Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлапец адседзеў 3 сутак пасьля аблавы ў клюбе, які наведваюць ЛГБТ-людзі. І не разумее, за што


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Трое сутак у ІЧУ і пяць базавых штрафу. Хлапец кажа, што проста спытаў, навошта АМАП перапісвае ягоныя пашпартныя дадзеныя.

Пра чарговы візыт АМАП у менскі клюб, дзе праходзяць закрытыя ЛГБТ-вечарыны, стала вядома ў суботу з сацыяльных сетак. Пазьней інфармацыя аб праверцы «месцаў масавага адпачынку грамадзян» зьявілася на сайце УУС Менскага гарвыканкаму.

Падчас «праверкі» ў наведнікаў спраўджваюць пашпарты і перапісваюць пашпартныя зьвесткі.

23 ліпеня Радыё Свабода стала вядома, што адзін з наведнікаў клюбу быў затрыманы падчас праверкі і атрымаў 5 базавых штрафу.

N. прыйшоў у клюб са сваёй дзяўчынай і сябрамі.

«Пачалася аблава. Сталі ва ўсіх правяраць пашпарты, ці ёсьць васямнаццаць. Я даў свой пашпарт, але мае дадзеныя сталі перапісваць. Я проста спытаў, чаму ў мяне просяць пашпартныя дадзеныя. Мне нічога не адказалі, АМАП скруціў, ледзьве руку не паламалі, і адвёз у міліцыю, у апорны пункт».

У апорным пункце, кажа N., у пратаколе яму запісалі правапарушэньне па двух артыкулах — «за тое, што нібыта быў у алькагольным ап’яненьні ў публічным месцы, і за непадпарадкаваньне міліцыі». Адвозілі на экспэртызу.

«Алькаголю паказала 0,6 праміле, я ў клюбе выпіў куфаль піва. Наркотыкаў нічога не паказала, — кажа N. — Я прасіў, каб мяне адпусьцілі. Прасіў, каб далі пагаварыць з маці, бо ведаў, што яна будзе перажываць. Сказалі: „Не паложана, мы самі ўсё паведамім“. У выніку нічога не паведамілі. Мама тры дні ўся на нэрвах, хацела ў вышук падаваць».

N. лічыць, што затрымалі яго толькі таму, што ён быў у «такім» клюбе. Кажа, што бывае шмат у якіх клюбах і з такім ніколі не сутыкаўся. Калі ён зьвярнуўся да ўчастковага ў апорным пункце, той адказаў: «Я з такімі, як ты, не размаўляю».

«У апорным пункце размаўлялі так, нібыта не лічылі за чалавека, — кажа ён. — У мяне там сябар яшчэ быў, дык казалі кшталту „вы там у ж... дзеўбяцеся“, „як вы такія жывяце“. У прынцыпе, не было пра што гаварыць далей».

N. кажа, што з апорнага пункту яго перавялі ў ІЧУ, а ў панядзелак даставілі ў суд.

«Судзьдзя спытала, ці я згодны з абвінавачаньнем. Я пабаяўся казаць „не“. Яна мне сказала: ці суткі, ці штраф 5 базавых. Страшна было, што пасадзяць без разьбіральніцтва, я пагадзіўся».

За што канкрэтна N. атрымаў штраф, ён ня ведае. Ніякіх дакумэнтаў, апроч квітанцыі на аплату штрафу, яму ня выдалі.

Натальля Манькоўская
Натальля Манькоўская

Праваабаронца групы «Ідэнтычнасьць і права» Натальля Манькоўская кажа, што такія «праверкі» ў ЛГБТ-клюбах адбываюцца ня часта, але рэгулярна.

«Тут яўна дыскрымінацыйны матыў прасочваецца ў супрацоўнікаў міліцыі. Толькі ў аўторак быў дыялёг па правах чалавека паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. І на ім гучалі зьвесткі, што ў Беларусі шырока распаўсюджаныя факты дыскрымінацыі ў дачыненьні да ЛГБТ. Нашыя ўлады ставілі гэта пад сумнеў, маўляў, можа штосьці і ёсьць, але ці шырока гэта распаўсюджаныя выпадкі. Гэта проста нахабства з боку ўладаў, бо відавочна супярэчыць міжнародным прынцыпам правоў чалавека».

Натальля сьцьвярджае, што выпадкі накшталт таго, які апісаў N., праваабаронцам вядомыя.

«Вельмі часта людзі нават ня скардзяцца на такое абыходжаньне. Перапісваць зьвесткі за тое, што чалавек знаходзіўся ў клюбе, гэта пярэчыць правілам аховы прыватнага жыцьця. Гэта насамрэч стварае пагрозу таго, што міліцыя будзе ствараць профілі людзей, сьпісы. Ёсьць таксама меркаваньне, што пасьля гэтыя сьпісы выкарыстоўваюцца пры расьсьледаваньні некаторых відаў злачынстваў — сэксуальных ці ў дачыненьні да непаўналетніх. Людзей з гэтых сьпісаў могуць выклікаць для апытаньняў, нягледзячы на тое, што іншых падстаў для такіх выклікаў няма», — мяркуе праваабаронца.

Беларусь адмовілася даць прытулак трансгендэрнай уцякачцы з Узбэкістану

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG