцца ў Беларусі па бязьвізе, звычайна ня маюць права набыць квіток у Расею».
Тое, што Расея нэрвова адрэагавала на ўвядзеньне 5-дзённага бязьвізу (праверка пашпартоў на мяжы, перавод унутраных рэйсаў у аэрапортах у міжнародны тэрмінал), паводле Кірыла Коктыша, было зьвязана з сытуацыяй ва Ўкраіне.
Зь якой прычыны Расея і Беларусь дагэтуль не падпісалі абяцанай дамовы аб узаемным прызнаньні візаў? Кірыл Коктыш мяркуе, што наўрад ці гэта зьвязана з палітычнымі рэчамі.
«Расея заўсёды даволі акуратна падыходзіць да пытаньняў бясьпекі. Таму, магчыма, там узгадняюцца тыя ці іншыя парамэтры. Бо дэлегаваньне ўзаемнай бясьпекі — гэта даволі адказная рэч. Яна сёньня ўзгодненая адсоткаў на 90. І здаецца, што астатнія дзесяць таксама ўзгадняюцца», — сказаў Кірыл Коктыш.
«Думаю, што мы дзейнічаем ва ўнісон»
Учора на прэс-канфэрэнцыі ў Менску начальнік галоўнага консульскага ўпраўленьня Міністэрства замежных спраў Беларусі Ігар Фісенка сказаў, што беларускі бок знаходзіцца ў цесным кантакце з расейскімі калегамі і цягам апошніх трох месяцаў было многа падставаў для сустрэч.
«Найперш, мы вядзем актыўны перамоўны працэс па праекце пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў і сустракаемся па гэтым пытаньні часта».
Паводле Фісенкі, падчас іншых сустрэч у рамках СНД беларускі бок інфармаваў расейскі, і пытаньне аб спрашчэньні ўезду замежнікаў абмяркоўвалася з ініцыятывы Беларусі.
«Таму мы гэта робім адкрыта і гэтую інфармацыю ніяк ня ўтойвалі, наадварот, ёй дзяліліся і ў такім ініцыятыўным парадку. Расея прымае падобныя меры на Далёкім Усходзе. Нядаўна мы даведаліся, што гаворка ідзе аб працягу бязьвізавага ўезду для былых заўзятараў. То бок і Расея шукае шляхі, каб прыцягнуць да сябе замежных турыстаў. Тое ж самае робім і мы. Таму мы ўзаемна абменьваемся вопытам і думаю, што дзейнічаем ва ўнісон».
«Беларусь дэманструе большую адкрытасьць сьвету». Палітолягі пра 30-дзённы бязьвіз
Пра магчымае павелічэньне тэрміну бязьвізавага знаходжаньня ў Беларусі для грамадзян 80 дзяржаў да 30 дзён кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей казаў яшчэ ў кастрычніку 2017 году.
Павелічэньне «бязьвізу» лабіявалі многія беларускія ведамствы, у тым ліку і Міністэрства спорту і турызму.
У красавіку 2018 году амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў паведаміў журналістам, што пагадненьне аб прызнаньні візаў паміж Расеяй і Беларусьсю знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасьці. Маўляў, «рознагалосьсі зусім невялікія».
Лукашэнка незадаволены рэакцыяй Расеі на беларускі «бязьвіз» для іншаземцаў
Пытаньне пра неабходнасьць узаемнага прызнаньня віз паміж Беларусьсю і Расеяй паўстала пасьля таго, як на пачатку 2017 году беларускі бок увёў 5-дзённы бязьвіз для замежнікаў. У адказ Расея аднавіла праверкі пашпартоў на беларуска-расейскай мяжы.