18 ліпеня Міністэрства замежных спраў Беларусі правяло ў Фэйсбуку консульскі дзень. Зьнешнепалітычнае ведамства адказала на пытаньні беларусаў, якія жывуць у Беларусі і за мяжой. Свабода сабрала самае важнае з адказаў.
Пра спрашчэньне візавага рэжыму з Эўразьвязам
«Гэта не аднабаковы працэс, і для прасоўваньня наперад патрэбная воля абодвух партнэраў. Нашы падыходы, выяўленыя ў тым ліку ў аднабаковым рашэньні аб увядзеньні пяцідзённага бязьвізавага рэжыму для грамадзян краін Эўразьвязу, відавочныя. На наш погляд, няма аб’ектыўных прычын, якія перашкодзілі б нам знайсьці ўзаемапрымальныя разьвязкі».
У МЗС Беларусі сказалі, што эўрапейскія партнэры вылучаюць шэраг умоваў, якія ставяць беларускіх грамадзянаў у ня вельмі камфортнае становішча. Напрыклад, патрабаваньне падаваць дакумэнты выключна празь візавыя цэнтры.
Пра падаўжэньне бязьвізу да 10 дзён
«На фінальнай стадыі праект прэзыдэнцкага ўказу аб працягу тэрміну знаходжаньня замежных грамадзянаў на тэрыторыі Беларусі, якія прыбываюць праз памежны пункт пропуску Нацыянальны аэрапорт „Менск“. У больш аддаленай пэрспэктыве не выключаецца бязьвізавы ўезд праз наземныя пункты пропуску. Шмат што будзе залежаць ад далейшага пераабсталяваньня наземных пунктаў пропуску і павелічэньня іх колькасьці».
Пра бязьвізавы рэжым падчас II Эўрапейскіх гульняў
«Плянуецца, што бязьвізавы рэжым падчас II Эўрапейскіх гульняў будзе аналягічны тым правілам, якія дзейнічалі падчас правядзеньня ў 2014 годзе чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску. Уяжджаць бязь візы ў Беларусь можна будзе пры наяўнасьці квітка на спаборніцтвы, дзейнага дакумэнта для ўезду і страхоўкі. Мяркуецца, што бязьвіз будзе ўведзены за 10 дзён да пачатку спаборніцтваў і завершыцца праз 10 дзён пасьля іх заканчэньня. Квіткі дазволяць праехаць бязь візы ў Беларусь праз Расейскую Фэдэрацыю».
Пра страчаныя за мяжой дакумэнты і грошы
«У выпадку страты пашпарта першым крокам павінен стаць званок у беларускую дыпмісію і інфармаваньне консульскага супрацоўніка (тэлефоны экстранай сувязі на сайтах амбасадаў). Затым трэба зьвярнуцца ў мясцовую паліцыю па даведку, якая пацьвярджае страту дакумэнта — яе наяўнасьць па дарозе дадому значна палегчыць камунікацыю з паліцыяй».
Калі беларускі турыст страціў за мяжой грошы і ў яго няма сродкаў нават на зваротны квіток, у МЗС раяць зьвяртацца ў беларускую дыпмісію ў краіне інцыдэнту, альбо, калі такой няма, — у дыпмісію Расеі.
Пра затрыманьні грамадзянаў Беларусі за мяжой
«У гэтым пытаньні МЗС кіруецца арт.36 Венскай канвэнцыі 1963 году аб консульскіх зносінах. У ёй гаворыцца, што кампэтэнтныя органы павінны неадкладна апавяшчаць консульскую ўстанову аб тым, што грамадзянін той ці іншай краіны арыштаваны, заключаны ў турму або ўзяты пад варту ў чаканьні суду. На практыцы ў сілу розных прычын атрымліваецца па-рознаму».
З шэрагам дзяржаў — Расея, Украіна, Польшча, Віетнам — Беларусьсю падпісаныя консульскія канвэнцыі, дзе канкрэтна прапісана, на працягу якога часу ажыцьцяўляецца інфармаваньне аб інцыдэнце. Так, датычна Польшчы тэрмін складае ня больш за тры дні.
У рамках консульскага дня Свабода накіравала ў МЗС свае пытаньні, на якія там паабяцалі адказаць у прыватным парадку.