Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адмовілася даць прытулак трансгендэрнай уцякачцы з Узбэкістану


У рашэньні дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі гаворыцца, што ўлады не знайшлі дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б словы ўцякачкі пра гвалт і катаваньні ва Ўзбэкістане.

4 студзеня 2018 году 26-гадовая Карына зьвярнулася ва Ўпраўленьне грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі з хадайніцтвам аб прыстанішчы на падставе перасьледу пэўнай сацыяльнай групы. 13 ліпеня ёй паведамілі пра адмоўнае рашэньне па яе хадайніцтве.

Крымінальны кодэкс Узбэкістану прадугледжвае да трох гадоў турмы за гомасэксуальныя стасункі. Ва Ўзбэкістане Карыну зьбівалі і гвалцілі ў паліцыі, патрабуючы назваць імёны іншых прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасьці, расказвала яна раней Радыё Свабода.

«Мяне чатыры разы затрымлівалі МУС і СНБ Узбэкістану падчас аблаваў. Першы раз у 2014 годзе, — кажа Карына. — Зьбівалі, патрабавалі, каб назвала імёны такіх жа, як я. А падчас апошняга затрыманьня 3 студзеня 2017 году мяне згвалціў супрацоўнік міліцыі».

Пэўны час Карына правяла ў Расеі, пасьля выехала ў Беларусь у спадзеве атрымаць прыстанішча тут.

Карына нарадзілася мужчынам і мае дакумэнты на мужчынскае імя. Асаблівасьць яе сытуацыі ў тым, што яна — апатрыд, ня мае грамадзянства аніводнай краіны. Ва Ўзбэкістане такіх асобаў некалькі соцень тысяч.

Праваабаронца: «Довады рашэньня надуманыя»

Натальля Манькоўская, праваабаронца ініцыятывы «Ідэнтычнасьць і права»
Натальля Манькоўская, праваабаронца ініцыятывы «Ідэнтычнасьць і права»

​«Даведак пра катаваньні не выдаюць, — заяўляе праваабаронца ініцыятыўнай групы „Ідэнтычнасьць і права“ Натальля Манькоўская. — Довады рашэньня надуманыя і не адпавядаюць інфармацыі, якая маецца ў хадайніцтве Карыны. У рашэньні цытуюцца аўтарытэтныя крыніцы, як Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, і высновы Камітэту правоў чалавека. Там указваецца, што дыскрымінацыя і гвалт у дачыненьні ЛГБТ ва Ўзбэкістане носіць сыстэмны характар. У той жа час чамусьці робіцца выснова, што Карыне там нічога не пагражае і яна можа спакойна вярнуцца».

Манькоўская лічыць цікавым фактам тое, што ў рашэньні беларускага ведамства прызнаецца, што Карына адносіцца да ЛГБТ як да сацыяльнай групы.

«Але пры гэтым указваецца, што падчас гутаркі адзіным указаньнем на яе гендэр было тое, што яна кажа пра сябе ў жаночым родзе. А гэта нібыта адна з падставаў таго, што яна ня можа атрымаць абарону (у Беларусі. — РС.) Тое, што Карына была апранутая ў стылі „ўнісэкс“ — джынсы, байка — было выкарыстана супраць яе. Фактычна нам дэпартамэнт (грамадзянства і міграцыі. — РС) кажа, што ёсьць стэрэатыпны вобраз, якому мусіць адпавядаць жанчына. Калі яна не адпавядае, то яе гендэр можа быць пастаўлены пад сумнеў», — кажа праваабаронца.

Манькоўская зьвяртае ўвагу, што ў хадайніцтве аб прытулку сьцвярджалася, што Карыну затрымлівалі і гвалцілі з прычыны прыналежнасьці да ЛГБТ-супольнасьці. Яна таксама паведамляла, што мэдычна пацьвердзіць гэтыя факты ня можа, бо як асоба без грамадзянства не магла зьвярнуцца па бясплатную мэдычную дапамогу.

Узбэцкі міліцыянт штурхае трансгендэрную жанчыну нагой у твар (архіўнае фота)
Узбэцкі міліцыянт штурхае трансгендэрную жанчыну нагой у твар (архіўнае фота)

«Гэтыя факты ігнаруюцца і зазначаецца, што перашкод для таго, каб яна атрымала мэдычную дапамогу, няма. Гэта не адпавядае рэчаіснасьці, бо праблема людзей без грамадзянства ва Ўзбэкістане вельмі цяжкая, пра што неаднаразова казалі міжнародныя праваабарончыя структуры», — кажа беларуская праваабаронца.

Карына будзе абскарджваць рашэньне ў судзе і працягваць рэгістрацыю ў Беларусі. На падрыхтоўку скаргі ў яе ёсьць 15 дзён. Яшчэ месяц можа заняць разгляд скаргі ў адной з інстанцый.

Карына расказвае, што за гэты час у Беларусі ўпершыню адчула сябе ў бясьпецы, знайшла шмат сяброў, якія падтрымліаюць яе. Беларускія праваабаронцы аказваюць ёй юрыдычную дапамогу. Падрабязна пра гісторыю Карыны:

Трансгендэрная ўцякачка з Узбэкістану зрабіла камінаўт у Беларусі

Трансгендэрная жанчына з Узбэкістану просіць у Беларусі прытулку

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG