Маюць судзіць і трэці раз, бо апублікавала здымкі з плякатам у трох розных раёнах Менску. На сплату першага штрафу ўжо сабралі грошы.
Суд Маскоўскага раёну Менску пастанавіў аштрафаваць актывістку Віку Біран на 15 базавых велічыняў (367,5 рубля) за фота з плякатам «Самі вы падробка», якое палічылі «масавым мерапрыемствам — адзіночным пікетам».
Тыдзень таму такі самы штраф за той самы плякат ёй прысудзілі ў Цэнтральным раёне. Пасьля суду ёй пачалі зьбіраць грошы на сплату штрафаў — на момант публікацыі набралася больш за 1000 рублёў.
24 траўня Віка Біран ў рамках флэшмобу супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасьці выйшла з плякатам «Самі вы падробка» да будынкаў Дома ўраду, Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Пасьля гэтага яна апублікавала ў сацсетках тры здымкі — па адным каля кожнага з будынкаў.
Што важна ведаць
- 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
- 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
- 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1800 чалавек.
- 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
- Ад 22 траўня ў адказ на заяву МУС у сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца допісы з тэгам #янеподделка.
- 23 траўня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».
- 30 траўня старшыня Моладзі БНФ скрытыкавала «навязваньне ЛГБТ» і «паўсюднае вывешваньне сваёй сымболікі».
- 7 чэрвеня Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных справаў» няма.
- 16 чэвеня партрэт Ігара Шуневіча несьлі на прайд-парадзе ў ЗША, пасьля ягоныя партрэты зьяўляліся на гей-парадах у Брытаніі і Канадзе.
- 4 ліпеня стала вядома, што ў афіцыйным міліцэйскім пратаколе менавіта Шуневіча назвалі аўтарам «гамафобнай заявы».
- 7 ліпеня супрацоўнікі брытанскай амбасады ў Менску апрануліся ў колеры ЛГБТ-сьцяга.
Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС. Ці праўда гэта?