Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 200 беларусаў губляюцца ў лясах штогод. Як ня трапіць у іх лік


Пошукі 11-гадовага Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы. Верасень 2017
Пошукі 11-гадовага Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы. Верасень 2017

За апошнія пяць год больш за тысячу жыхароў Беларусі заблудзілі падчас «ціхага паляваньня». 37 з іх знайсьці не ўдалося. Такія лічбы агучыў для журналістаў 18 ліпеня супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Дзьмітры Крукаў.

Сёлета з пачаткам летняга сэзону паступіла ўжо 29 заявак аб зьнікненьні людзей, якія пайшлі шукаць ягады. Чацьвёра зь іх дагэтуль ня знойдзеныя.

Толькі за апошнія суткі ў органы ўнутраных спраў зьвярнуліся тры чалавекі, якія паведамілі, што іх родныя пайшлі ў ягады, але дахаты не вярнуліся. Гэта два пэнсіянэры і адна маладая жанчына.

Хто губляецца найчасьцей

«Калі скласьці абагульнены партрэт чалавека, які губляецца ў лясах, то гэта пэнсіянэр ва ўзросьце больш за 70 гадоў. Што тычыцца гендэрнай сытуацыі, то тут прыкладна роўная колькасьць мужчын і жанчын. Губляюцца ў лесе пераважна сельскія жыхары», — сказаў Дзьмітры Крукаў.

Што рабіць, каб не згубіцца і калі згубіўся ваш блізкі

Калега Крукава з МУС Сяргей Куляшоў параіў родным і блізкім не спрабаваць самастойна шукаць людзей, якія згубіліся на «ціхім паляваньні». Трэба адразу паведамляць пра гэта міліцыі. Бо інакш марнуецца каштоўны час.

Супрацоўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый Андрэй Юржыц даў рэкамэндацыі: у лес трэба хадзіць у яркім адзеньні, абавязкова мець з сабой мабільнік, запалкі, нож і непрамакальны абутак. Гэта дазваляе лепш пераносіць складаныя ўмовы.

«Людзі, якія ня здолелі выйсьці зь лесу, паміраюць пераважна ад хваробаў сардэчна-судзіннай сыстэмы. Дзіўна, як дзеці і ўнукі выпускаюць 80-гадовых старых па адным, без аніякага суправаджэньня і без мабільных тэлефонаў», — сказаў Дзьмітры Крукаў.

Пошукі Максіма Мархалюка працягваюцца

Як паведаміў сёньня Сяргей Куляшоў, дагэтуль працягваецца пошук школьніка Максіма Мархалюка, які летась зьнік у Белавескай пушчы.

Як тысячы беларусаў шукаюць 10-гадовага хлопчыка ў Белавескай пушчы (ВІДЭА)
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:08 0:00

16 верасьня 2017 году 11-гадовы Максім Мархалюк пайшоў з дому ў Сьвіслацкім раёне. Хлопца шукалі і праваахоўнікі, і ратаўнікі, і тысячы валянтэраў, некалькі тысяч чалавек былі апытаныя ў рамках крымінальнай вэрсіі. Сьледчыя дзеяньні не прынесьлі посьпеху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG