У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня разьдзел «Зона гісторыі»: Помнік архітэктуры і музэй турмы. «Думаю, „Валадарку“ аддадуць пад бізнэс-праект». «Сьцены псуюцца ня надпісамі, а больш праз волкасьць». «Бабруйская турма захавалася знутры ў някепскім стане». Калі турэмны мур у цэнтры гораду. «Замест аднаго лядовага палаца магла б атрымацца адна сучасная турма».
Замовіць кнігу Алены Струвэ можна ТУТ.
Помнік архітэктуры і музэй турмы
Галоўныя функцыі любога музэю — гэта зьбіраць, ахоўваць і адукоўваць. У гэтым сэнсе музэі турмы, якія дзейнічаюць сёньня шмат у якіх эўрапейскіх краінах і традыцыйна вабяць багата экскурсантаў-турыстаў — не выключэньне. Месьцяцца гэткія экспазыцыі ў старых адрэстаўраваных вязьніцах. Вылучаюцца тым, што прапануюць наведнікам ня толькі пабачыць нейкія старыя дакумэнты і рэчы, але і акунуцца ў турэмную атмасфэру мінуўшчыны.
Формы падачы той або іншай турэмнай гісторыі могуць быць самымі рознымі, аж да папулярных цяпер квэстаў. Усё, каб адлюстраваць і данесьці да цікаўных турэмную атмасфэру мінуўшчыны, характар злачынстваў і пакараньняў у пэўнай краіне ў пэўны час.
На тэрыторыі Беларусі ёсьць сама меней чатыры помнікі культурна-гістарычнай спадчыны, у якіх тэарэтычна маглі б быць створаныя музэі турмы. Гэта самая старажытная вязьніца ў краіне — Горадзенская, дзе ўсё яшчэ дзейнічае турма № 1; калёнія ў Глыбокім, што ў Беразьвецкім кляштары; сьледчы ізалятар у Бабруйску, што ў крапасным форце ў вежы Апэрмана; і менскі Пішчалаўскі замак, дзе месьцяцца сьледчы ізалятар № 1 і Рэспубліканскі турэмны шпіталь.
Дыскусіі, ці надаць гэтым месцам новае жыцьцё, вядуцца даўно, а будынкі тым часам памалу разбураюцца. Адмыслоўцы мяркуюць, што некаторых помнікаў, можа, наступныя пакаленьні ўжо і ня ўбачаць.
Ад Антона Астаповіча
У інтэрвію «Свабодзе ў турмах» у студзені 2015 году, калі рыхтавалася адмысловая перадача пра ўсе гэтыя чатыры вязьніцы, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч сказаў:
— З усіх чатырох вязьніц толькі Пішчалаўскі турэмны замак выконвае сваю функцыю ад самога пачатку (дваццатыя гады ХІХ стагодзьдзя) і да сёньня. Бабруйская крэпасьць страціла сваё стратэгічнае значэньне ў 1850–1860-я гады, і пасьля гэтага фартыфікацыйныя збудаваньні пачалі выкарыстоўваць у якасьці турэмных. Тая самая вежа Апэрмана ўжо сто пяцьдзясят гадоў выкарыстоўваецца як турэмны будынак. А збудаваньні ў Глыбокім і Горадні сталі турэмнымі пры бальшавіках, хоць адпачатку мелі зусім іншае прызначэньне.
У самым жахлівым стане Пішчалаўскі замак. Ён разбураецца на вачах, і каб захаваць яго, патрабуецца якасная рэстаўрацыя ды капітальны рамонт.
На той час (студзень 2015 году) Антон Астаповіч меў зьвесткі, што нібыта гарадзкія ўлады, якім належыць будынак, рыхтуюць тэндэрную прапанову на праектныя працы па турэмным замку. Тэндэр меліся абвясьціць, як толькі турэмны комплекс пераедзе з цэнтру гораду ў Калядзічы. Дагэтуль Менгарвыканкам выступаў з прапановай ператварыць турму ў гатэль, аднак інвэстара так і не знайшоў.
Што да пераезду СІЗА № 1 разам з Рэспубліканскім турэмным шпіталём з вуліцы Валадарскага ў Калядзічы, то новы комплекс указам прэзыдэнта належала збудаваць за 2010–2015 гады. Аднак у 2013-м у СМІ зьявіліся зьвесткі пра карупцыйны скандал на турэмнай будоўлі і пра тое, што здача аб’екту пераносіцца на некалькі гадоў.
«Думаю, „Валадарку“ аддадуць пад бізнэс-праект»
Менскі гісторык, фігурант «справы Плошчы», былы палітзьняволены Зьміцер Дрозд адседзеў на «Валадарцы» паўгода. Потым адмыслова вывучаў архіўныя дакумэнты, зьвязаныя з гісторыяй Пішчалаўкі. Кажа, што яшчэ на пачатку ХІХ стагодзьдзя, на стадыі праектаваньня, архітэктары ды будаўнікі дапусьцілі сур’ёзныя памылкі, і ўжо праз досыць кароткі час менская турма пачала патрабаваць ад турэмнага ўпраўленьня Расейскай імпэрыі грошы на рэканструкцыю і рамонт.
Ад гісторыка
— Пішчалаўскі замак быў звычайным для тагачаснай Расейскай імпэрыі тыпавым праектам. Падобныя турэмныя збудаваньні захаваліся ў розных гарадах сучаснай Расеі ды Ўкраіны. Пішчалаўка была пабудаваная, паводле мерак таго часу, з шэрагам памылак. Як вынікае з архіўных дакумэнтаў, ёй пастаянна патрабаваўся рамонт, і ў будынак увесь час укладаліся фінансавыя сродкі. Зь іншага боку, турэмны статус ратаваў замак ад заняпаду і нават зьнішчэньня. Калі б у нейкі момант зь яго зрабілі нешта менш «карыснае», чым вязьніца, яго б ужо не было.
Паводле Зьмітра Дразда, у турэмным Пішчалаўскім комплексе захаваўся на сёньня хіба што белы мур, якім быў абнесены замак, ды яшчэ стайні — пры Саветах іх перарабілі на жаночыя карпусы, і гэтую функцыю яны выконваюць аж дагэтуль.
— Сёньня сам Пішчалаўскі замак як турма фактычна не функцыянуе. Асноўная нагрузка сёньня кладзецца на пабудаваныя пры Саветах новыя карпусы, дзе сядзеў я і сядзяць іншыя ЗК. Аднак падчас майго паўгадавога зьняволеньня я штодня мог глядзець на замак з акна і бачыў яго, прынамсі адну яго палову, вельмі добра. Там абсалютна пустыя вокны, дзе ніколі не загараецца сьвятло. Там няма ніякага жыцьця. А сам будынак сьцягнуты такімі зялёнымі мэталічнымі сьцяжкамі, якія яго трымаюць, каб ён канчаткова не разваліўся. Як і адна зь вежаў, рэстаўраваць якую, на мой погляд, ужо немагчыма.
Па сутнасьці, у самім замку пры мне функцыянавалі толькі падвалы. Шэсьць месяцаў мы хадзілі празь іх на прагулку ў турэмны дворык. У прынцыпе, там можна было і па вуліцы прайсьці, але прынята ўсё ж спускацца і ісьці на прагулку праз сутарэньне. Цяпер там захоўваюцца матрацы, падушкі. Памяшканьне ўвесь час залівае, і туды кладуць насьцілы. Пры мне было, падалі, пасьлізнуўшыся на тых дошках, арыштанты і разьбівалі сабе насы, ілбы ці што іншае.
У самы першы дзень, калі мяне павялі на прагулку, сукамэрнікі паказалі мне ў падвале на адны зачыненыя дзьверы. Яны сказалі, што гэта памяшканьне, дзе расстрэльваюць людзей. Я ня ведаю, наколькі гэта праўда. Але бадай усе вязьні ў гэта вераць. Там ёсьць сьцены 70-сантымэтровай таўшчыні, і калі расстрэльваць, ніхто нічога не пачуе. І гэтая рэальная рэч узьдзейнічала нашмат больш, чым розныя самыя страшныя турэмныя легенды.
Як перакананы Зьміцер Дрозд, Пішчалаўскі замак, калі яго рэстаўраваць і зрабіць зь яго музэй, мог бы шмат расказаць людзям пра 200-гадовую гісторыю зьняволеньняў у Менску. Тым больш што ў беларускай сталіцы вельмі мала гістарычных помнікаў. Аднак ці здарыцца такое, Зьміцер ня ўпэўнены.
— Так, гісторыя гэтай турмы вельмі цікавая, бо там сядзела шмат вядомых людзей, арганізоўваліся ўцёкі. У Менску, дзе захавалася вельмі мала гістарычных помнікаў, музэй такога кшталту меў бы шмат наведнікаў. Аднак для гэтага патрэбныя вялікія ўкладаньні. Патрэбная таксама нейкая палітычная воля. Пры цяперашняй сытуацыі я думаю, што «Валадарку» аддадуць пад нейкі бізнэс-праект. Месца тут для продажу вельмі добрае.
«Сьцены псуюцца ня надпісамі, а больш праз волкасьць»
Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч сядзеў і на «Валадарцы», і ў горадзенскай турме.
Ад былога вязьня
— Стан «Валадаркі», калі глядзець на разваленыя вежы, жахлівы. Я першы раз быў зьмешчаны на «Валадарку» ў 2006 годзе, і ўжо гэта быў такі дабіты будынак, змацаваны скобамі жалезнымі, каб не развальваўся. Стан такіх гістарычных збудаваньняў, як глыбоцкая турма-калёнія або горадзенская турма, — ён троху лепшы. Ня ведаю, з чым гэта зьвязана. Можа, з тым, што там меншыя патокі людзей, чым у Менску.
Ну, напрыклад, той корпус у Горадні, дзе я адбываў пакараньне ў «крытай турме» — ён вельмі добра аздоблены з гістарычнага пункту гледжаньня, то бок зробленая рэстаўрацыя. Там на некаторых калідорах адмыслова пакінулі, каб былі бачныя камяні муроў, якія пры будаваньні выкарыстоўваліся. І я нават сустракаў інфармацыю, што водзяць экскурсіі па горадзенскай турме. Мажліва, яна ў нейкім пляне выкарыстоўваецца — нягледзячы на тое, што там адбываюць пакараньне людзі, — як гістарычны аб’ект.
— А што ўнутры? Ці робіцца рамонт? У якім стане сьцены? Ці могуць вязьні на іх нешта пісаць, пазначаць, колькі яны праседзелі? Або гэта будзе парушэньне?
— Трэба разумець, што чалавек не заехаў на пару сутак ці на месяц. Тая самая горадзенская турма або камэры глыбоцкай калёніі — месца, дзе людзі сядзяць па 3, 5, 10 гадоў. Гэта фактычна іх дом, і яны зацікаўленыя ў тым, каб там ніякіх надпісаў не было. Ну і, натуральна, адміністрацыя на гэта зьвяртае ўвагу.
Там сьцены псуюцца ня нейкімі надпісамі, а больш празь волкасьць. Напрыклад, у горадзенскай турме калідоры аздобілі, зрабілі рэстаўрацыю. А камэры ў жахлівым стане: фарба ад вільгаці аблазіць, вэнтыляцыі няма, таму што вялікія памяшканьні падзялілі на 2, 3, 4 камэры. Калі ў такім стане будынак пабудзе яшчэ дзясятак-другі гадоў, то мала што там застанецца.
«Бабруйская турма захавалася знутры ў някепскім стане»
Што тычыцца Бабруйскага СІЗА, які месьціцца ў вежы Апэрмана, то, паводле былых яго вязьняў, унутры турма захавалася значна лепш, чым тая самая «Валадарка». Магчыма, гэта зьвязана з тым, што Бабруйскую крэпасьць узводзілі не паводле тыпавога праекту, а на адмысловую замову расейскага імпэратара Аляксандра. Будавалі яе найлепшыя інжынэры, выкарыстоўваючы самыя трывалыя матэрыялы з усяго сьвету.
У савецкія часы (1960-я гады), калі тут пачаў дзейнічаць сьледчы ізалятар, у ім, адрозна ад іншых турмаў, што месьцяцца ў гістарычных будынках, правялі татальную рэканструкцыю.
Былы палітвязень, які атрымаў прысуд за ўдзел у пратэстах прадпрымальнікаў, маладафронтавец Арцём Дубскі правёў у вежы чатыры месяцы. Ён успамінаў:
— Паводле памераў гэтая пабудова ня надта вялікая. Прыкладна такая, як Белдзяржцырк. Чаго толькі ў гэтай вежы не было: і розныя стайні, і склады снарадаў падчас Другой сусьветнай вайны, і даўгавая турма. Аднак у будынку знутры ўсё, відаць, захавалася так, як і 200 гадоў таму. То бок тут і 200-гадовая цэгла, і новая, якой спрабуюць заштукоўваць дзіркі і адтуліны, а яна не вытрымлівае кліматычнага ўзьдзеяньня і разбураецца. Знутры вежа ў добрым стане. Звонку выглядае ня вельмі.
У архіўных дакумэнтах канца пазамінулага стагодзьдзя чытаем запіску ў Галоўнае ўпраўленьне турмаў ад прадстаўніка камісіі па праверцы, дзе стану бабруйскай вязьніцы даецца высокая ацэнка. Як адзначаецца ў запісцы камісіі па праверцы турмаў, «добры бок вязьніцаў у Менскай губэрні ў тым, што колькасьць зьмешчаных у іх арыштантаў звычайна не перавышае той колькасьці, якая закладзеная ў праект, і што турэмныя замкі ў гарадах Менску, Ігумене (цяперашні Чэрвень. — Аўтар), Наваградку і Бабруйску каменныя і зусім трывалыя».
Калі турэмны мур у цэнтры гораду
Калі будынак турмы — помнік архітэктуры, гэта азначае, што ёсьць гаспадар і догляд. Аднак на практыцы нярэдка бывае зусім ня так. Ці трэба вызваляць гістарычную забудову ад турэмных установаў? Свой погляд на праблему выказвае Антон Астаповіч, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Ад Антона Астаповіча
— Горадзенская турма № 1 — гэта палова гістарычнага кварталу, які, пачынаючы з ХVІІ стагодзьдзя, займалі будынкі езуіцкага калегіюму. Комплекс старых камяніц — помнік архітэктуры. Другая палова кварталу — гэта будынкі дыяцэзіяльнай курыі і гмах катэдральнага сабору. Астрог тут пару стагодзьдзяў, з часоў цара Аляксандра І. Дваццаць гадоў таму на гарадзкой ускраіне быў выдзелены пляц, каб пабудаваць новую вязьніцу, бо з цэнтру гораду турму вырашылі нарэшце прыбраць.
Новую турму плянавалася пабудаваць на землях за прадпрыемствам «Хімвалакно». Грошай тады не знайшлі, і праект паклалі пад сукно. Аднак патрэба вынесьці турму з гістарычнай забудовы ня зьнікла. Цярпіць турыстычная прывабнасьць гораду. Многія сьвяты, канцэрты праходзяць пры самых турэмных мурах.
Ад суседзяў
Гарадзенка сталага веку, што жыве ў цэнтры гораду на вуліцы Савецкай, каля турмы № 1, дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад такога суседзтва.
— Вось я тут жыву шмат гадоў, і ў мяне ўвесь час нейкі цяжар на сэрцы ад гэтага муру. Калі тут праходжу, то настрой заўсёды псуецца. Заўсёды не па сабе, калі бачу машыны, якія прывозяць ці некуды адвозяць зьняволеных. Часта бачу, як іх выводзяць фарбаваць сьцены. Яны ў робах, адчуваюць сябе няёмка, увесь час азіраюцца. Турэмныя машыны стаяць адна за адной, а побач сабакі разам зь міліцыянтамі.
Дарэчы, сабакі не даюць спаць па начах — так моцна і няспынна яны брэшуць. Гэта ня можа не нэрваваць ня толькі тых, хто жыве побач. Ня ўпэўненая, што тут ёсьць магчымасьць утрымліваць у нармальных цывілізаваных умовах злачынцаў. А гэта ніяк не спрыяе таму, каб яны вярнуліся ў грамадзтва нармальнымі людзьмі.
«Замест аднаго лядовага палаца магла б атрымацца адна сучасная турма»
Былы начальнік «Валадаркі» Алег Алкаеў лічыць, што сёньняшняя турма павінна быць сучасным збудаваньнем, выкананым з улікам гуманных патрабаваньняў да ўтрыманьня вязьняў. Зыходзячы з эўрапейскага досьведу, дасягнуць выпраўленьня або рэсацыялізацыі ў іншых умовах немагчыма. А значыць, дзяржава проста марнуе грошы на ўтрыманьне парушальнікаў закону.
Ад былога начальніка турмы
— Пішчалаўскі замак, у якім раней, акрамя сьмяротнікаў, трымалі і іншых вязьняў, відаць, пачаў разбурацца яшчэ пры вас?
— Сам па сабе будынак вельмі грунтоўны. З такімі сьценамі ён мог бы прастаяць шмат. Проста перакрыцьці там драўляныя. А іх трэба было мяняць. Зразумела, турма разбуралася. Вялікія патокі вады для мыцьця, вэнтыляцыя слабая, вільгаць. Сродкі выдзяляліся толькі на касмэтычны рамонт — пабяліць, пафарбаваць.
У начальніка турмы займацца гэтым магчымасьцяў не было. У мяне нават ніхто і не пытаўся, як можна што палепшыць. Усё вырашалі міністэрскія чыноўнікі, якія на кароткі час наведвалі турму. Бюджэт выдзяляў капейкі, на якія ня купіш ні цэмэнту, ні цэглы. Заўсёды быў аргумэнт: усё стаіць і так, чаго яшчэ трэба.
Алег Алкаеў перакананы, што старыя пабудовы — нават тыя, якія ствараліся, накшталт «Валадаркі», адмыслова як астрог, — павінны атрымаць новае жыцьцё як гістарычныя аб’екты. Бо гэта вельмі важны кавалак гісторыі, якую павінны ведаць дзеці і ўнукі сучасных беларусаў.
Папярэднія публікацыі
Зона волі. «Тут» і «там»
Моўная зона. Мова турмы — расейская
Зона сустрэч: пра «гэта» і ня толькі
Зона сустрэч: раманы і спатканьні
Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя
Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя
Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць