Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чачэнскіх уцекачоў у Берасьці стала менш у 10 разоў


Па 20–40 чачэнцаў едуць штодня цягніком зь Берасьця ў польскі Тарэспаль, каб атрымаць статус уцекача ў Эўразьвязе. Яшчэ два гады таму штодня езьдзіла да 800 чалавек. Чаму ўцекачоў у Берасьці стала менш, Свабода даведалася на месцы.

Некалькі гадоў тысячы ўцекачоў з Каўказу, галоўным чынам з Чачні, едуць у Берасьце. Штодня яны спрабуюць атрымаць прытулак у Польшчы.

У 2016 годзе ў Берасьці жыло да 3 тысяч уцекачоў. Большасьць іх — з Каўказу. Цяпер, па ацэнках праваабарончай арганізацыі Human Constanta, у горадзе застаецца да 250 уцекачоў. Адпаведна, менш людзей едуць цягніком Берасьце — Тарэспаль. У 2016 годзе штодня ехала да 800 чачэнцаў, цяпер — лічаныя дзясяткі.

Як распавядаюць чачэнцы, цяпер польскія ўлады прымаюць штодня ня больш за адну сям’ю зь цягніка. Раней яны прапускалі па 3–4 сям’і.

Чачэнцы кажуць, што польскія памежнікі, як і раней, не выслухоўваюць гісторый і не глядзяць дакумэнты. Нельга зразумець, на чым грунтуецца іхні выбар сям’і, якой даецца прытулак.

На берасьцейскім вакзале ўжо няма натоўпаў чачэнскіх уцекачоў, як раней
На берасьцейскім вакзале ўжо няма натоўпаў чачэнскіх уцекачоў, як раней

«Звычайна прапускаюць тых, хто ў першы ці другі раз спрабуе трапіць у Польшчу, — кажа Насіра, якая прыехала з мужам з Грознага. — Але сёньня прынялі маладую пару, у іх было больш за 40 спробаў».

Па законе грамадзяне Расеі могуць знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі да 90 дзён. Але беларуская міграцыйная служба скарачае некаторым тэрмін перабываньня і вымушае ўцекачоў зьяжджаць зь Беларусі.

«Гэтага не тлумачаць, — сказаў Свабодзе Рыгор Цярэнцьеў, каардынатар місіі Human Constanta ў Берасьці. — А калі людзі спрабуюць абскардзіць высылку, іх увогуле могуць дэпартаваць і забараніць уезд у Беларусь на тры гады».

Як сказала Свабодзе Наста Лойка, праваабаронца з Human Constanta, прынамсі раз на два тыдні ў арганізацыю зьвяртаюцца ўцекачы, якіх высылаюць беларускія памежнікі.

«Практыка высылак і скарачэньня тэрміну знаходжаньня пагражае людзям катаваньнямі і перасьледамі ў выпадку вяртаньня ў краіну паходжаньня, што забаронена міжнародным і нацыянальным правам», — гаворыцца ў аглядзе Human Constanta.

У жніўні 2016 году да 200 чачэнцаў ладзілі пратэст на мяжы каля Берасьця. Яны выступалі супраць таго, што польскія памежнікі адмаўлялі большасьці ўцекачоў у прытулку. На сустрэчу да іх прыяжджалі прадстаўнікі беларускіх уладаў і польскага консульства ў Берасьці. Але карэнным чынам сытуацыя з тых часоў не зьмянілася.

Як пісала Свабода, чачэнскім уцекачам найчасьцей адмаўляюць у прытулку, бо Расея на Захадзе лічыцца адносна бясьпечнай краінай.

«Перасьледы і катаваньні — усё гэта праўда, — казала Свабодзе Сьвятлана Ганнушкіна, старшыня камітэту „Грамадзянскае судзеяньне“. — Але самае страшнае, што людзей фізычна выганяюць і паляць іхнія дамы. Горш, чым у Чачні, я ня ведаю, дзе можа быць. Такога бяспраўя, такога прыніжэньня я не магу ўявіць».

Сярод усіх суседніх краінаў асноўная плынь уцекачоў з Каўказу прыпадае на Беларусь, і менавіта на Берасьце. У польскай Бяла-Падлясцы недалёка ад мяжы — разьмеркавальны лягер для ўцекачоў, куды накіроўваюць прынятых чачэнцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG