Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранец правёў месяц у менскім ізалятары. У яго здарыўся інфаркт, і ён трапіў у рэанімацыю


 Мэхрдад Джамшыдыян, 2015 год
Мэхрдад Джамшыдыян, 2015 год

Месяц таму ў Менску затрымалі грамадзяніна Ірану Мэхрдада Джамшыдыяна. На мінулым тыдні ў яго здарыўся інфаркт. Пасьля чатырох дзён у рэанімацыі яго перавялі назад у ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна. Каб яго не дэпартавалі ў Іран, праваабаронцы зьвяртаюцца ў замежныя амбасады з просьбай прыняць Мэхрдада.

У рэанімацыі сядзелі два ўзброеныя канваіры

Ягоная жонка Алена і адвакат даведаліся пра інфаркт толькі праз тыдзень.

«Прынесла на днях перадачу, а ахоўнік у мяне пытаецца: „А таблеткі?“ Я нічога ня ведала пра інфаркт. Потым мне пра гэта паведаміла адвакат», — распавяла Алена Свабодзе.

Чатыры дні Мэхрдад правёў у рэанімацыі ў 4-й бальніцы ў Менску. Потым яго вярнулі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ) на вуліцы Акрэсьціна, дзе трымалі раней.

«Зь ім увесь час сядзеў узброены ахоўнік, — працягвае Алена. — Забралі назад у ІЧУ, але 6 гадзін яго там не прымалі. Таму што нельга адразу пасьля інфаркту, ён павінен знаходзіцца пад наглядам лекара».

Як пісала Свабода, Мэхрдад Джамшыдыян стала жыве ў Беларусі з 1993 году. Ён жанаты зь беларускай, яны маюць траіх дзяцей. І хоць у Іране Мэхрдаду пагражае сьмяротнае пакараньне, беларускія ўлады маюць намер дэпартаваць яго. Афіцыйная падстава для дэпартацыі — парушэньне міграцыйнага заканадаўства. У 2016 годзе ў Мэхрдада скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта, і з гледжаньня закону ён жыве ў Беларусі нелегальна.

На радзіме, у Ісламскай Рэспубліцы Іран, Мэхрдаду пагражае сьмяротнае пакараньне. Па-першае, у 2011 годзе ён прыняў хрысьціянства. Па-другое, калі ён зьвяртаўся па статус уцекача, то заявіў, што Іран — неправавая дзяржава, у якой прымяняюцца катаваньні, а сьмяротнае пакараньне выносіцца без справядлівага разбору. Таму атрымаць у амбасадзе Ірану новы пашпарт для Мэхрдада няма шанцаў, лічыць ягоны адвакат.

У Іране Мэхрдада падазравалі ў забойстве, але ў гэты час яго не было ў краіне

Іранскія ўлады падазравалі Мэхрдада ў падвойным забойстве — маці і брата. На гэтай падставе ў Беларусі Мэхрдада двойчы затрымлівалі ў 2012 годзе. У 2013-м аддзел унутраных спраў Заводзкага раёну Менску прыняў рашэньне выслаць іранца зь Беларусі зь меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі, бо за мяжой ён падазраваўся ў цяжкім злачынстве.

Джамшыдыяна ня раз затрымлівалі для прымусовай высылкі. Толькі ў студзені 2015 году яго вызвалілі на гуманітарных падставах, у сувязі зь цяжкай хваробай сына.

Алена Джамшыдыян сказала Свабодзе, што падчас забойства яе мужа не было ў Іране. У інтэрвію Свабодзе ў 2015 годзе Мэхрдад казаў, што іранскія ўлады выдумалі прычыну, каб дамагчыся ягонай выдачы.

«Добра, што беларускія ўлады, калі мяне затрымалі, заўважылі, што тое забойства прыпадае на час, калі я ўжо быў за мяжой, — казаў Мэхрдад. — Я палітычны праціўнік іранскага рэжыму, да таго ж быў мусульманінам, а стаў хрысьціянінам».

У 2014 годзе ў Камітэце па правах чалавека ААН (КПЧ) зарэгістравалі скаргу Алены Джамшыдыян — жонкі Мэхрдада. А ў лістападзе 2017 году Камітэт устанавіў, што ў выпадку выдачы Мэхрдада ў Іране яму пагражаюць катаваньні і сьмяротная кара. Беларускія праваабаронцы дамагліся, каб Джамшыдыяна выключылі са сьпісу Інтэрпола, куды раней яго ўнесьлі ўлады Ірану. Але ў самім Іране ён дагэтуль знаходзіцца ў вышуку.

Беларускія ўлады не высылалі яго падчас разгляду справы. Але месяц таму Джамшыдыяна зноў затрымалі, нягледзячы на рашэньне КПЧ. Цяпер яму зноў пагражае дэпартацыя.

Цяпер шукаюць краіну, якая б магла прыняць Мэхрдада

Іранец ня раз падаваў дакумэнты на статус уцекача, але атрымліваў адмову за адмовай. Алена Джамшыдыян спрабавала трапіць на прыём да начальніка дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксея Бегуна, але ёй параілі прыйсьці на наступным тыдні.

«Мне ніхто нічога ня кажа, — распавядае Алена. — Ахоўнік у ІЧУ сёньня пытаўся, ці хутка я забяру яго дахаты. Яны баяцца, што ён у іх памрэ».

Па яе словах, раней у мужа не было праблемаў з сэрцам. Ягоны інфаркт Алена зьвязвае выключна з затрыманьнем і пагрозай дэпартацыі ў Іран.

Наста Лойка
Наста Лойка

Тое, як абыходзяцца з Мэхрдадам Джамшыдыянам, праваабаронцы называюць катаваньнем. Пра гэта Свабодзе сказала Наста Лойка, праваабаронца, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Human Constanta.

«Увесь час у шпіталі ён быў прыкаваны да ложка, знаходзіўся пад канвоем. Да таго ж за чатыры дні такія захворваньні ня лекуюцца. А потым інфармацыю пра інфаркт не далі ні жонцы, ні адвакату», — кажа Лойка.

На думку праваабаронцаў, шанцаў, што іранец зможа застацца ў Беларусі, амаль няма. Упраўленьне Вярхоўнага Камісара ААН па справах уцекачоў разглядае ягоную заяву аб прызнаньні ўцекачом па міжнароднай працэдуры. Але рашэньне пакуль не прынятае.

«Ён апынуўся ў юрыдычным каляпсе, — сказала Лойка. — Яго ня вышлюць у Іран толькі пры адной умове: калі нейкая іншая краіна выкажа згоду прыняць яго у сябе».

Арганізацыя Human Constanta накіравала звароты ў некалькі амбасадаў з просьбай прыняць Мэхрдада. Міжнародная арганізацыя Amnesty International будзе зьвяртацца і да беларускага ўраду, і да іншых краінаў, каб Мэхрдаду далі прытулак.

«Я ўжо ня ведаю, куды можна зьвярнуцца, — кажа Алена. — Бо калі яшчэ раз такое здарыцца — гэта сьмерць».

Іранец, які жыве ў Беларусі: На грошы, якія Іран заробіць на продажы нафты, зноў закупяць зброю ў Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG