У сераду міністры абароны Эстоніі, Латвіі і Даніі падпісалі ў якасьці асноўных удзельнікаў заяву аб стварэньні камандаваньня шматнацыянальнай Паўночнай дывізіі, у якасьці краін-удзельніц заяву таксама падпісалі міністры абароны Канады, Вялікабрытаніі і Літвы, паведаміла выданьне Рostimees са спасылкай на міністэрства абароны Эстоніі.
«Гэта натуральны крок па ўмацаваньні NATO — сказаў міністар абароны Эстоніі Юры Луйк. — Калі на саміце ва Ўэльсе саюзьнікі вырашылі стварыць штабныя элемэнты NATO, а ў Варшаве вырашылі разьмясьціць у Балтыйскіх краінах і Польшчы баявыя групы саюзьнікаў, то зараз мы зможам казаць пра цэласны вайсковы штаб, сфакусаваны на Латвіі і Эстоніі».
Памер штабу шматнацыянальнай Паўночнай дывізіі і падразьдзяленьняў падтрымкі складзе каля 300 чалавек. Штаб дывізіі будзе падпарадкоўвацца разьмешчанаму ў Шчэціне (Польшча) штабу Паўночна-усходняга корпусу. Штаб прыступіць да працы ў верасьні сёлета і, як плянуецца, дасягне поўнага апэратыўнага патэнцыялу ў сярэдзіне 2020 году.
У доўгатэрміновыя пляны ўваходзіць удзел у працы штабу ўсіх саюзьнікаў па NATO, чые баявыя групы разьмешчаныя ў Балтыйскіх краінах і Польшчы.
«Рэгіён Балтыйскага мора цяпер адзін з самых прыступных у NATO і важна, каб структура камандаваньня альянсу адпавядала рэальным пагрозам, а саюз NATO быў здольны пры неабходнасьці кіраваць буйнамаштабнымі апэрацыямі па калектыўнай абароне» — сказаў Луйк.
Дывізія звычайна складаецца з 2-4 падразьдзяленьняў памеру брыгады і розных падразьдзяленьняў падтрымкі, наступны за ёй узровень камандаваньня — корпус.