Гішпанскі футбольны гранд «Рэал» (Мадрыд) пацьвердзіў, што партугалец Крыштыяну Раналду пакідае каралеўскі клюб і пераходзіць у італьянскі «Ювэнтус», завяршыўшы дзевяцігадовы пэрыяд знаходжаньня ў складзе «вяршковых». Пра гэта ўвечары 10 ліпеня паведамляе агенцтва АР і іншыя крыніцы.
Кантракт падпісаны на 4 гады — да чэрвеня 2022 году.
Цяпер 33-гадовы Раналду адпачывае ў Грэцыі пасьля таго, як яго каманда, зборная Партугаліі, пакінула Чэмпіянат сьвету. Прэзыдэнт «Ювэнтусу» Андрэа Аньелі вылецеў у аўторак на сустрэчу зь пяціразовым уладальнікам «Залатога мяча» — узнагароды найлепшаму футбалісту плянэты.
Раналду перайшоў у склад мадрыдцаў ў 2009 годзе з ангельскага «Манчэстэр Юнайтэд» і стаў галоўным бамбардзірам гішпанскага клюбу, забіўшы 451 гол у 438 матчах. Ён дапамог клюбу выйграць чатыры тытулы Лігі чэмпіёнаў, а таксама па два разы выйграў чэмпіянат і кубак Гішпаніі.